Вы тут

Мэты і задачы агучыў новы галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі


У ліпені пасля змены старшыні Беларускай федэрацыі хакея стала вядома, што кіраваць зборнай даверана Андрэю Сідарэнку. Спецыяліст ужо працаваў з галоўнай камандай краіны з 1993-га на працягу трох гадоў. З нагоды свайго вяртання новы рулявы сабраў прэс-канферэнцыю.


Кантракт з Андрэем Сідарэнкам федэрацыя заключыла на год з магчымасцю яго падаўжэння ў тым выпадку, калі трэнер з камандай выканае галоўную задачу: вяртанне ў эліту сусветнага хакея на чэмпіянаце свету — 2019. «Задача няпростая, але будзем старацца», — адзначае Андрэй Міхайлавіч. Трэнер падкрэсліў, што год — гэта невялікі перыяд для таго, каб перабудаваць сістэму, але стварыць каманду, у якой вопыт павінен спалучацца з маладосцю, можна. «Цяпер у зборнай ёсць праблемы па ўсіх гульнявых пазіцыях, але я буду старацца прыцягнуць у яе склад наймацнейшых хакеістаў краіны. Вядома, раней выбар гульцоў быў значна шырэйшы, зараз маем, што маем, — канстатуе Сідарэнка. — Думаю, мая сістэма будзе будавацца пад выканаўцаў, зробім стаўку на камандныя дзеянні. Калі мы разам — немагчымае магчыма. Гэта павінна стаць дэвізам зборнай».

Адной з самых вострых тэм у фарміраванні складу апошнім часам стала адмова гульцоў выступаць за нацыянальную каманду. «Да канца жніўня павінен вызначыцца статус беларускіх хакеістаў у Кантынентальнай хакейнай лізе. Вырашыцца, ці будуць яны легіянерамі, з-за гэтага іх рашэнні могуць змяніцца. Калі я яшчэ сам быў гульцом і выступаў за зборную СССР, для нас было гонарам гуляць за зборную, хацелася б такіх адносін і ад сучасных хакеістаў». Андрэй Міхайлавіч таксама падкрэсліў, што для гульцоў, якія раней адмовіліся выступаць за нацыянальную каманду, дзверы ў зборную не зачыненыя.

Галоўны трэнер адзначыў, што па-ранейшаму засталіся пытанні ў адносінах зборнай і ХК «Дынама». Ён расказаў, што ўжо звязваўся з кіраўніцтвам мінскага клуба, наперадзе асабістая сустрэча з трэнерам «зуброў» Гордзі Дуайерам, на якой трэба будзе абмеркаваць ролю беларусаў у «Дынама». «Вядома, мне хацелася б, каб нашы хлопцы атрымлівалі больш даверу і як мага больш гульнявога часу ў КХЛ, гэта вельмі важна для зборнай», — адзначае Андрэй Міхайлавіч.

Таксама ў хуткім часе ў федэрацыі хакея адбудзецца трэнерскі савет, дзе ў настаўніка зборнай будзе магчымасць абмеркаваць рэформы, якія адбыліся ў чэмпіянаце Беларусі. Андрэй Сідарэнка адзначыў, што плануе ўвесь час знаходзіцца ў краіне, таму ў яго будзе магчымасць на працягу ўсяго сезона сачыць за хакеістамі і ў КХЛ, і ў мясцовым чэмпіянаце.

Што датычыцца фарміравання трэнерскага штаба зборнай, ужо вядома, што дапамагаць Сідарэнку будзе Дзмітрый Краўчанка, ён жа будзе кіраваць маладзёжнай зборнай Беларусі (U-20). «У мой трэнерскі штаб таксама абавязкова ўвойдзе хто-небудзь з трэнераў «Дынама», таму што кандыдатаў у зборную з гэтага клуба ў нас шмат. Краўчанка будзе адказваць за атаку, трэнер варатароў таксама абавязкова з'явіцца. пакуль думаю, хто ім можа стаць. Планую запрашаць спецыялістаў з беларускіх клубаў і бліжэй да чэмпіянату свету вызначуся з кандыдатурай», — рэзюмуе Сідарэнка.

Найбліжэйшы збор у нацыянальнай каманды пройдзе падчас лістападаўскай паўзы, магчыма, у гэты час Беларусі ўдасца правесці Еўратур. У снежні планаваўся турнір у Славеніі, але ў федэрацыю паступіла запрашэнне і ад славакаў, таму з сапернікам беларускі бок яшчэ не вызначыўся. У лютым падапечныя Андрэя Сідарэнкі адправяцца на таварыскія матчы ў Нарвегію, а ў красавіку, напярэдадні чэмпіянату свету ў дывізіёне І, згуляюць чатыры матчы са зборнымі Літвы і Венгрыі. «Каляндар быў створаны яшчэ да майго прыходу на пасаду галоўнага трэнера, у мяне ёсць пытанні і да дат, і да падбору сапернікаў. Хацелася б згуляць як мага больш матчаў перад чэмпіянатам свету».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Калі мы разам — немагчымае магчыма»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.