Вы тут

Як маладому настаўніку не згарэць на рабоце і не збегчы са школы?


15 жніўня ва ўстановы адукацыі прыйдуць некалькі тысяч маладых спецыялістаў — выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў універсітэтаў і каледжаў. Як правіла, перад кожным маладым педагогам паўстае мноства пытанняў. З чаго пачаць? Што сказаць вучням пры першай сустрэчы, калі застанешся сам-насам з некалькі дзясяткамі пар дапытлівых вачэй? Як выбудаваць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам і зрабіць бацькоў вучняў сваімі саюзнікамі? Як прызвычаіцца да новай сваёй ролі?

Можна скончыць з "чырвоным дыпломам" універсітэт, атрымаць ступень магістра, але гэта зусім не гарантыя таго, што калі ты прыйдзеш у дзіцячую аўдыторыю, усё пойдзе як па масле. Дзіцячы калектыў — стыхія, якой трэба навучыцца кіраваць. У гэтым пераканалася настаўніца рускай мовы і літаратуры сталічнай гімназіі № 38 Анастасія ГАНЧАРОВА, якая чатыры гады таму таксама ўпершыню пераступіла парог школьнага класа як самастойны педагог. Пра свой перыяд адаптацыі ў настаўніцкім асяродку Анастасія шчыра расказала падчас педагагічнай майстэрні #ШчасцеНавучаць. Як яна сама заўважыла, захацела падзяліцца тым, чаму не вучаць у ВНУ. Насамрэч, ну навошта іншым наступаць на тыя ж самыя граблі?


Супастаўце магчымасці з чаканнямі

Арганізатары майстэрні прызнаюцца: моцна здзівіліся, калі ўбачылі, што на мерапрыемства для маладых настаўнікаў з мінімальным або ўвогуле нулявым вопытам работы зарэгістравалася шмат вопытных педагогаў, чый прафесійны стаж вагаўся ад 7 да 25 гадоў. Здзівіліся і разгубіліся... Што рабіць, каб было цікава і, галоўнае, карысна ўсім? Таму трансфармавалі сустрэчу ў інтэрактыўны фармат, каб маладыя настаўнікі змаглі знайсці адказы на важныя пытанні, якія іх хвалююць, а сталыя педагогі — падзяліцца часцінкай каштоўнага вопыту, прыгадаўшы тыя часы, калі яны самі толькі пачыналі свой прафесійны шлях.

Цікава, а чаго яны калісьці баяліся? І ці моцна адрозніваюцца іх страхі ад страхаў маладых? Першыя прызнаюцца, што баяліся аказацца з дзецьмі на розных хвалях, што вучні не будуць успрымаць іх усур'ёз, баяліся неадэкватных кіраўнікоў і негатыўнага стаўлення да іх старшых калег.

Маладыя ўсур'ёз апасаюцца ціску на іх з боку бацькоў вучняў, баяцца страціць аўтарытэт, перайсці мяжу "настаўнік — сябар", не знайсці падыход да "асаблівых дзяцей", прымусіць вучняў думаць шаблонна, зламаць іх, укласці ў іх свае думкі, не дасягнуць адукацыйнай мэты, не знайсці падтрымкі і разуменні з боку калег, апасаюцца аказацца некваліфікаванымі, а таксама завышаных патрабаванняў з боку адміністрацыі.

— Ва ўніверсітэце закладваецца фундамент, але будаваць дом на гэтым фундаменце даводзіцца ўжо самастойна, — папярэджвае Анастасія. — Першы важны этап — гутарка з кіраўніком установы адукацыі. Паверце, што знешні выгляд мае значэнне, таму падумайце, якое ўражанне вы хацелі б пакінуць. Падчас гутаркі не толькі вам будуць задаваць пытанні, але і вы таксама павінны іх задаваць. Напрыклад, якая будзе ваша вучэбная нагрузка, бо ад яе наўпрост залежыць заробак. Для маладых спецыялістаў, якія былі размеркаваныя, абавязаны выдзеліць не менш за 20 гадзін у тыдзень. Карэктна ўдакладніце, які заробак гэтаму адпавядае, каб не адчуць лёгкі шок ад першай зарплаты. Спытайцеся, у якіх класах вы будзеце выкладаць, ці будзе ў вас класнае кіраўніцтва? Абавязкова пацікаўцеся, якія надзеі ўскладае на вас кіраўнік, што ён ад вас чакае, акрамя правядзення ўрокаў? Можа быць, ён хоча, каб вы арганізавалі тэатральны гурток, а, можа быць, хацеў бы, каб вы рыхтавалі дзяцей да алімпіяды? Так вы зможаце супаставіць свае магчымасці з чаканнямі кіраўніцтва...

