Вы тут

У Вязынцы пад Мінскам рэканструявалі ўчастак савецка-польскай мяжы


Невялікі мост на шляху да Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка Вязынка стаў мінулай нядзеляй мостам у далёкія часы: на зялёных берагах з амаль стагадовай даўніны з'явіліся ўмацаванні з кулямётамі, праход прыпынілі тагачасныя памежнікі са зброяй. Каля радыёстанцыі завіхаўся сувязіст, а непадалёку са старога патэфона даносіліся даваенныя мелодыі...


— Калісьці Янка Купала праз бінокль пагранічнікаў разглядаў мясціны, дзе ён нарадзіўся, якія апынуліся «пад Польшчай», — расказаў мне кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў. Такім чынам навуковец растлумачыў, чаму месца для відовішчнай гістарычнай рэканструкцыі ўчастка дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай і СССР выбралі менавіта бліз дома-музея народнага песняра ў Вязынцы.

З 1921-га да 1939 года дзяржаўная мяжа, што аддзяліла Заходнюю Беларусь ад Савецкай рэспублікі, праходзіла зусім недалёка ад Мінска. Гістарычная рэканструкцыя, адным з арганізатараў якой стаў Ігар Мельнікаў, нагадала аб гэтым.

Вайсковае адзенне, у якое былі апранутыя ўдзельнікі паказу, поўнасцю адпавядае ўзорам, зафіксаваным на архіўных фотаздымках. Што датычыцца зброі, то самыя дасканалыя на той час вінтоўкі, карабіны, кулямёты, наганы — усё гэта драўлянае, па-майстэрску скапіяванае і адпаведна пафарбаванае.

Самым цікавым момантам стаў тэатралізаваны праход гледачоў праз рэканструяваныя пункты пропуску.

Гістарычны фэст-рэканструкцыя стаў яскравым дапаўненнем да эстафеты святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-гадоваму юбілею пагранічнай службы Беларусі.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Каментары

Дзякуй вялікі за выдатны рэпартаж! Мы там былі. Ігар Мельнікаў - таленавіты гісторык і фэст зрабіў вельмі цікавы. Нам з сям'ёй вельмі спадабалася. Па болей бы такіх імпрэз. Спадзяюся, што зараз гэты фэст стане рэгулярным.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.