Яўген Перлін — не толькі вядучы ранішніх навін і праграмы «Добрай раніцы, Беларусь» на тэлеканале «Беларусь-1», а яшчэ і шоўмен, дыктар афіцыйных мерапрыемстваў, каментатар «Еўрабачання» і аўтар блога ў «Інстаграме», дзе сабраў больш за 17 тысяч падпісчыкаў. Ён падзяліўся сакрэтамі поспеху ў медыясферы, расказаў, як змяніць свае адносіны да работы і ў якіх выпадках варта мяняць саму работу, паведаў, ці ёсць сакрэт перамогі на «Еўрабачанні» і аб сяброўстве з зоркамі эстрады і спорту.
Пра рамантыку і прагматыкаў
— Яўген, вы зараз вельмі запатрабаваны. Прыходзіш на стадыён «Дынама» на лёгкаатлетычны турнір — вы вядучы, на фінал міжнароднага конкурсу «Каралева вясна» — вы ў журы...
— Сам адчуваю, што апошнім часам мяне шмат. Але мне гэта цікава, прычым быць не ў цэнтры ўвагі і сябе паказаць, а стаць сведкам разнастайных шоу, падзей. Я мог бы адмовіцца ад паловы мерапрыемстваў, куды мяне запрашаюць у якасці госця. Але мне гэта падабаецца, хоць і не адношу сябе да людзей, якіх лёгка чымсьці ўразіць.
— Калі назіраеш на вашай старонцы ў сацыяльных сетках найпрыгажэйшыя фотаздымкі мінскіх світанняў, складваецца ўражанне, што вы рамантык, але там жа вы дзейнічаеце як прагматык: рэкламуеце кватэры ў адным з жылых комплексаў, матрацы вядомай маркі...
— Я прагматык і рэаліст. Любую інфармацыю я тут жа падвяргаю сумненню, ва ўсім імкнуся знайсці логіку, тлумачэнне. Але ёсць моманты, якія чапляюць, — тыя ж світанні. Большая частка мінчан і беларусаў не бачаць іх менавіта такімі, якімі бачу я а чацвёртай гадзіне раніцы, калі збіраюся на работу.
— Колькі разоў на тыдзень даводзіцца так рана прачынацца? Як тады праходзіць ваш дзень?
— Пяць дзён з сямі. Калі браць мой ранейшы вопыт работы на радыё, а там таксама была ранішняя перадача, праўда, уставаў крыху пазней, а палове шостай, то ўжо 11 гадоў я жыву ў такім рытме. Цяпер у праграме «Добрай раніцы, Беларусь» у мяне чатыры працоўныя гадзіны. Калі ў гэты дзень я вяду яшчэ і ранішнія навіны, атрымліваецца паўнавартасная 8-гадзінная рабочая змена. Толькі заканчваецца яна ў мяне ў абед. Днём стараюся знаходзіць гадзіны дзве, каб паспаць. Увечары звычайна разнастайныя мерапрыемствы, сустрэчы з сябрамі. Калі дзесьці з графіка выбіўся, не паспеў паспаць, то астатак дня прыйдзецца мучыцца. Таму звычайна ўсё распісана па хвілінах.
У апошнія гады вучобы ў школе я, дарэчы, думаў, што я — сава. А калі прапанавалі работу на радыё, перастроіўся. Калі ёсць цікавасць да справы, якой займаешся, лёгка прачынацца. Прапусціць, паваляцца ў ложку, патэлефанаваць і сказаць, што захварэў, — такога жадання ў мяне ні разу не ўзнікала. Галоўнае, знаходзіць потым час на адпачынак. Шмат людзей, якія скардзяцца, што не хочуць ісці на работу. Выканаць сваю частку справы і астатняе мяне не турбуе — гэта няправільны падыход. Трэба праяўляць крыху больш ініцыятывы, рабіць трохі болей, чым ты павінен, дзеля таго каб у выніку атрымаўся добры прадукт, то будзеш зацікаўлены і ўцягнуты ў працэс. Калі гэты метад не дапамагае, трэба мяняць работу. Я перажываю не толькі за свае праграмы, тэлефаную калегам, калі заўважыў, што нешта ў эфіры пайшло не так, прапаную, як можна выправіць.
Пра «Інстаграм» і сяброўства з Кіркоравым
— У «Інстаграме» ў вас вялікая аўдыторыя — больш за 17,6 тысячы падпісчыкаў. Не заўважалі за сабой залежнасці ад сацыяльных сетак, калі штодзень хочацца нешта посціць?
— Толькі нядаўна ў мяне з'явіўся графік рэкламных публікацый, і я перыядычна нешта выкладваю і тлумачу. Дарэчы, ёсць шмат чаго, што рэкламаваць я не адважваюся, — ты ж падпісваешся пад прадуктам, які прапануеш. Дарэчы, у згаданай рэкламе матрацаў мне прапанавалі даследаваць якасць майго сну з дапамогай спецыяльных датчыкаў. Высветлілася, што сон вельмі моцны, што і не дзіўна. Калі спіш чатыры гадзіны, арганізм проста выключаецца.
— Ваша работа на тэлебачанні не звязана са спортам. Як вы апынуліся на сёлетніх Алімпійскіх гульнях?
