Вы тут

У World of Tanks з'явілася лакацыя Мінска 1960-х гадоў


Беларуская кампанія Wargamіng, якая з'яўляецца распрацоўшчыкам сусветна вядомай гульні World of Tanks, прадставіла дапаўненні, якія дапамогуць лепш пазнаць гісторыю нашай сталіцы. Так, у гульні з'явіцца новая лакацыя — Мінск узору 1960—1970-х гадоў, адлюстраваны з фатаграфічнай дакладнасцю.


Як расказаў дырэктар па аперыраванні ў СНД кампаніі Wargamіng Юрый КУРАВЫ, спачатку распрацоўшчыкі выбіралі паміж трыма раёнамі: тэрыторыяй каля чыгуначнага вакзала, Траецкім прадмесцем і плошчай Перамогі. У выніку спынілі свой выбар на апошнім варыянце, прычым акцэнт зрабілі на максімальнай гістарычнай дакладнасці. Плошча карты займае каля аднаго квадратнага кіламетра, пры гэтым на ёй можна знайсці мноства знакавых для мінчан месцаў: манумент Перамогі, Дом-музей І з'езда РСДРП, цырк, парк Горкага, тэлевежу і проста пазнавальныя дзякуючы сваёй архітэктуры жылыя дамы.

Ёсць, вядома, невялікія недакладнасці, але яны неабходныя па параметрах гульні: напрыклад, меншы, чым у рэальнасці, нахіл вуліц або больш высокія дрэвы ў скверы, але на агульнае ўспрыманне гэта істотна не ўплывае. Да таго ж на вуліцах горада абсалютна няма людзей: па легендзе яны былі эвакуяваны падчас вучэбнай трывогі. У цэлым — атрымалася выдатная магчымасць на свае вочы ўбачыць Мінск з апавяданняў пісьменнікаў або расказаў бабуль і дзядуляў, а для некаторых — натхніцца на паездку ў беларускую сталіцу.

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел САПОЦЬКА, гэты перыяд некаторыя гісторыкі называюць «рэнесансам» Беларусі і непасрэдна Мінска, таму асабліва важна папулярызаваць гэтую частку гісторыка-культурнай спадчыны.

Над стварэннем карты каманда больш чым з 45 чалавек працавала 10 месяцаў, падтрымку ім аказвалі эксперты-гісторыкі. Спецыялістамі была праведзена глыбокая даследчая работа — 95 % аб'ектаў былі адноўлены на аснове гістарычных крыніц спецыяльна для гэтай карты. Распрацоўшчыкі абяцаюць, што праграмай можна будзе скарыстацца бліжэй да святкавання Дня танкіста, які ў Мінску традыцыйна супадае з Днём горада.

Сёлета свята пройдзе ў парку Перамогі 9 верасня. Летась мерапрыемства сабрала больш за сто тысяч удзельнікаў і гледачоў, што перавысіла цікавасць нават да найбольш маштабных гульнявых фэстаў, якія праходзяць у ЗША. Сёлета аматараў «танкаў» чакае самая вялікая гульнявая зона пад адкрытым небам — больш чым на 200 камп'ютараў, мноства актыўнасцяў, вялікі фудкорт, маляўнічы феерверк і выступленні вядомых артыстаў — гуртоў «Бумбокс», ІOWA і «Танцы мінус».

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Трапіць у Мінск 1960-х ...і нават праехацца па ім на танку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?