Вы тут

Ці ёсць будучыня ў айчыннай філатэліі?


Першая паштовая марка з'явілася ў 1840 годзе. І практычна адразу ж з'явіліся людзі, якія пачалі іх калекцыянаваць. З цягам часу іх інтарэсы распаўсюдзіліся на канверты, наклейкі, адбіткі штэмпеляў... Філатэлія была вельмі папулярная за савецкім часам. Але наколькі захоўваецца да яе цікавасць сёння? Аб гэтым мы распыталі старшыню прэзідыума праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз філатэлістаў» Сяргея Піліповіча.


— Ці можна назваць філатэлію навукай?

— Такі падыход заўжды існуе. Справа ў тым, што маркі, канверты, паштоўкі, якія калекцыянуюць філатэлісты, адначасова з'яўляюцца і дакументамі гісторыі. Паштовы штэмпель на марцы, канверце дае прывязку па часе, дакументуючы ліст або тэлеграму. І для таго, каб правільна ідэнтыфікаваць пэўнае паштовае адпраўленне, часам даводзіцца праводзіць шмат часу ў бібліятэках, архіве. Не ўсе ж акалічнасці гісторыі дагэтуль шырока вядомыя.

Напрыклад, пры складанні калекцыі па гісторыі пошты Беларусі 1914—1920 гадоў часам вельмі складана вызначыць, кім, калі і з якой мясцовасці быў дасланы ліст. Штэмпель і дата стаяць. А хто менавіта там быў у гэты час — царскія войскі, савецкія, польскія, нямецкія — вялікае пытанне. Тыя ж палякі і немцы зрэдку вазілі з сабой свае штэмпелі, але часцей за ўсё яны проста прыходзілі на пошту і карысталіся той гаспадаркай, якая там заставалася. Іх змянялі новыя гаспадары, і працэс ішоў па крузе.

Ці вось узяць тэматычную філатэлію. Для таго, каб правільна класіфікаваць птушак, звяроў, трэба таксама пагрузіцца ў літаратуру і даследаванні. І па вялікім рахунку гэта мяжуе з навукай.

— Наколькі ў нас распаўсюджаны выданні па філатэліі?

— Спецыялізаваных часопісаў у нашай краіне няма. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што колькасць філатэлістаў у таварыстве невялікая. Зараз па ўсёй Беларусі ў нашых шэрагах прыкладна 200—250 чалавек. Хоць «Веснік сувязі» вядзе старонку, дзе намеснік старшыні Леў Коласаў перыядычна публікуе артыкулы на працягу шэрагу гадоў. І гэта можна лічыць беларускім выданнем па філатэліі. У Расіі ёсць штомесячны навукова-папулярны часопіс «Філатэлія», які з'яўляецца нашчадкам выдання «Філатэлія СССР». Пачынаючы з 1966 года, калі было створана таварыства, часопіс выходзіць стабільна. Часопіс «Калекцыянер» выходзіць раз на год. Ён больш спецыялізаваны, там друкуюцца сур'ёзныя даследчыцкія артыкулы. Але там, акрамя філатэліі, разглядаецца яшчэ і нумізматыка. Ва Украіне быў цікавы, добра ілюстраваны часопіс «Рус», прысвечаны расійскай і ўкраінскай філатэліі. Выйшла недзе нумароў адзінаццаць, але некалькі гадоў таму выпуск быў часова прыпынены. Таксама існуе шэраг каталогаў на розныя тэмы — савецкіх марак, сучасных расійскіх. Ёсць і каталог марак Беларусі, якія пачалі выпускацца ў нас з 1992 года, і яны таксама з'яўляюцца аб'ектамі калекцыянавання. Літаратуры шмат, і яна зараз больш даступная, чым калі я пачынаў — паўстагоддзя таму.

— Што вас натхніла на тое, каб заняцца філатэліяй?

— Бацька быў у камандзіроўцы ў ЗША і прывёз адтуль некалькі пакетаў з маркамі. У нас у школе многія збіралі маркі, мы мяняліся імі, гулялі... У мяне была мэта сабраць маркі ўсіх краін свету. У гэтым дапамагалі клубы філатэлістаў, куды я пачаў хадзіць у 1970-я гады. У Мінск тады прыязджалі па 500—1000 чалавек з усяго Саюза. Ва ўсіх былі альбомы — і можаце сабе ўявіць, які быў выбар. І колькасць калекцыянераў была ў разы вышэйшая, чым цяпер. Збіранне марак з усіх краін свету вельмі дапамагло ў школе. Я мог з закрытымі вачыма паказаць на карце свету любую дзяржаву, ведаў усе сталіцы. І быў стымул шукаць маркі далей, каб закрыць «белыя плямы». Канешне, паколькі краін вельмі шмат, а тады былі яшчэ і калоніі ў Афрыцы і на Ціхім акіяне, то калекцыю ўдалося сабраць вялікую. Затым пачаў збіраць маркі СССР, пасля — Беларусі. Зацікавіўся і лістамі, і адбіткамі штэмпеляў, і канвертамі.