Калі вас ашчаслівілі класным кіраўніцтвам, яшчэ да 1 верасня пагутарыце з папярэднім класным кіраўніком, які дапаможа завочна пазнаёміцца з вашым будучым класам, раскажа пра дзяцей і іх сем'і.

План — ваша "шпаргалка" на кожны ўрок

Асобная тэма — нарматыўна-прававая дакументацыя і запаўненне папер. Паводле пастановы Міністэрства адукацыі, спіс дакументацыі, якую павінны запаўняць настаўнікі, абмежаваны чатырма пунктамі: класным журналам, каляндарна-тэматычным планаваннем, паўрочным планаваннем і дзённікамі навучэнцаў.

Настаўнік, які выконвае яшчэ і функцыі класнага кіраўніка, акрамя запаўнення класнага журнала і адсочвання дзённікаў навучэнцаў, павінен мець планаванне сваёй работы на паўгоддзе, падтрымліваць у актуальным стане на працягу года сацыяльна-педагагічную характарыстыку класа (карэктаваць яе па меры неабходнасці) і запаўняць асабістыя карткі навучэнцаў.

— Каляндарна-тэматычнае планаванне можна знайсці на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі. Яго можна адаптаваць пад сябе, але пажадана ў першыя два—тры гады гэтага не рабіць, таму што малады педагог наўрад ці разумее, на якіх тэмах можна скараціць колькасць гадзін, а дзе, наадварот, гадзін не хапае. Таму лепш даверцеся Нацыянальнаму інстытуту адукацыі і выкарыстоўваеце іх планаванне, — раіць настаўніца. — А вось што датычыцца плана-канспекта урока, то ён у вас абавязкова павінен быць або ў рукапісным, або ў раздрукаваным варыянце. Заявіць, што мой план урока знаходзіцца на дамашнім камп'ютары, вы не зможаце...

Калі мы выстаўляем вучню адзнаку ў журнал, абавязкова трэба выставіць яе і ў дзённік, бо здараецца, што бацькі прыходзяць і кажуць: "У майго дзіцяці за чвэрць "пяцёрка", а я не бачыла ў яго дзённіку ніводнай адзнакі за некалькі месяцаў..." Зусім не залішнім будзе і азнаямленне з нарматыўна-прававымі дакументамі: іх веданне дапаможа абараніць вас у спрэчках як з бацькамі, так і з адміністрацыяй, дапаможа аргументаваць сваю пазіцыю.

Амерыканскі педагог Адам Дрэер класіфікаваў самыя тыповыя памылкі настаўнікаў-пачаткоўцаў . І першая з іх — недастатковая падрыхтоўка. Як ужо казалася вышэй, у педагога абавязкова павінен быць план-канспект урока. Кожны яго элемент трэба прадумваць, прычым матэрыялу, што выкладзены ў падручніку, настаўніку недастаткова. "Я сама сутыкалася з тым, што навучэнцы пачынаюць нас правяраць на трываласць, спрабуюць "празандзіраваць" наш кругагляд, наколькі добра настаўнік валодае той ці іншай тэмай", — усміхаецца Анастасія.

Сумным урок можа атрымацца з дзвюх прычын: першая — сумны матэрыял і другая — сумныя метады работы. Калі дзеці прыходзяць на урок, чытаюць параграф, адказваюць на пытанні пасля яго, выконваюць заданні і сыходзяць, натуральна, што гэта нікому не цікава".

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Стукайце, і вам адчыняць!

