Вы тут

Студэнтка Ірына Паўловіч займаецца вырабам народных строяў у шэрагу тэхнік


Часам глядзіш на беларускі нацыянальны строй і нават крыху зайздросціш: якія ж былі ў нашых продкаў прыгожыя сукенкі ды кашулі! Вось бы мець нешта падобнае зараз... Чаму ж не? Ірына Паўловіч, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, ужо некалькі гадоў займаецца вырабам народных строяў у шэрагу тэхнік: ткацтва, вышыўкі, вязання, пляцення і іншых.


— Мне заўжды было цікава ствараць нешта прыгожае і карыснае, спалучаць, канструяваць, увасабляць, нават калі вынік значна адрозніваўся ад пачатковай задумы, — расказвае дзяўчына. — Некалі я моцна захапілася жывапісам, але ўвесь час заставалася крыху незадаволеная тым, што выявы нельга выкарыстаць напоўніцу. Хацелася ствараць менавіта рэчы.
Я доўга не наважвалася падысці да матэрыялу: ведаў і навыкаў, атрыманых на «працоўным навучанні» ў школе, не ставала.

Шмат чаго ў маім жыцці змянілася, калі я даведалася пра Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Пачала наведваць гурток «Шыем строй». Хацела стварыць для сябе адзенне на матыў з традыцыйнага Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, адкуль паходзіла мая прабабуля па матчынай лініі. Менавіта ў гуртку я навучылася разнастайным прыёмам, своеасаблівай логіцы традыцыйных рэчаў. Больш за тое, пазнаёмілася з сапраўднымі майстрамі і майстрыхамі, якім бязмерна ўдзячная за натхненне і навучанне і да якіх часам звяртаюся па параду. Мой строй быў гатовы ўжо праз паўгода, але, як аказалася, самае цікавае чакала мяне наперадзе.

— Можа, і адмысловыя прылады якія маеш?

— На лецішчы ёсць кросны, якія ўяўляюць сабой звычайны, былы ва ўжытку варштат пасляваеннай работы. Падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Пружаны — Кобрын 2016» мясцовыя жыхары згадзіліся аддаць яго за вельмі сімвалічны кошт. Да гэтага за кроснамі я сядзела літаральна некалькі разоў, але ўжо паспела пранікнуцца прадуманасцю і прыгажосцю ручнога ткацтва. Сваякі падтрымалі маё памкненне і згадзіліся дапамагчы ў іх транспарціроўцы, за што я ім вельмі ўдзячная. Насамрэч, кросны сталі для мяне адным з самых каштоўных набыткаў.

— Табе ў рабоце хтосьці дапамагае?

— Непасрэдна рэчы я вырабляю сама, але ёсць справы, якія самастойна не зробіш. Напрыклад, для якаснай запраўкі кроснаў — падрыхтоўкі іх да ткання — патрэбны два-тры чалавекі. Мне дапамагае маці, і гэтая справа займае ў нас звычайна некалькі дзён.

— Дзе чэрпаеш натхненне?

— Заўжды ёсць ідэі, якія чакаюць увасаблення, але, натуральна, з'яўляюцца яны на падставе чагосьці ўбачанага. Досыць вольна адчуваю сябе ў стварэнні «на матыў», іншымі словамі, часта раблю тое, што ўяўляецца менавіта мне, ніколі не імкнуся да дакладнай рэканструкцыі. Вялікім натхненнем для мяне застаюцца аўтэнтычныя вырабы і расповеды носьбітаў традыцыі. Калі падарожнічаю, як па Беларусі, так і па замежжы, заўжды наведваю этнаграфічныя музеі. Але ні адзін музей не заменіць гутарку з майстрамі сталага веку...

— Што для цябе самае складанае?

— Размяркоўваць час. Здараецца, што саджуся «на гадзінку» пашыць і, канешне ж, раблю гэта даўжэй, да поўнага задавальнення ад зробленага, ахвяруючы іншымі не менш важнымі справамі.

— Чаму, на тваю думку, так важна аднаўляць даўнія традыцыі?

— Па-першае, традыцыйныя рамёствы кіруюцца неверагоднай лагічнасцю і разумным выкарыстаннем матэрыялаў. Па-другое, шматлікія прыёмы і тэхнікі ўдала інтэгруюцца ў сучаснасць, пэўным чынам выпрацоўваюць непаўторны і пазнавальны стыль. Традыцыя — куды шырэйшая за арнаментаваную стужку, хочацца даносіць гэта праз рэчы, якія я раблю.

— У якой тэхніцы больш за ўсё любіш працаваць?

— Па-шчырасці, займаюся толькі тым, што вельмі падабаецца. Падкрайное адзенне мае шмат цікавых вырашэнняў з пункту гледжання канструкцыі, раскройкі, стварэння сілуэтаў і выкарыстання дробных дэталяў. Вязаць пульсэткі, усыпаныя шклянымі перлінамі, проста вельмі прыемна. Акуратна і раўнамерна ставіць каляровыя штампы рознай формы, прыдумляючы спалучэнні і кампазіцыі, — неверагодна захапляльна. Пра ткацтва магу казаць бясконца, бо гэта праца, якая патрабуе высілкаў, часу, цярпення, прадумвання і некаторага «праграмавання» вынікаў, а адчуванне наяўнасці сваёй тканіны — неперадавальнае.

Апошнім часам заказы паступаюць усё часцей, чаму я вельмі рада: гэта магчымасць спрабаваць нешта новае.

— Плануеш развіваць свой асабісты брэнд?

— Натуральна, думаю працягваць працу, якая прыносіць шмат радасці, тым болей ёсць куды імкнуцца і чаму вучыцца. Паўнавартаснага камерцыйнага праекта пакуль не прыдумляла, але ўсё можа быць. Канешне, мару мець болей часу. Асабліва дзеля таго, каб паспець пазнаёміцца са сталымі майстрыхамі і майстрамі, пераняць традыцыю ад жывых носьбітаў і ўвасобіць яе ў сваёй творчасці — гэта, на маю думку, будзе самы каштоўны ўнёсак.

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Строі, як у продкаў, або Пад брэндам традыцый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».