Зберагчы час, пазбегнуць недакладнасцяў і спрасціць працэс рэгістрацыі — усё гэта змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй». Новаўвядзенні ўступілі ў сілу літаральна ўчора, роўна праз 16 гадоў пасля з'яўлення самога закона. У новую рэдакцыю, напрыклад, уводзіцца паняцце «электронная копія дакумента на папяровым носьбіце», мяняецца азначэнне «змяненне мяжы зямельнага ўчастка», удакладняюцца патрабаванні аб неабходнасці легалізаваць, перакладаць на беларускую ці рускую мову і сведчыць у натарыуса дакументы па рэгістрацыі, якія былі складзены за мяжой. «Звязда» разабралася ў нюансах, якія зацікавяць і сённяшніх, і патэнцыйных уласнікаў нерухомасці.
Маёмасныя павераныя
Як кажуць спецыялісты, змены абумоўлены агульнымі тэндэнцыямі ў беларускім заканадаўстве, якія датычацца развіцця лічбавых і інфармацыйных тэхналогій, а таксама развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы разам з дэбюракратызацыяй.
Адно з самых значных новаўвядзенняў закона — з'яўленне інстытута аўтарызаваных пасрэднікаў, якое дасць грамадзянам і юрыдычным асобам дадатковыя магчымасці. Гэтыя суб'екты возьмуць на сябе клопаты па падрыхтоўцы дакументаў для рэгістрацыі. Чалавеку не прыйдзецца атрымліваць дакументы на нерухомасць, звяртацца да рэгістратара, яшчэ раз ісці ў БТІ, стаяць у чэргах, хадзіць аплачваць паслугі...
Хоць, як і раней, рэгістраваць нерухомасць будуць упаўнаважаныя на гэта рэгістратары арганізацый па нерухомасці, аўтарызаваныя пасрэднікі змогуць займацца некаторымі іншымі, звязанымі з працэдурай дзеяннямі. Напрыклад, складаць заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі, рыхтаваць дакумент аб унясенні адзнак і выпраўленняў у рэгістр нерухомасці, збіраць іншыя афіцыйныя паперы, рабіць іх копіі, накіроўваць паперы рэгістратару.
Быць пасрэднікам могуць суб'екты, якія найбольш часта працуюць з нерухомасцю: натарыусы, адвакаты, рыэлтары і нават забудоўшчыкі.
— Каб зарэгістраваць, напрыклад, узнікненне правоў на нерухомасць, павінны быць дакументы, якія стануць падставай для гэтага. Тая ж даведка ад забудоўшчыка аб прыналежнасці чалавеку кватэры. Стаўшы пасрэднікамі, адпаведныя арганізацыі змогуць адразу аказваць грамадзянам комплексную паслугу, — растлумачыў юрыст Сяргей ЕЛІСЕЕЎ. — Шляхам электроннага ўзаемадзеяння яны накіруюць патрэбныя паперы рэгістратару і аддадуць чалавеку гатовы дакумент аб рэгістрацыі. Гэта выгадна ўсім. Чалавек не згубіць час, абыходзячы ўсе інстанцыі, рэгістратары ўздыхнуць лягчэй, бо ў іх вельмі вялікая загружанасць, асабліва ў сталіцы. А пасрэднік зможа такім чынам зарабіць дадатковыя грошы.
Цану на пасрэдніцкія паслугі, на думку эксперта, будуць вызначаць самі пасрэднікі, аднак наўрад ці гэта будуць надта вялікія сумы. Дзейнасць аўтарызаваных пасрэднікаў і, магчыма, у тым ліку і кошт паслуг, будзе рэгламентавацца адпаведнай інструкцыяй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі.
Сведчыш — дзе жывеш, рэгіструеш — дзе набыў дом
Экстэрытарыяльнасць — яшчэ адно новаўвядзенне Закона. З 22 ліпеня засведчваць дакументы аб здзелцы з нерухомасцю, якія патрэбны для рэгістрацыі, можна ў любой арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці па жаданні чалавека, а не як раней — толькі ў арганізацыі па месцы знаходжання нерухомасці. А вось рэгістраваць яе па-ранейшаму трэба толькі ў рэгіструючых органах па месцы знаходжання маёмасці.
— Калі мінчанін набывае кватэру, напрыклад, у Віцебску, ён разам з прадаўцом можа пайсці да рэгістратара ў сталіцы і засведчыць дагавор пакупкі. А ўжо потым даслаць яго рэгістратару ў Віцебску. Гэта можна зрабіць самастойна або заказаць дадатковую паслугу ў той жа арганізацыі, дзе засведчывалі дагавор пакупкі. І сталічны рэгістратар накіруе дакумент рэгістратару ў Віцебску. Гэта эканоміць і час, і грошы, бо чалавеку не трэба самому выязджаць па месцы знаходжання дома, і ён не сутыкнецца з тым, што рэгістрацыйнае бюро раптам будзе зачынена. У маленькіх гарадках яно можа працаваць увогуле раз на тыдзень, — падкрэсліў плюсы экстэрытарыяльнасці юрыст. — Гэтая норма карысная менавіта звычайным грамадзянам. Суб'ектам гаспадарання, якія праводзяць здзелкі з нерухомасцю, у прынцыпе не трэба было сведчыць дагаворы, а толькі рэгістраваць іх.
Акрамя таго, на дакументах для дзяржаўнай рэгістрацыі здзелкі з нерухомасцю, якая заключаецца юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і дзяржаўнымі органамі, пячатка цяпер увогуле непатрэбная. Такое рашэнне, пэўна, звязана з Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які дазваляе суб'ектам гаспадарання не выкарыстоўваць пячаткі, лічаць эксперты.
Пяць дзён замест тыдня
Мяняюцца таксама тэрміны працэдуры рэгістрацыі. З 22 ліпеня рэгістраваць нерухомасць будуць на працягу пяці працоўных дзён з дня прыёму дакументаў. Да гэтага рэгістрацыя магла адбывацца на працягу сямі працоўных дзён з дня падачы дакументаў. Як і раней, паскорана за дадатковую плату зрабіць гэта можна за два дні, а тэрмінова — за дзень.
Змяніўся і час для прадстаўлення дадатковых звестак дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржарганізацыямі, неабходных для дзейнасці рэгістратараў.
— Тэрмін адказу на гэты запыт цяпер складае пяць працоўных дзён замест сямі каляндарных, — дадаў юрыст.
Каб дакладна зразумець дзеянне гэтых і іншых новаўвядзенняў закона, лепш усё ж кансультавацца са спецыялістамі, бо нейкія асобныя моманты самастойна ў дакуменце можна і не заўважыць.
Ірына СІДАРОК
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.