Вы тут

Аднаму з самых вядомых беларускіх акцёраў Віктару Манаеву — 60


На ягоным рахунку — вялікія і малыя, але аднолькава цікавыя, глыбокія ролі амаль у некалькіх дзясятках фільмаў і тэатральных пастановак, прэмія Ленінскага камсамола, Дзяржаўная прэмія СССР, званне народнага і заслужанага артыста і дзве Дзяржаўныя прэміі Беларусі.


Сцэна са спектакля «Вячэра з прыдуркам». Фота: kupalauskі.by

Гледачы помняць і любяць акцёра ў самых розных амплуа: адным бліжэйшы трагічны і гераічны персанаж Лёнька Адуванчык з «Радавых» у пастаноўцы Валерыя Раеўскага, другім — прыгажун Мікіта Зносак з культавага спектакля «Тутэйшыя», які рэжысёр Мікалай Пінігін рабіў спецыяльна «пад Манаева», іншым тэатралам больш даспадобы ягоны Франсуа Піньён у «Вячэры з прыдуркам», каларытны Гольдберг у «Местачковым кабарэ» або станавы прыстаў Кручкоў у «Пінскай шляхце». Асабіста я пяшчотна люблю Віктара Сяргеевіча з часоў першых пастановак спектакля «Арт», — але разумею, што гэта толькі кропля ў моры акцёрскіх знаходак і вобразаў Манаева... Сёння акцёр, чыё імя ўжо больш за 35 гадоў звязана з Купалаўскім тэатрам, адзначае 60-годдзе.

— А ў вас ёсць любімая роля Манаева? — цікаўлюся ў мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Пінігіна, з якім акцёр цесна працуе ўжо больш як 30 гадоў.

— Так адразу цяжка адказаць. Мы працуем разам з 1985 года і зрабілі, як аднойчы падлічыў Віктар, каля 20 спектакляў, і ён настолькі арганічны ва ўсіх ролях — ён жа вядучы артыст тэатра, без перабольшання геніяльны, — кажа рэжысёр, які, дарэчы, адзначае дзень нараджэння з розніцай у адзін дзень з Манаевым. — Магу прыгадаць спектакль, які, на жаль, мала ішоў, — «Касцюмер» Харвуда. Мы паставілі яго ў 1997 годзе, і там сыграў сваю апошнюю ролю Мікалай Яроменка, потым Валянцін Белахвосцік, але абодва яны пайшлі з жыцця, і спектакль хутка знік з рэпертуару. Аднак вось там, на мой погляд, была выдатная роля ў Віктара Манаева, бо ён сыграў чалавека тэатра: касцюмера пры вялікім артысце сэры Джоне, які быў настолькі адданы тэатру, што памёр проста падчас спектакля следам за сваім кумірам. Па сутнасці, Манаеў сыграў самога сябе, чалавека, для якога тэатр — справа ўсяго жыцця... Аднак, калі па шчырасці, то можна назваць у якасці найлюбімейшых сумесных работ і «Тутэйшых», і «Пінскую шляхту», і «Рэвізора», і «Арт», і дзясяткі іншых спектакляў, усе я
проста не прыгадаю. І гэта ўсё будзе праўдай, бо ён мой любімы артыст з усяго гэтага пакалення, а ўвогуле і адзін з самых моцных артыстаў у Беларусі.

Сцэна са спектакля «Рэвізор». Фота: kupalauskі.by

— І што вы пажадаеце любімаму артысту ў прыгожую круглую дату?

— Здароўя, як заўжды, добрага настрою, добрых людзей у блізкім акружэнні. Але ён настолькі гарманічны чалавек, які да ўсяго падыходзіць і з розумам, і з тонкім гумарам, што мне здаецца, у яго ўсё і так добра. Ён заслужыў самых цёплых слоў, і гэта не толькі маё меркаванне, а меркаванне гледачоў, якія спецыяльна ходзяць у Купалаўскі «на Манаева», — і я рады, што гэта працягваецца шмат гадоў.

Што тут дадаць? Хіба толькі тое, што «звяздоўцы» з глыбокай павагай і ўдзячнасцю далучаюцца да віншаванняў і зычаць Віктару Манаеву моцнага здароўя, асабістага і творчага даўгалецця і новых яркіх роляў! З юбілеем!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Чалавек тэатра

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.