Вы тут

Ірына Сумнікава: Я жадала б усім такога спартыўнага жыцця


Як 32 гады таму на паркеце ў Палацы спорту запалілася зорка алімпійскай чэмпіёнкі.

Маладзёжны чэмпіянат свету па баскетболе, які ў нядзелю завяршыўся ў Мінску, сабраў многіх зорак. Тут мы ўбачылі і алімпійскіх чэмпіёнаў, ураджэнцаў Беларусі Івана Ядэшка, Таццяну Белашапку, Алену Швайбовіч і Ірыну Сумнікаву. З апошняй карэспандэнту «Звязды» ўдалося пагаварыць не толькі аб баскетболе.


Лёс Ірыны Сумнікавай можна назваць унікальным. Нарадзіўшыся ў Мінску, яна заваявала свет вялікага спорту сваім разумным баскетболам. Стаўшы «першай скрыпкай» у зборнай СССР, спартсменка ўдзельнічала ў чатырох Алімпійскіх гульнях, стала чэмпіёнкай Барселоны-92 і бронзавым прызёрам Сеула-88. Яе сям'ю можна назваць па-сапраўднаму адметнай, бо родны брат Ірыны Георгій Свірыдзенка (гэта дзявочае прозвішча Сумнікавай) з'яўляецца алімпійскім чэмпіёнам па гандболе, а Ірына Уладзіміраўна сёння — адзіная жанчына — камісар ФІБА.

Усё пачыналася з танцаў

У сям'і Свірыдзенкаў усе дзеці былі захопленыя спортам, старэйшы брат Ірыны Вітольд  — боксам, малодшы Георгій — гандболам, а вось сама Іра, спазніўшыся па ўзросце на гімнастыку і фігурнае катанне, якімі хацела займацца, пачала з фальклорнага ансамбля і хору. Толькі да сваіх дзесяці гадоў яна прыйшла ў плаванне, а потым і ў лёгкую атлетыку. Неўзабаве высокую дзяўчынку забралі ў баскетбол. Дарэчы, першым сур'ёзным клубам для Сумнікавай стаў дубль мінскага «Гарызонта», які трэнераваў тады будучы настаўнік нацыянальнай зборнай Беларусі яшчэ малады спецыяліст Анатоль Буяльскі.

У дублі Ірына не затрымалася, ужо праз паўгода дзяўчына гуляла ў камандзе майстроў пад кіраваннем вядомага Сямёна Халіпскага. Сямён Львовіч апісваў маладую падапечную як незаменнага гульца. «Іра лёгка і хутка перамяшчаецца, умее прадбачыць сітуацыю, перахопліваць «мёртвыя» мячы, мае асаблівае чуццё ў розыгрышы». А пазней да сваіх слоў Халіпскі дадасць: «Многія гады ў СССР не было такога разумнага гульца. Мабыць, і ў агляднай будучыні не прадбачыцца. Ніхто не можа так цудоўна наладзіць на пляцоўцы ўзаемадзеянне з цэнтравымі і нападаючымі, арганізаваць пачатак атакі. Гэта — дар Божы».

У «Гарызонце» Ірына Сумнікава правяла 12 гадоў, стала яго капітанам, менавіта на гэты час прыйшліся найлепшыя гады існавання клуба.

Гаспадыня на пляцоўцы

Свой шлях да зборнай Савецкага Саюза Сумнікава, тады яшчэ Свірыдзенка, пачала з юніёрскай зборнай, дзе паказала сябе як выдатнага, надзейнага гульца. У «дарослую» зборную Яўген Якаўлевіч Гомельскі запрасіў Ірыну ў 1984 годзе. «Па амплуа я — разыгрываючая, гэта пазіцыя, якая патрабуе пэўнага гульнявога інтэлекту і ў пэўнай ступені даволі адзінкавая, таму я, новенькая, нават сярод старажылаў зборнай магла адчуваць сябе ўпэўнена», — успамінае Ірына Уладзіміраўна. Гомельскі лічыў яе сваёй правай рукой, часта прыгаворваючы: «Запомні: ты гаспадыня на пляцоўцы. Ты фарміруеш гульню, але да цябе і асаблівыя патрабаванні».

Першым «дарослым» дасягненнем Ірыны са зборнай СССР стала перамога на ХІІІ Летняй Універсіядзе — 1985 у Кобэ (Японія). Затым — «серабро» чэмпіянату свету 1986 года.

Падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў 1988-га пачалася за паўгода да старту. Гэтая Алімпіяда ў Сеуле па эмоцыях стала самай запамінальнай у кар'еры, адзначае Ірына Уладзіміраўна. «Мы праходзілі вар'яцкі адбор, і я нарэшце трапіла ў склад, у тых самых 12 чалавек. Для мяне гэта было вялікае дасягненне, таму што паўгода мы адбіраліся, паўгода не ведалі, хто паедзе ў Сеул. А першы раз на Алімпійскіх гульнях — гэта заўсёды такое захапленне, прытым такая незвычайная азіяцкая краіна, — адзначае Сумнікава. — Там у нас атрымалася толькі «бронза», і, можа быць, гэта нават добра, бо потым было да чаго імкнуцца. Далей ты ўжо мэтанакіравана працуеш чатыры гады, таму што ведаеш, што ты ў складзе, гэта заўсёды прасцей. Пасля першай Алімпіяды засталіся вельмі добрыя ўражанні, напэўна, таму пасля яе ў мяне было яшчэ трое Гульняў».