Яшчэ адна памылка — шматслоўе педагога. Маладыя настаўнікі нярэдка атрымліваюць такую асалоду ад сваёй новай ролі, што могуць размаўляць усе 45 хвілін без супынку. Пры пераходзе ад старой мадэлі педагогікі да новай актыўная роля перадаецца вучням. А настаўнік павінен іх накіроўваць, натхняць і падтрымліваць. Сур'ёзны прабел у рабоце — адсутнасць рэфлексіі. Без зваротнай сувязі немагчыма зразумець, наколькі былі цікавыя метады і прыёмы, якімі вы карысталіся на ўроку? Ці дасягнулі вы сваёй мэты?

Моцна перашкаджае настаўніку адбыцца і яго нетаварыскасць. "Я цэлы год не выходзіла са свайго кабінета, ні з кім не кантактавала, і мае калегі падумалі, што са мной штосьці не так, бо дзіўна, калі малады настаўнік ні пра што не пытаецца. Няўжо ён усё ведае? Насамрэч у мяне было мноства пытанняў, але ж я, магістр педагагічных навук, баялася паказацца некампетэнтнай, таму сядзела і псавала класны журнал. Замест таго, каб спытаць і вырашыць праблему за тры хвіліны, гадзінамі чытала інструкцыю па запаўненні журнала і ўсё роўна дапускала памылкі, — смяецца Анастасія. — З калегамі трэба абавязкова падтрымліваць стасункі: калі ты будзеш адкрыты да людзей, то ўсё пачне ў цябе атрымлівацца. Самае галоўнае — не забывайце, што дзверы не адчыняцца, пакуль вы ў іх не пастукаеце..."

Расстаўляйце прыярытэты

— Адна з самых распаўсюджаных памылак — работа па начах. "У гэтым я вялікі спецыяліст, — канстатуе настаўніца. — Дэфіцыт часу ты спрабуеш кампенсаваць, але хутка пераконваешся, што эфект ад такой працы нулявы. Ноччу трэба спаць, а вось дзень трэба планаваць дасканала. У гэтым дапаможа тайм-менеджмент — мастацтва кіраваць сваім часам. Перад педагогам стаіць вельмі шмат задач, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш. На перапынках пастаянна забягаюць калегі, прадстаўнікі адміністрацыі, штосьці просяць зрабіць... Не хапайцеся адразу за ўсе задачы, якія будуць на вас сыпацца (вы ніколі з усімі не справіцеся)... Ацаніце ступень іх тэрміновасці. Можна вечарам занатаваць спіс усіх задач, каб дакладна разумець, з якімі аб'ёмамі работы давядзецца спраўляцца заўтра. Далей трэба расставіць прыярытэты: у першую чаргу выконваць задачы з паметкай "дэдлайн", далей можна сканцэнтравацца на стратэгічных задачах, якія могуць прасунуць нас у прафесійным развіцці. Напрыклад, я хачу прачытаць артыкул пра перакуленае навучанне — гэта мая стратэгічная задача. Не перажывайце, што вам не ўдасца зрабіць усё. Праца настаўніка вылучаецца тым, што зрабіць усю работу проста немагчыма...

Згодна з амерыканскімі даследаваннямі, для эфектыўнай работы трэба ўвогуле прыбраць тэлефон са стала. Калі ён ляжыць побач, нават адключаны, мы ўсё роўна трацім сваю энергію на тое, каб на яго не глядзець, нават калі і не прызнаёмся сабе ў гэтым. Таму, каб мозг спакойна працаваў над нейкай задачай, тэлефона ў полі зроку не павінна быць!

Настаўніку вельмі шмат тэлефануюць. Абавязкова пазначайце ў штодзённіку вынікі вашай размовы. Паверце, што праз дзве гадзіны, вы не будзеце памятаць і палову з таго, пра што вам казалі бацькі вучня... А калі вы самі тэлефануеце, абавязкова напішыце мэту званка, каб размова насамрэч была накіравана на вырашэнне канкрэтнага пытання.

