Вы тут

Чаму прадукты з транстлушчамі лепш не есці


Нядаўна ў Беларусі зрабілі больш жорсткімі патрабаванні да наяўнасці транстлушчаў (трансізамераў тлустых кіслот) у прадуктах харчавання (не больш за 2 %). А ў ЗША, напрыклад, іх увогуле забаранілі выкарыстоўваць і вырабляць. Як транстлушчы з'явіліся ў нашых крамах, якая ім ёсць альтэрнатыва і чым яны небяспечныя, расказала кіраўнік праграмы па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар'я Чумакова.


Транстлушчы — што гэта?

Салодкая выпечка, печыва, чыпсы, паўфабрыкаты — сёння цяжка ўявіць сабе жыццё без гэтых прадуктаў. Яны смачныя, «хуткія» і пажыўныя, таму ўваходзяць у рацыён амаль кожнага беларуса. Аднак далёка не кожны задумваецца, наколькі любімая ежа можа быць небяспечнай. І справа тут не столькі ў колькасці тлушчаў, якія яна змяшчае, колькі ў іх якасці.

— Для харчовай прамысловасці падыходзяць выключна цвёрдыя маслы. Раней для гэтых мэт выкарыстоўвалі тлушчы жывёльнага паходжання (свіны тлушч, сметанковае масла і г. д.).

Аднак з-за свайго кошту гэтыя тлушчы аказаліся не вельмі выгаднымі для вытворцаў, таму яны пачалі шукаць больш танную альтэрнатыву, — расказала эксперт.

І яна была знойдзена ў 1902 годзе хімікам Вільгельмам Норманам. Менавіта ён прапанаваў дадаць да ненасычаных тлустых кіслот вадкіх алеяў і маслаў вадарод, тым самым «насыціць» іх, і зрабіць з вадкага — цвёрдае.

Гэты працэс назвалі гідрагенізацыяй. Даступныя і практычныя — такія тлушчы даволі хутка пачалі распаўсюджвацца.

Што не так з транстлушчамі

Небяспека транстлушчаў заключаецца зусім не ў прыстаўцы «транс» — у ёй няма нічога ненатуральнага. Гэта ўсяго толькі хімічны тэрмін, які паказвае на становішча атамаў вакол ненасычанай сувязі ў малекуле. У вадкіх алеяў ненасычаныя малекулы маюць цысканфігурацыі, трансформы з'яўляюцца пры гідрагенізацыі.

— Да цысформаў наш арганізм ужо прывык, ён ведае, што з імі рабіць. А вось трансформы ўспрымаюцца ўжо як стрэс-фактар: ферментная сістэма не можа распазнаць рэчыва, якое паступіла, печань пачынае выпрацоўваць ліпапратэіны нізкай шчыльнасці, так званы дрэнны халестэрын. Паступова ён збіраецца на сценках крывяносных сасудаў, што можа прывесці да сардэчна-сасудзістых захворванняў і не вельмі добрых вынікаў, — адзначыла Дар'я Чумакова.

Цікава, але транстлушчы бываюць і натуральнага паходжання. Яны ёсць амаль ва ўсіх «масляністых» прадуктах і нават у мацярынскім малацэ. І гэта яшчэ раз пацвярджае неабходнасць уважліва сачыць за тым, што мы спажываем.

— Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе не ўжываць больш за два грамы транстлушчаў у суткі. Таму, калі вы за дзень елі чырвонае мяса, сметанковае масла, пілі малако, то гэта норма цалкам набіраецца, — падкрэсліла спецыяліст. — Аднак так ці іначай з'яўляюцца шакаладкі, батончыкі, замарожаныя паўфабрыкаты. Асабліва, калі вы жывяце ў хуткім рытме. Больш за ўсё гэта крытычна для дзяцей, бо яны з печывам проста неразлучныя сябры.

Як сябе абараніць

Небяспечнасць транстлушчаў ужо не міф. Многія краіны пачынаюць скарачаць іх колькасць у прадуктах. Беларусь не стала выключэннем.
З 1 студзеня 2018 года згодна з Тэхнічным рэгламентам абмежавана дапушчальная наяўнасць транстлушчаў да двух працэнтаў для цвёрдых і вадкіх маргарынаў, для тлушчаў спецыяльнага прызначэння (кандытарскага, кулінарнага, хлебапякарнага, у заменніках малочнага тлушчу, какава-алею). Раней іх колькасць вар'іравалася ад 8 % да 20 %.

Аднак, на жаль, гэта не дае стапрацэнтных гарантый не натрапіць на тавар з транстлушчамі.

Справа ў тым, што ў шматкампанентным складзе вытворцы ўвогуле могуць не называць колькасць транстлушчаў. У гэтым выпадку ёсць толькі адзін выхад — уважліва чытаць састаў.

Небяспечныя тлушчы могуць хавацца за такімі назвамі, як маргарын, спрэд раслінна-сметанковы, тлушч кулінарны, тлушч кандытарскі, тлушч хлебапякарны, заменнік малочнага тлушчу, эквівалент, заменнік альбо паляпшальнік какава-алею.

— Каб засцерагчы сябе, старайцеся выкарыстоўваць тлустых прадуктаў як мага менш. Напрыклад, заўсёды лепш мяса патушыць ці запячы, чым пасмажыць, — падкрэсліла Дар'я Чумакова. — Калі вы любіце выпечку, то выкарыстоўвайце сметанковае масла, а не маргарын, а магазіннымі булачкамі пажадана не злоўжываць, калі вы не ўпэўнены, што дакладна ведаеце, з чаго яны зроблены.

Ці ёсць альтэрнатыва?

Пакуль невядома, чым вытворцы заменяць гідрагенізаваныя маслы. Магчыма, жывёльнымі тлушчамі (што малаверагодна) ці расліннымі алеямі цвёрдымі па сваёй сутнасці — какосавым, пальмавым і г. д. Пра гэта мы даведаемся праз два гады, калі ў ЗША цалкам знікнуць прадукты з транстлушчамі (забарона была ўведзена 18 чэрвеня 2018 года, тэрмін рэалізацыі — два гады).

— Тым не менш заўсёды ёсць рызыка, што новыя рэцэптуры звыклых прадуктаў могуць аказацца не лепшымі за цяперашнія. І на тое, каб забараніць новыя небяспечныя кампаненты ў ежы, спатрэбіцца яшчэ нямала часу, — падкрэсліла Дар'я.

Эксперт назвала яшчэ адну прычыну, па якой нашай краіне і кожнаму з нас, у прыватнасці, трэба сур'ёзна аднесціся да гэтай праблемы. Як ужо было сказана, у некаторых краінах прадукты з транстлушчамі паступова забараняюцца. Гэта значыць, вытворцы такога тавару будуць шукаць іншыя рынкі збыту. І ёсць асцярогі, што такія прадукты прапануюць і нам.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Небяспечны маргарын

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».