Вы тут

Пагроза з джалам. Як засцерагчыся ад крылатых агрэсараў?


Цёплым летнім вечарам экіпаж МНС прыязджае ў сталічны дзіцячы садок на вуліцы Берута. Дзеці даўно пайшлі дадому. На тэрыторыі садка нас сустракае вартаўнік Аляксандр Філімонаў і тут жа вядзе паказваць асінае гняздо. Як па іроніі лёсу, восы носяцца на брыючым палёце перад каменем з надпісам «Сцеражыце прыроду». Гняздо размясцілася пад «тэматычным валуном».


— Толькі тры дні таму касіў траву, і нічога ж не было. Хоць бы адна праляцела! А цяпер — самі бачыце. І так кожны год да нас прыязджаюць ліквідаваць гнёзды насякомых. Адкуль іх толькі не выкурвалі — і з-пад ганка, і з-пад казырка. Выберуць жа месца, куды ніхто далезці не можа, і селяцца там. Летась у нас працаваў цясляр, дык яго нават уджалілі. Шчасце, што ўсё абышлося.

Тым часам да каменя падыходзіць разлік ратавальнікаў. Абодва яны апрануты ў спецыяльныя абарончыя касцюмы. На тварах — маскі пчаляроў. Адзін нясе нейкую трубу, якая аддалена нагадвае пыласос.

— Зараз нашы байцы пачнуць хімічную атаку: зальюць туды дыхлафос і крыху пачакаюць, — кажа начальнік змены пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Андрэй Сапега. — Восы ўнутры згубяць актыўнасць. Хвілін праз пятнаццаць мы іх адтуль выдзьмем гэтым пыласосам. Унутры яго стаяць нажы, якія перамолваюць усё, што на іх трапляе... Мы самі толькі што прыехалі з ліквідацыі яшчэ аднаго гнязда. Восы пасяліліся ў шафцы на балконе адной з гарадскіх кватэр. Яшчэ не так даўно ліквідавалі вос пад дэкаратыўнай абшыўкай на балконе. А вось пад каменем у зямлі, што цікава, яны гняздзяцца нячаста. Затое восы вельмі любяць карпусы дзіцячых садкоў. Там шмат вокнаў, адтулін... Выезды па такіх выкліках у нас пачынаюцца яшчэ ўвесну. Красавік і май — час пчол. Восы пачынаюцца недзе ў чэрвені. Летась пік прыйшоўся ўвогуле на верасень, які выдаўся нечакана цёплым.

Праходзіць пятнаццаць хвілін, і пачынае гудзець пыласос. Праз колькі часу ўсё скончана. Так адной пагрозай стала меней...

Тысячы выездаў

Жнівень — час не толькі збору ўраджаю, але і вельмі высокай актыўнасці небяспечных насякомых — пчол, вос і шэршняў. Яны ляцяць на ўсё салодкае, і таму напусціць поўную кухню паласатых агрэсараў можна нават пры варцы варэння, забыўшы зачыніць акно. Але калі іншыя лятаючыя істоты прамой небяспекі для чалавека не ўяўляюць, то кантакт з перапончатакрылымі можа стаць апошнім у жыцці.

— Толькі лічбы: за мінулы год на ліквідацыю гнёздаў атрутных насякомых нашы падраздзяленні выязджалі 6 тысяч 394 разы! — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ. — Сёлета за першыя паўгода ратавальнікі прыбралі ўжо 1065 гнёздаў. Здзіўляцца такой разбежцы не варта. Пік актыўнасці джаланосных прыходзіцца на ліпень, жнівень і пры спрыяльных умовах надвор'я можа яшчэ захапіць і верасень. Сёлета на актыўнасць гудуноў станоўча паўплываў і май, які нечакана аказаўся дадатковым летнім месяцам.