Вызначыце "правілы гульні"

Анастасія падкрэслівае: час для стасункаў з бацькамі трэба ўстанавіць яшчэ пры першай сустрэчы. Яны павінны разумець, што настаўнік таксама маеце права на адпачынак і ў яго павінна быць уласная тэрыторыя. Інакш вам будуць тэлефанаваць і аб 11-й гадзіне вечара... Можна, канешне, прапанаваць альтэрнатыўны спосаб, напрыклад, стварыць групу класа ў вайберы, але, шчыра кажучы, гэта не вельмі ўдалы выхад, бо ў такім разе вы будзеце заходзіцца ў кругласутачным доступе...

Трэба адразу вызначыць стыль стасункаў з навучэнцамі. Якім педагогам вы жадаеце быць: аўтарытарным або ліберальным? Якая роля для вас найбольш камфортная? Самае найлепшае — вызначыць разам з вучнямі агульныя правілы існавання: што можна і што нельга рабіць на ўроку? Напрыклад, ці можа знаходзіцца на стале мабільны тэлефон? А калі можа, то для якіх мэт? Правілы, якія прымаюцца сумесна, дзеці выконваюць са значна большай ахвотай, чым навязаныя ім зверху, і нават самі адсочваюць іх захаванне. Важна ўстанавіць паміж настаўнікам і вучнямі правільную дыстанцыю. Напрыклад, прапішыце, што настаўніка нельга запрашаць на спатканне... Для маладых педагогаў, у якіх зусім невялікая розніца ва ўзросце са старшакласнікамі, гэта можа быць актуальным.

"Аднойчы вучань паклікаў мяне на спатканне, — прызнаецца Анастасія. — Вядома, я перавяла ўсё ў жарт, але для сябе адзначыла, што заўсёды трэба быць напагатове. Настаўнік для вучняў — гэта мадэль для пераймання. Дзеці ацэньваюць, што і як мы кажам, у чым прыходзім у школу. Ніхто не кажа пра дарагія ўборы, але трэба быць цікавымі вучням ва ўсім, у тым ліку звяртаць увагу і на свой знешні выгляд. Калі мы з павагай ставімся да дзяцей, то гэта мадэль паводзінаў добра пераймаецца вучнямі. Да дзеясловаў "пайдзі", "прынясі", "зрабі" як мінімум трэба дадаваць слова "калі ласка"... Сказаць ім проста "трэба" будзе недастаткова, неабходна іх зацікавіць ці пераканаць... І абавязкова хваліце вучняў!"

Канфлікты з бацькамі здараюцца ва ўсіх без выключэння настаўнікаў, не толькі ў маладых. А здольнасць іх вырашаць, знаходзіць агульную мову, прыходзіць толькі з вопытам работы. Заўсёды ёсць бацькі, якія лёгка ідуць на кантакт, давяраюць, падтрымліваюць і гатовыя дапамагчы, калі ты пра штосьці папросіш. На іх і варта абапірацца ў першую чаргу. Сумесны адпачынак вучняў, настаўніка і бацькоў будзе вельмі карысны. Падчас такіх мерапрыемстваў наладжваюцца сувязі, устанаўліваюцца кантакты, педагог і бацькі пачынаюць лепш разумець і чуць адзін аднаго.

Анастасія ўпэўнена, што да школы нельга ставіцца проста як да месца працы. Ад стасункаў з дзецьмі і калегамі трэба атрымліваць задавальненне. "Радуйцеся поспехам, але памятайце, што пражыць без памылак і няўдач немагчыма, — кажа яна. — Захоўвайце пачуццё гумару, будзьце самі сабой. І ні ў якім разе не далучайцеся да калег, якія вельмі шмат скардзяцца: гэта "заразна" не менш, чым вірус грыпу. Лепш шукайце тое, што вас можа натхніць, свой маяк у прафесіі. Для мяне сапраўднай крыніцай натхнення стала інтэрактыўнае, перакуленае навучанне. Насамрэч вучыць дзяцей — гэта шчасце. І за маладымі настаўнікамі — будучыня..."

Будзь у курсе!

Педагагічныя майстэрні — бясплатныя мерапрыемствы для настаўнікаў. Наведаць іх могуць усе ахвотныя. Даведацца пра тэму чарговай майстэрні можна ў "Фэйсбуку" ў групе "Суполка настаўнікаў Беларусі".

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Шчасце навучаць

Каментары

Я адпрацавала 38 гадоу,але прачытала з задавальненнем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?