— Ад спорту я быў сапраўды вельмі далёкі. Вось і зараз, на лёгкаатлетычным турніры падчас адкрыцця стадыёна «Дынама», для мяне стала нечаканасцю, што ўсё віды ідуць сінхронна. Затое, калі не цікавае штурханне, можаш сачыць, напрыклад, за скачкамі ці бегам. А да Алімпіяды давялося сур'ёзна рыхтавацца. Я за паўгода даведаўся, што мяне туды адпраўляе кіраўніцтва. Пачаў чытаць пра алімпійскія віды спорту, сачыць за этапамі Кубка свету, дзе адбіраліся нашы спартсмены. Але 60—70 % маіх сюжэтаў — каляалімпійская тэматыка, а не спаборніцтвы. Гэта цудоўны вопыт, журналіст павінен быць універсальны. Сярод маіх добрых знаёмых, дарэчы, ёсць спартсмены, напрыклад Аліна Талай, — мы з ёй у адной камандзе, якая створана для папулярызацыі марафону.
— Працягнеце ў ёй удзельнічаць?
— Так, нашы штогадовыя трэніроўкі хутка адновяцца. Люблю гэты перыяд перад паўмарафонам і сам паўмарафон. Але бег — не зусім маё. Больш падабаюцца гульнявыя віды спорту і вялікі тэніс.
— Яўген, навошта вы фатаграфуецеся і выкладваеце ў сеціва здымкі з Мікалаем Баскавым, Філіпам Кіркоравым, Аляксандрам Саладухам?
— Каб даць гледачу адчуванне таго, што адбываецца па-за кадрам, па-за сцэнай, эмоцыі, якія яны не бачаць. Гэта датычыць тэлевізійных праектаў, асабліва «Еўрабачання». Гэта не спосаб самасцвярджэння, мне падабаецца дзяліцца эмоцыямі, калі людзі ўцягваюцца, удзельнічаюць. Калі напярэдадні таго ж «Еўрабачання» на працягу тыдня ты расказваеш, якія людзі міма цябе праходзяць, якія мікрафоны будуць у выканаўцаў, як збіваюцца артысты падчас паўзаў, розныя сакрэты, то інтарэс падаграваецца, гледачы чакаюць гэта шоу.
А з Філіпам Кіркоравым, дарэчы, пасля «Еўрабачання» мы добра пазнаёміліся. Цяпер перапісваемся, у «Інстаграме» абменьваемся відэа, я скідваю, як у нас адрываюцца на мерапрыемствах пад яго «Цвет настроения синий».
Пра «Еўрабачанне» і «Славянскі базар»
— Вы пабывалі на шасці «Еўрабачаннях». Зразумелі, як яго выйграць?
— Такое пытанне я задаваў генеральнаму прадзюсару конкурсу. І ён сказаў, што сакрэт ёсць, але не раскрыў яго. Ведаеце, нават калі ты знаходзішся ў цэнтры падзей «Еўрабачання», табе не адкрываецца нешта асаблівае. Але відавочна, што гэта заўсёды піяр, гісторыя, якая добра прадаецца, і глядач на яе вядзецца. Проста песні і шоу сёння недастаткова. Сёлета Нэту везлі мінімум як фаварытку, Сальвадора летась — адназначна як пераможца. Вакол спевака ствараецца атмасфера, у якой яго пачынаюць успрымаць. На жаль, беларусы не ствараюць песню-пераможцу. У Нарвегіі, не самай музыкальнай нацыі, тысячу заявак прыходзіць на нацыянальны адбор, а ў нас — сотня. Зразумела, што з тысячы лягчэй выбраць. На наш нацыянальны адбор часам прадстаўляюць такія песні, якія на «Еўрабачанні» нават прагучаць не могуць.
— Пазнаёміць гледачоў і падпісчыкаў з атмасферай свята вы імкнуліся мінулым летам на «Славянскім базары». Чаму гэта ідэя не прыжылася?
— На той момант у Белтэлерадыёкампаніі была рэкордная колькасць праглядаў у сацыяльных сетках. І я прапанаваў кіраўніцтву, што магу паказаць «Славянскі базар» не такім, якім прызвычаіліся яго бачыць. Хацелася перадаць закулісную атмасферу, расказаць, пра што думаюць артысты, як хвалююцца перад выхадам. Аказалася, што амаль на палову канцэртаў уваход нам забаронены. Каб за кулісамі не было журналістаў, патрабавала не дырэкцыя фестывалю, а арганізатары канцэртаў... Таму сёлета я вырашыў не ехаць. Хоць на тым жа «Еўрабачанні» акрэдытуюць нават блогераў, якія вядуць невялікую старонку, а нацыянальныя каналы ўвогуле могуць знаходзіцца амаль ўсюды.
— Нягледзячы на частыя камандзіроўкі, ведаю, што не адмовілі сабе ў задавальненні завесці кошку...
— ...абісінскай пароды, яе калега парэкамендавала, ведаючы мой рытм. Я спачатку не паверыў, што яна падстройваецца пад жыццё гаспадара. Аказалася, што так: прыходзіш дадому, садзішся за стол паесці, яна садзіцца побач. Гуляе, калі я гляджу тэлевізар, спіць, толькі калі і я сплю. Раніцай, калі ў мяне звоніць будзільнік, і яна бачыць, што я яшчэ сплю, пачынае будзіць. Мой ад'езд неяк адразу адчувае. Вельмі нервуецца, калі бачыць пусты раскрыты чамадан, які я мушу збіраць, хоць і гуляе з ім.
Алена КРАВЕЦ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.