Ёсць адзін нюанс у ліквідацыі гнёздаў ратавальнікамі. Прамы абавязак гаспадара — сачыць за парадкам у сябе дома і на прысядзібным участку. Там, дзе не дайшлі рукі, і трэба чакаць няпрошаных паласатых гасцей. Таму ў некаторых выпадках прыбіранне гнязда супрацоўнікамі МНС будзе каштаваць грошай. Дакладная сума, аднак, складваецца з многіх кампанентаў, у ліку якіх — далёкасць выезду, патрачаны час. Пры гэтым гаворка не ідзе аб тым, каб зарабіць грошы. Мы проста хочам кампенсаваць нашы выдаткі на гэтыя работы. Аднак калі існуе прамая пагроза жыццю і здароўю людзей, то дапамогу акажуць бясплатна. Напрыклад, гняздо знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад людзей, дзяцей, пры ўваходзе ў дом ці ў дзіцячых садках...

А што рабіць, калі перапончатакрылыя завяліся, напрыклад, на гарышчы шматпавярховага дома? У такім разе месца агульнага карыстання недагледзелі супрацоўнікі абслуговых арганізацый. Звычайных жыхароў гэта хваляваць не павінна.

Гняздо небяспечных насякомых з'яўляецца не за адзін дзень. Сваё жыллё яны будуюць каля месяца. Іх улюбёныя месцы — дуплы дрэў, гарышчы, пуні, куды рэдка заходзяць людзі, дзе цёпла і ціха. У гарадской шматпавярховай забудове — гэта балконы, лоджыі, тэхнічныя памяшканні. Таму ўсе такія лакацыі трэба перыядычна правяраць. З экзатычных месцаў, якія любяць восы, — прасценак у драўляным доме, абкладзеным цэглай. Вось і паспрабуйце іх адтуль выкурыць.

Калі ж вы ўбачылі гняздо, то адступайце ад яго павольна. Асабліва гэта датычыцца шэршняў, чые ўкусы куды больш небяспечныя за асіныя. Бяспечная зона — прыкладна 50 метраў.

Разам з тым пазбавіцца ад гнязда можна і самому. Акрамя вельмі шчыльнай экіпіроўкі, як апісана вышэй, трэба захапіць з сабой мяшок і рыдлёўку. Выпраўляцца на ліквідацыю толькі пасля заходу сонца. Затым перарэзаць гняздо пад коранем, каб яно тут жа ўпала ў мяшок, моцна завязаць і далей закапаць, спаліць, утапіць — выбар неабмежаваны. Разам з тым калі гняздо занадта вялікае і па памерах набліжаецца да футбольнага мяча, то лепш усё-такі скарыстацца паслугамі ратавальнікаў.

Можа быць шок...

— Калі да вас прычапілася аса ці пчала, то рэзкіх рухаў рабіць не пажадана. Проста адмахніцеся, і яна адляціць. А небяспеку насякомыя ўяўляюць, калі знаходзяцца паблізу ад гнязда. У іх спрацоўвае інстынкт абароны, — працягвае Віталь Навіцкі.

Здараюцца выпадкі, калі нехта кусае фрукт або выпівае шклянку соку... разам з асой. Такія ўкусы ў слізістую абалонку найбольш небяспечныя, бо могуць прывесці да цяжкіх наступстваў нават у чалавека, у якога як быццам і няма алергічных рэакцый.

Нават ад аднаго ўкусу ў чалавека можа развіцца анафілактычны шок. Гэта неадэкватная рэакцыя арганізма на пэўны алерген, якім і з'яўляецца атрута на джалах насякомых. Пачынаецца шок з рэзкага болю, моцнага ацёку, свербу скуры і рэзкага падзення артэрыяльнага ціску. На працягу некалькіх хвілін ён можа прывесці да смерці. Выратаваць чалавека можа толькі неадкладны выклік хуткай дапамогі. Але пакуль урачы прыедуць, сёе-тое можна зрабіць і тым, хто знаходзіцца побач. Перш за ўсё трэба як мага хутчэй выдаліць са скуры джала. Яго можна саскрэбці пазногцем, тупым бокам ляза нажа, пінцэтам і нават банкаўскай карткай. Дайце пацярпеламу любы супрацьалергенны прэпарат і прыкладзіце што-небудзь халоднае. Калі чалавек у непрытомнасці — прыдайце стабільнае становішча на баку.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.