Пасля пройгрышу ў 1988-м ЗША і Югаславіі зборная СССР заваявала два «золаты» на чэмпіянатах Еўропы. На Алімпіядзе-1992 у Барселоне сітуацыя паўтарылася — у паўфінале сустрэліся зборныя СНД і ЗША, Ірына Сумнікава ў гэтым матчы зарабіла восем ачкоў, што дапамагло аб'яднанай камандзе выйсці ў фінал. Вырашальны матч з кітаянкамі быў у разы складанейшы. «Вядома, гэта была самая лепшая Алімпіяда. І жыццё пасля яе змянілася, званне чэмпіёнкі абавязвае, яго трэба горда несці, — расказвае Ірына Уладзіміраўна. — У Барселону мне патэлефанавалі з Германіі і прапанавалі кантракт, таму працяг маёй кар'еры як прафесійнага гульца быў ужо там. Потым я з'ехала ў Венгрыю, потым у Расію, у прынцыпе за званне алімпійскай чэмпіёнкі мяне і запрашалі ў гэтыя клубы, таму трэба было апраўдваць давер і кожны раз даказваць, што мы не проста так сталі першымі».

Пасля развалу СССР і Алімпіяды-1992 дакументы Ірыны Сумнікавай апынуліся ў Міжнародным алімпійскім камітэце. «Нам трэба было вызначацца са спартыўным грамадзянствам, — успамінае баскетбалістка. — Першым, хто патэлефанаваў мне, аказаўся расійскі трэнер, таму што я ў яго гуляла, і прапанаваў выступаць за зборную Расіі. Каманда Беларусі тады, напэўна, была яшчэ на стадыі планавання, пазней з радзімы мне таксама патэлефанавалі, але я ўжо дала згоду расіянам». Ніякіх крыўдаў паміж спартсменкай і роднай краінай як тады, так і цяпер не ўзнікла.

На чэмпіянаце свету 1995 года зборная Расіі стала толькі трэцяй, на Алімпіядзе ў Атланце зусім пятай. Тады Ірына Сумнікава, будучы ўжо вопытнай баскетбалісткай, праводзіла на пляцоўцы па 40 хвілін.

Алімпіяда-2000 у Сіднеі аказалася для яе апошняй, «першая скрыпка» ў аркестры, якая задавала тон на пляцоўцы на працягу чатырох алімпійскіх цыклаў (менавіта так тады пісалі пра яе журналісты), згуляла там усяго адзін матч. У гульні з Кубай яе «прыбралі» з турніру ўдарам у твар: кубінка Марыя Леон локцем зламала Ірыне скулавую костку. «Было балюча. Але я ж не ведала, наколькі гэта сур'ёзна, выйшла на пляцоўку ў другім тайме. Над брывом узнік здаравенны сіняк, але з гарачкі падумала, што ўсякае бывае, перацярплю. Толькі потым здымкі паказалі, што костка зламаная. У дадатак з-за галавакружэння я ўпала і атрымала пералом запясця», — успамінала Ірына. Сёння яна сцвярджае, што тая, апошняя для яе, Алімпіяда ўсё роўна не пакінула дрэнных успамінаў. «Адзінае, што зборная Расіі тады магла паказаць лепшы вынік, а так для спартсмена траўма — гэта нармальная з'ява. Я потым аднавілася і гуляла яшчэ чатыры гады за маскоўскае «Дынама», больш за тое, магла паехаць і на наступную Алімпіяду ў Афіны», — кажа Сумнікава.

Апошнім яе міжнародным турнірам быў паўфінал чэмпіянату Еўропы 2001 года, а вось у фінале яна ўжо не ўдзельнічала.

Мы яшчэ гуляем у баскетбол

У мінулым годзе зборная, якая выйграла Алімпіяду ў Барселоне, адзначыла 25 гадоў з той знакавай падзеі. Трэнер Яўген Якаўлевіч Гомельскі зрабіў свята для ўсёй каманды, прыехалі ўсе 12 чалавек, якія тады выходзілі на пляцоўку. «Хтосьці зараз жыве ў Францыі, хтосьці ва Украіне, але ўсе з'ехаліся. Пра нас зрабілі фільм, прымалі ў Міністэрстве спорту, дарылі падарункі. Праз 25 гадоў усе мы яшчэ гуляем у баскетбол, а ў мяне наогул працяг спартыўнай кар'еры — гэта зноў баскетбол, таму я як бы нікуды і не сыходзіла. Баскетбол назаўжды, баскетбол — гэта маё жыццё», — з зіхатлівай усмешкай дзеліцца Ірына Уладзіміраўна.

