Вы тут

(Не)вылечнасць рамантыкі?


«Прабач, што ледзь не вылечыў у сабе невылечнага рамантыка,» — гаворыць галоўны герой аднаго вядомага галівудскага фільма. Сапраўды, людзі часам так нагружаюць сябе паўсядзённымі справамі, клопатамі, вырашэннем пэўных праблем, што робяцца зусім неадчувальнымі... да жыцця.


Не так даўно выдаўся ў мяне вольны час — пасля некалькіх таксама добрых паездак, і я з прыемнасцю вырашыла правесці яго ў вёсцы ў бабулі. Цёплы летні дзень удалечыні ад гарадскога шуму — што можа быць лепш? Увечары я маю звычку сесці там на ровар і праехацца па навакольных дарогах. Так зрабіла і гэтым разам, да таго ж час выбрала вельмі ўдала. Вечарэла, адна палова неба была афарбаваная ў прыгожыя ружова-барвовыя маляўнічыя колеры. А з другога боку, удалечыні, над верхавінамі елак ды іншых дрэў на блакітным, злёгку пацямнелым небе ззяла бліскучая срэбная поўня. Я бачыла яе даволі блізка, да таго ж была не абцяжарана вырашэннем пэўных праблем. Але ўнутрана, па інерцыі, я быццам працягвала некуды бегчы. Злавіла сябе на думцы, што не магу расслабіцца. Не атрымлівалася напоўніцу адчуць навакольную прыгажосць.

Падазраю, што многія людзі ў працэсе свайго сталення, няўмольнага абрастання абавязкамі губляюць чуллівасць душы. І нават лічаць гэты працэс заканамерным. Але я цвёрда вырашыла, што сваёй паэтычнай душы пастараюся не даць зачарсцвець. І ў думках звярнулася да Бога, каб ён дапамог мне адчуваць так гарманічна створаную прыгажосць.

Прайшоў і наступны дзень. Увечары я зноў рушыла знаёмым маршрутам па той жа пясчанай дарозе. І, на жаль, ніякіх змен у сабе не заўважыла. Затое ў наваколлі яны былі — гэтым разам заход сонца быў падфарбаваны памаранчавымі адценнямі. Я проста канстатавала для сябе такі факт. Можна ж бачыць — ды не заўважаць.

Трэці дзень, на маю радасць, паказаў, што ўсё-такі час — добры лекар і дарадца ў многіх пытаннях. Трэба проста даць сабе крыху адпачыць. Пачакаць. Выдыхнуць і яшчэ раз набраць поўныя грудзі паветра, каб зноў разам з перапрацаваным кіслародам выйшлі лішнія думкі.

Гэтыя дні ў вёсцы я даволі шмат працавала ў гародзе. Пастаянна піла гарбату на зёлках, седзячы на драўлянай лаўцы пасярод кветнікаў. Зрывала спелыя яблыкі, седзячы на даху, там жа ела іх і глядзела на залітыя сонцам палі. Гэты смак першых летніх яблыкаў для мяне быццам прычасце — і прабачэнне, і прыняцце чагосьці светлага, чыстага, такога сапраўднага. Што хаваць, я шмат спала, нікуды не спяшалася і ні пра што асабліва не думала. Чыстае вясковае паветра, самі ведаеце, надзвычай спрыяе глыбокаму сну. А на раніцу толькі галасісты певень асмельваўся парушыць царства спакою.

І на трэці дзень адбыўся цуд. Пасля абеду, схаваўшыся ад дзённай спёкі ў хаце, я глядзела праз акно на вуліцу. І стары сад нібы пачаў да мяне прамаўляць. Я быццам адчула смак яго яблыкаў, хоць і пакуль што няспелых, раздзяліла прыемны цяжар яго будучага, ужо хуткага ўраджаю, удыхнула салодкі водар саду, бачыла, як ён ружавее і як зелянее. Мяне нарэшце «адпусціла». І ў спрадвечным коле прыроды я стала на сваё месца. Зрабілася добра і хораша. Нікуды не хацелася з'язджаць. Але нават едучы ў горад, я ведала, што забіраю смакі і водары з сабой, што срэбны месяц дзесьці там, ва ўжо паралельным свеце, па-ранейшаму ззяе для мяне і для ўсіх, хто пабачыў таемнасць гэтай цішыні.

Калі гэтым летам у вас яшчэ не было свайго саду, калі не здарылася ніводнай вандроўкі ці дарогі, якая прынесла б палёгку стомленай душы, проста дайце сабе час. Дзесьці там, над гарызонтам, залітым апошнімі праменямі сонца, ужо пачынае ззяць яскравая зорачка. Яна разбудзіць вашага заснулага рамантыка.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».