Вы тут

Праявы ўніверсальнага і нацыянальнага ва ўяўным свеце


На пляцоўках Цэнтра сучасных мастацтваў — на праспекце Незалежнасці і вуліцы Някрасава — выстаўляюцца дзве звязаныя паміж сабой экспазіцыі. «Фантастычнае ў сучасным беларускім мастацтве» і «Ірэальнае ў сучасным беларускім мастацтве» — насамрэч аб адным і тым жа, толькі першая выстаўка была сфарміраваная з музейнай калекцыі ЦСМ, а другая запрасіла аўтараў і аддала кожнаму па асобнай зале. Што прыцягальна, дык магчымасць убачыць менавіта беларускі ўяўны свет — з аглядкай на нашу гісторыю, этнаграфію, міфалогію і іншае. З 20 ліпеня дзве вялікія прасторы прысвечаны фантастычнаму з нацыянальным каларытам.


«Ха­та бе­лай чап­лі».

«Калі пачынаць размову пра ірэальнае ў творчасці беларускіх мастакоў, трэба сказаць, што мастацтва само па сабе такім з'яўляецца, таму што зыходзіць з фантазіі аўтараў, — кажа куратар выставак Міхаіл Мірошнікаў. — Акцэнт у гэтых маштабных праектах зроблены на беларускасць: этнаграфію, гісторыю і гістарычную рэканструкцыю, наш менталітэт і беларускую міфалогію. Тут шэраг дахрысціянскіх істот і пантэон паганскіх багоў — лесуны, дамавікі, русалкі, вадзянікі, Пярун, Ярыла некалі насялялі нашы азёры, лясы, балоты і свядомасць беларусаў».

Зверху «Хата белай чаплі» і «Terra іncognіta» Юрыя Падвербнага, якія сярод іншых твораў аўтара выстаўлены ў асобнай зале Цэнтра на Някрасава. Хата становіцца адначасова і слімаком, і лятаючай талеркай. Касмічнае сонца выглядае зрэзам дрэва і складаецца з кастроў. Юрый Падвербны вырас у аўтэнтычным усходнебеларускім асяроддзі — вёсцы Асарэвічы на беразе Дняпра ў чарнобыльскай зоне адсялення. Кажуць, візуальны рад яго твораў якраз адсюль.

«Рыба, што з'яўляецца на шматлікіх творах мастака, увасабляе для яго сімвал скарацечнасці, у беларускія хаты ён змяшчае цэлыя сусветы, яго талент не меншы, чым талент Валерыя Славука, але з-за пэўных жыццёвых абставін ён аказаўся не настолькі раскручаны».

Міхаіл Мірошнікаў кажа, што выстаўкі канцэнтруюцца на вядомых мастаках, прадстаўніках акадэмічнай школы і іх вучнях, і на зразумелых вобразах, маўляў, тут амаль няма супрэматызму, сюррэалізму, абстрактнага экспрэсіянізму. Ключавое слова «амаль» — на праспекце Незалежнасці можна ўбачыць знаёмыя работы Мікалая Селешчука і Георгія Скрыпнічэнкі (без іх у тэме, з якой выступіў Цэнтр сучасных мастацтваў, напэўна, нельга абысціся). У асобнай зале ў Цэнтры на Някрасава выстаўлена Марынка Вярэніч з ліку мастакоў, якія імкнуцца да абстрактнага экспрэсіянізму амаль у чыстым выглядзе.

«Terra іncognіta».

«Работы створаны з улюбёных прылад мастакоў-афарміцеляў 1980-х — стужак, якія яны клеілі пры аздабленні вітрын магазінаў, трэстаў, сталовых і так далей. У Марынкі Вярэніч тыповыя заходнееўрапейскія прыёмы. Яе творчасць з'яўляецца прыкладам віцебскай школы найноўшага часу, якая адрозніваецца ад мінскага акадэмічнага асяроддзя самабытнасцю і дзікаватасцю, не цураецца эксперыментаў, не аглядваецца на прафесараў акадэмічнай школы і заўсёды скіравана на творчасць Марка Шагала, Казіміра Малевіча і іншых вялікіх аўтараў, нейкім чынам звязаных з Віцебскам. Некаторыя з усмешкай называюць гэта мастацтвам віцебскага рэваншу. Апроч гэтага Віцебск і яго мастакі з'яўляюцца бастэонам некамерцыйнага мастацтва».

Выстаўкі таксама носяць некамерцыйны характар: НЦСМ, як дзяржаўная ўстанова, што «прапагандуе» высокае мастацтва і нацыянальныя інтарэсы, не можа павесіць цэннік. Затое, пасля заканчэння работы экспазіцый — на праспекце Незалежнасці выстаўка будзе працаваць да 16 верасня, а на Някрасава да 4 верасня — можна звязацца з аўтарам. Дарэчы.

«Камерцыйнае беларускае мастацтва — гэта непаўторныя лірычны пейзаж і нацюрморт, якія вельмі ахвотна набываюцца багатымі грамадзянамі Расіі і Кітая. Усе пошукі падсвядомасці выдатнымі беларускімі супрэматыстамі, сюррэалістамі, абстрактнымі экспрэсіяністамі ім не патрэбны».

У «фантастычных» выстаўках удзельнічаюць таксама Уладзімір Тоўсцік, «свяціст» Рыгор Іваноў, Генадзь Хацкевіч, Сяргей Крыштаповіч, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, Сяргей Рымашэўскі, Сяргей Парфянок (прычым на абедзвюх пляцоўках — яго ўласныя афорты на Някрасава і работы з музейнай калекцыі на Незалежнасці), цэлы шэраг твораў вядомага графіка Валерыя Славука (вось дзе міфічных істот больш за ўсё), тахелесавец Аляксандр Родзін, Мацвей Басаў, Уладзімір Правідохін, Сяргей Балянок і іншыя.

«Балянок — непаўторны таварыш, які паказвае нават не беларускую школу, а трохі архаічную заходнеўкраінскую, дакладней, львоўскую. Ён і сам вельмі яркая індывідуальнасць, яго цікава выстаўляць. Скрыпнічэнка і Селяшчук — найвядомейшыя прадстаўнікі нашага этнасюррэалізму. Гэта спалучэнне Сальвадора Далі, якога, напэўна, ведаюць нават рабочыя, з беларускай акадэмічнай мастацкай школай. З тым яе адгалінаваннем, якое непарыўна звязана з беларускім адраджэннем і беларускімі менталітэтам, этнаграфіяй, гісторыяй. Гэтыя мастакі звязалі наш фальклор з класічным тыпавым заходнім сюррэалізмам і атрымалі цікавы сплаў».

«Пошукі падсвядомасці» беларускімі мастакамі прыходзяць, гледзячы па выстаўках, да вартых увагі вынікаў: у залах ЦСМ зараз можна ўбачыць надзвычайныя вобразы, істоты, сюжэты, сімвалы і дзіўныя спалучэнні. Пакуль экспазіцыя прадстаўляе фантастычнае і ірэальнае, якімі яны ўяўляюцца беларусам, мы можам казаць пра даволі рэальныя рэчы, як светапогляд, вобраз нашага мыслення і нашае ж мінулае.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».