Пасля завяршэння кар'еры яна і не думала пра тое, каб пакідаць спорт. Спачатку паспрабавала сябе ў трэнерскай дзейнасці, аднак, як вядома, не заўсёды вялікі спартсмен можа вырасці ў такога ж трэнера. Як прызнаецца сама Ірына, пасля завяршэння кар'еры яна ператварылася з байца ў сентыментальную жанчыну, таму часта шкадавала гульцоў, ішла на саступкі, што часам непрымальна для трэнера.

«Пазней у расійскай федэрацыі баскетбола мне прапанавалі ўзначаліць аддзел зборных камандаў, потым у ФІБА здала экзамены на міжнароднага камісара і стала працаваць у Міжнароднай федэрацыі, — расказвае гераіня. — Вось так усё адно за адно чаплялася, атрымліваецца, нават задумацца не было калі, што можна абраць у жыцці нейкі іншы напрамак. Можа, гэта і добра. Калі шмат думаеш, пачынаюць усякія думкі блукаць, кідае то ўлева, то ўправа».

Сёння Ірына Сумнікава застаецца адзінай жанчынай — камісарам ФІБА.

Машына часу

Нягледзячы на тое, што алімпійская чэмпіёнка ўжо даўно жыве ў Маскве, яна часта прыязджае ў родную Беларусь, каб наведаць сваякоў, сяброў і знаёмых. На чэмпіянаце свету ў Мінску Ірына выконвала ролю камісара, аднак пасля кожнай гульні можна было назіраць яе цёплыя сустрэчы са знаёмымі. «Пабачыцца прыйшлі ўсе, з кім я гуляла па розных узростах. І наша дырэктар школы Рэгіна Ігнацьеўна Пышнік, ёй 80 ужо будзе налета. Гэта такая добрая гісторыя, я жадала б усім такога спартыўнага жыцця. Мне і з трэнерамі пашанцавала, заўсёды добрыя былі людзі, ёсць што ўспомніць, а самае галоўнае, што тут на такім жа чэмпіянаце свету ў гэтым жа Палацы спорту ў 1986 годзе я гуляла сама», — з настальгіяй успамінае Ірына.

Гледзячы на гульню лідараў чэмпіянату, яна разам з Рэгінай Ігнацьеўнай успамінае былыя часы. «Вядома, баскетбол зараз змяніўся, але, як і раней, спартсменкі павінны быць вельмі моцнымі фізічна, вынослівымі, — расказвае дзейны камісар ФІБА. — Гульня стала больш мабільнай, таму што змяніліся правілы, у нас яны былі больш зацяжныя, таму мы больш гулялі ў пазіцыйны баскетбол, а цяпер з-за хуткіх 24 секундаў баскетбол больш індывідуальны. Калі работала камісарам на гульні ЗША — Кітай, падумала, як жа гэтыя амерыканскія дзяўчаты падобныя на мяне, гэта ж мне сказала і Рэгіна Ігнацьеўна, і, ведаеце, мне адразу захацелася вярнуцца».

Трэба проста пачакаць

Размаўляючы з вядомай баскетбалісткай, мы не маглі не абмеркаваць тэму беларускага баскетбола, а менавіта нацыянальнай жаночай зборнай, для якой зараз не самыя простыя часы. «Змена пакаленняў — гэта заўсёды балюча, — кажа Ірына. — Трэба пацярпець і пачакаць, прыйдзе час. Вельмі добра, што вы ўзялі гэты чэмпіянат свету, у маладых дзяўчат з'явілася магчымасць убачыць рознасць камандаў, іншы баскетбол, прылаўчыцца да яго, каб у будучыні ў нацыянальную зборную прыйшлі новыя гульцы без страху. Думаю, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, федэрацыі баскетбола, усіх людзей, якія да гэтага маюць дачыненне, мы ўбачым добрую зборную Беларусі, трэба проста пацярпець год, два. Наш Гомельскі трываў чатыры гады, пакуль мы выйгралі. Гэта заўсёды цяжка, таму жадаю вам поспеху!»


Біяграфічная даведка

  • Ірына Сумнікава нарадзілася ў Мінску ў 1964 годзе.
  • Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1992 года.
  • Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1988 года.
  • Удзельніца АГ-1996 (5-е месца) і 2000 (6-е месца).
  • Чэмпіёнка Еўропы — 1989, 1991 гадоў.
  • Бронзавы прызёр ЧЕ-1995, 1999.
  • Сярэбраны прызёр ЧС-1986.
  • Чэмпіёнка Расіі — 2000, 2001 гадоў.
  • Прызёр чэмпіянату Венгрыі 1998, 1999, 2000 гадоў.

Клубная кар'ера

  • Гарызонт (Мінск) (1980—1992).
  • Обергаўзен (Германія) (1992—1994).
  • Пошта (Шапрон, Венгрыя) (1994—1996).
  • BSЕ (Будапешт, Венгрыя) (1996—2000).
  • БК «Дынама» — Масква (2000—2003).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.