— Што ўплывае на рэдкасць маркі?

— Напрыклад, паліграфічны брак. У ідэале ён не мусіць выходзіць за сцены друкарні, паколькі ў ёй прысутнічае чалавек, які робіць выбракоўку тыражу. Але зноў жа, славуты чалавечы фактар: замылілася вока, кантралёр дзесьці недагледзеў — і такая марка з дэфектам выходзіць у вялікі свет.

Існуе шэраг вядомых у свеце марак, якія напачатку нават прайшлі незаўважанымі калекцыянерамі. Напрыклад, марка Брытанскай Гвіяны — былой калоніі Вялікабрытаніі ў Паўднёвай Амерыцы. У яе вельмі цікавая гісторыя. Яна была выпушчана ў свет ажно ў 1856 годзе. У Гвіяну тады павінны былі прыйсці маркі марскім шляхам з метраполіі, але чамусьці карабель своечасова так і не даплыў. Таму мясцовая друкарня пачала друкаваць саматужныя маркі. Мясцовы паштмайстар даў загад, як павінна выглядаць марка, але ў друкарні вырашылі дадаць выяву парусніка. Такая «самадзейнасць» паштмайстру не спадабалася, і ён даў загад усю карэспандэнцыю з наклеенымі маркамі падпісваць ад рукі.

Праз некалькі гадоў марку з аўтографам знайшоў 12-гадовы школьнік сярод лістоў свайго дзядзькі. Зазірнуў у каталог — а там яе няма. І вырашыў прадаць знаёмаму калекцыянеру за суму, якая ў пераліку на цяперашнія грошы не перавышае трох долараў ЗША. Ведаў бы ён, што цяпер яе кошт перавысіў ужо дзевяць з паловай мільёнаў долараў! А прычына простая — «нефарматная» марка вядомая ўсяго ў адным экзэмпляры.

Ці вось калі прыгадаць так званую «Лімонку». Так філатэлісты празвалі марку лімонна-жоўтага колеру, якая была выпушчана ў СССР у 1925 годзе. На ёй адлюстраваны селянін і пазначаны намінал — 15 капеек золатам. Асаблівасць яе ў тым, што калі друкаваўся выпуск, зламаўся перфарацыйны станок. Кіраўніцтва Дзяржзнака вырашыла не перарабляць тыраж, паколькі ён быў вельмі малы і да таго ж прызначаўся для адпраўкі ў аддаленыя мясцовасці СССР. А калі калекцыянеры спахапіліся, што гэта марка крыху адрозніваецца ад астатніх, то практычна ўвесь тыраж быў выкарыстаны па прызначэнні. Таму цяпер непагашаная «Лімонка» лічыцца вельмі рэдкай маркай.

Нядаўна была знаходка — адна з марак серыі «Курорт» 1949 года. Раптам высветлілася, што яна была надрукавана з іншым растрам — структурай выявы. І пакуль вядома толькі некалькі марак гэтай серыі.

— Ці сустракаюцца маркі з перавёрнутымі выявамі ці надпісамі?

— Хутчэй, гэта датычыцца наддруковак. Напрыклад, мяняецца паштовы тарыф. А вялікі тыраж са старым наміналам застаецца нерэалізаваным. У такім выпадку пераварочвалі паштовую марку і наносілі наддрукоўку. Практычна ўсе наддрукоўкі па каталозе сустракаюцца ў перавёрнутым выглядзе ці на іншым баку маркі. А яшчэ выкарыстоўваецца часам фарба, якая прайшла цераз паперу наскрозь.

— Ці можна назваць філатэлію дынастычнай справай?

— Ідэальны выпадак, калі калекцыя пераходзіць ад бацькі да сына і далей. Але, як паказвае практыка, у нас гэта з'ява нячастая. Лягчэй перадаць досвед блізкаму чалавеку, чым прыцягваць кагосьці іншага. Таму дзяцей трэба прывучаць з маленства. Напрыклад, маладыя людзі з 12 да 22 гадоў у філатэлістаў падзелены на тры ўзроставыя групы. Іх калекцыі заўжды экспануюцца на выстаўках. Колькасць іх на міжнародных выстаўках — у Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Польшчы — даходзіла да некалькіх дзясяткаў. І нашы маладыя калекцыянеры атрымлівалі нават медалі. Таму будучыня ў нашай філатэліі ёсць. Наша задача — падтрымліваць гэтыя імкненні. Калі не мы, то хто?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?