Вы тут

Нарыхтоўка чарніц вырасла ў 6 разоў, а агрэсту — у 11


Сёлетні нарыхтоўчы сезон для Белкаапсаюза складваецца ўдала. Ужо закуплена 1,6 тысячы тон чарніц — гэта ў шэсць разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. Мяркуючы па ўмовах надвор'я, чарніцы (разам з дурніцамі) пратрымаюцца да жніўня.


Што датычыцца костачкавых культур (чарэшні, вішні, алычы), то іх прымаць пачалі толькі паўтара тыдня таму, але ўжо нарыхтавана 156 тон (у 1,3 раза больш за мінулагодні аб'ём). Садовых суніц закуплена 1070 тон (на 11 % больш за ўзровень 2017 года), з якіх 590 тон таварных ягад, чырвоных і чорных парэчак — 1113 тон (плюс 20 %), малін — 25 тон (плюс 10 %), агрэсту — З0 тон (у 10,8 раза больш за леташні паказчык).

На закупачныя цэны садовых ягад уплываюць перапрацоўчыя прадпрыемствы, а вось цэны на дзікарослую прадукцыю ў многім вызначаюць экспарцёры.

Цяпер спажыўтаварыствы прымаюць у насельніцтва і рэалізуюць грыбы, маладую бульбу, агуркі, таматы, капусту. У краіне адкрыта 750 прыёма-нарыхтоўчых пунктаў. Закупкі вядуць таксама больш за пяць тысяч крам. У кожным раёне працуе ад трох да дзесяці мабільных пазаштатных нарыхтоўшчыкаў. Каб захоўваць прадукцыю, у сістэме кааперацыі ёсць 297 халадзільных установак агульным аб'ёмам 6,4 тысячы тон. Плюс працуе дзве лініі шокавай замарозкі.

Куды далей ідзе закупленая садавіна і гародніна? 60 % бульбы, напрыклад, рэалізуецца ў рознічнай гандлёвай сетцы і на рынках, 3—5 % адпраўляюць на прамысловую перапрацоўку, 35 % — на экспарт. Што да астатняй гародніны, то 70 % прадаецца ў розніцу, астатняе — на перапрацоўку. Большасць грыбоў (80—90 %) ідзе на прылаўкі краіны. А вось чарніцы амаль цалкам (90 %) пастаўляюць на экспарт.

Спажыўтаварыствы актыўна супрацоўнічаюць з фермерскімі гаспадаркамі. Заключана 560 дагавораў на аб'ём больш за 20 тысяч тон у асартыменце.

— Для нас гэта плюс, бо фермеры вырабляюць сартавую прадукцыю належнай якасці, якая запатрабавана ў тым ліку і за мяжой, — адзначае начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана СКІНДЭР. — Работа з гаспадаркамі дазволіла павялічыць асартымент прадукцыі, якую яны вырошчваюць. Раней на тэрыторыі Беларусі мала займаліся зяленіўнымі культурамі, а цяпер штогод аб'ем іх рэалізацыі праз сістэму кааперацыі прырастае на 15—20 працэнтаў. Такіх культур мы прадаём звыш 125 тон за год. Гэта велізарны аб'ем, на мой погляд.

А вось з беларускім часнаком пакуль складана. Па словах Аксаны Скіндэр, шэраг фермераў спрабавалі займацца гэтай культурай, але якасныя параметры, якія назіраюцца пры зборы, вельмі складана захаваць у міжсезонны перыяд. Таму ўзімку на прылаўках часцей бачым кітайскі часнок.

Штогод Белкаапсаюз закупляе сельскагаспадарчай, дзікарослай прадукцыі і другасных відаў сыравіны на 250—300 мільёнаў рублёў. Удзельная вага закупак у насельніцтва — 70—80 %. За прадукцыю і сыравіну насельніцтву штогод выплачваецца больш за 70 мільёнаў долараў.

Закупачныя цэны (за кілаграм)

Яблыкі апад — ад 3 да 5 капеек.

Яблыкі таварныя — ад 60 капеек
да 1,2 рубля.

Маліны — ад 1,5 да 2,5 рубля.

Чарніцы — ад 3,5 да 4 рублёў.

Лісічкі — ад 4,5 да 7 рублёў.

Баравікі— ад 5 да 7 рублёў.

Часнок — ад 3,5 да 4 рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ураджайны год

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».