Летам тысячы дзяцей весела бавяць час у лагерах адпачынку. Аднак за бесклапотнымі, на першы погляд, гульнямі і забаўкамі хаваецца насамрэч карпатлівая праца. Якім чынам яна арганізаваная? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» шукалі ў педагагічным атрадзе «Ветразь», у якім сёння распачынаецца чацвёртая, апошняя, змена.
— У нас зараз знаходзяцца 240 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў, — кажа старшы педагог дзіцячага аздараўленчага лагера «Палітэхнік» Уладзімір Самуленкаў. — Яны падзелены на 9 атрадаў. Для трэцяй змены мы абралі назвы вядомых гістарычных дынастый — Бурбоны, Цюдоры, Мін... Атрады скамплектаваны так, каб у іх уваходзілі дзеці прыкладна аднаго ўзросту плюс-мінус год. Усе важатыя — гэта або студэнты, або сёлетнія выпускнікі. Сярэдні ўзрост — 22-23 гады. У нашых шэрагах ёсць нават першакурснікі. Як правіла, яны самі неаднаразова прыязджалі ў лагер школьнікамі і таму добра ведаюць яго жыццё «знутры».
Сёлета ўвайсці ў «Ветразь» захацелі больш за 280 чалавек. Хоць атрад арганізаваны на базе БДПУ, але патэнцыяльныя кандыдаты прыходзяць з розных вышэйшых навучальных устаноў і нават каледжаў. Гэты год для атрада адметны: ён упершыню працуе на базе адразу двух лагераў — «Палітэхніка» і «Спадарожніка». У апошнім дагэтуль «Ветразь» працаваў ажно васямнаццаць гадоў.
Усе будучыя важатыя праходзяць праз спецыялізаванае навучанне. Пачынаецца яно задоўга да лета — у снежні — студзені, і ўключае ў сябе пяць этапаў. Першы з іх — гэта гутарка. Перавага на ёй аддаецца адкрытай, матываванай, шчырай моладзі. Дапамагае ў адборы кваліфікаваны псіхолаг.
Пасля гутаркі кандыдаты ў важатыя дзеляцца на мікрагрупы, за імі замацоўваюцца куратары, якія даюць заданні на выхад з зоны камфорту, праверку прафесійнай прыдатнасці, псіхалагічную сумяшчальнасць. Такая работа доўжыцца каля трох тыдняў. Тыя, хто на гэтым этапе не адсеяўся, пераходзяць да вочнага навучання. Яно шмат у чым падобнае да класічных універсітэцкіх заняткаў, але асноўны ўпор зроблены на семінары і трэнінгі. Пасля ідзе практыка. Шматлікія мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках лагера, размяркоўваюцца паміж навучэнцамі і «прайграюцца». Бо калі будзе прабел у ведах, то давядзецца экстранна выпраўляць сітуацыю ўжо на месцы, а кантакт «важаты — дзеці» рызыкуе быць парушаны. І «вішанька на торце» — выязное навучанне непасрэдна ў лагеры. За тры дні будучыя важатыя мадэлююць усе магчымыя сітуацыі — заезд, рассяленне, кантакты з бацькамі, вячэрнія «свечкі»-зборы, дзе члены атрада абмяркоўваюць адзін аднаго. З 280 чалавек, якія пачыналі вучобу, навучанне паспяхова скончылі толькі 200.
Кацярына Макарава працуе важатай у атрадзе «Ветразь» ужо другі год, яна скончыла другі курс БДПУ. Вучыцца дзяўчына на факультэце дашкольнай адукацыі. Пад яе кіраўніцтвам — дынастыя «Бурбоны».
— Мае выхаванцы — дзеці ва ўзросце 13-14 гадоў. Той самы пераходны ўзрост — гіперактыўнасць і непаслухмянасць, праз што праходзілі ўсе мы, — смяецца Кацярына. — Самае складанае — сказаць падлеткам, што ўжо 22.30 і надышоў час адбою пасля дыскатэкі. А раніцай усе хочуць больш паспаць. Па першым часе яшчэ ёсць «жаваранкі», якія ўстаюць а 6-й гадзіне і нават раней, але пасля яны падстройваюцца пад іншых.
Дзень у важатага складаны. Ён пачынаецца ў 7 раніцы, а заканчваецца... Скажам так, дакладнай часавай мяжы ўвечары няма. Пад'ём у дзяцей — у 7.40. Разам з імі важатыя ідуць на зарадку, сняданак. Да абеду — гульні на свежым паветры: валейбол, піянербол, футбол, баскетбол... А яшчэ ідзе падрыхтоўка да самых разнастайных мерапрыемстваў. Напрыклад, у лагеры прайшла «Ноч музеяў». Кожная «дынастыя» прадстаўляла некалькі экспазіцый, якія ў пэўны момант ажывалі. Падчас «Легендаў музыкі» дзеці выступалі на балконах і спявалі легендарныя кампазіцыі Queen, Led Zeppelіn, Beatles... Па мастацкай кнізе здымаем двуххвілінны буктрэйлер. А яшчэ прайшоў Дзень Гары Потэра, калі па лагеры бегалі 240 маленькіх чараўнікоў. Была і «Хвіліна славы», дзе кожны мог паказаць свае здольнасці.
Першыя тры дні, як правіла, дзеці прывыкаюць адзін да аднаго. Ім крыху складана звыкнуцца і з рэжымам дня, бо звычайна яны не праводзяць столькі часу на свежым паветры. Мабільныя тэлефоны выдаюцца толькі на «ціхай гадзіне», бо актыўны адпачынак не мусіць ператварацца ў «сядзенне ў смартфоне» пад дрэвамі.
А вось бацькі з дапамогай гаджэтаў могуць сачыць за тым, як іх дзеці пачуваюць сябе ў лагеры. Фота са шматлікіх імпрэз аператыўна выкладваюцца ў сацыяльных сетках.
Цікаўлюся ў Кацярыны Макаравай, што ж яе натхніла на такую цікавую, але даволі складаную працу.
— Дзеці — гэта закрытая кніга, якую хочацца раскрыць і пакінуць у ёй добры след. Малыя ж памятаюць свайго першага настаўніка, выхавацельку ў дзіцячым садзе... Быць для кагосьці прыкладам — гэта гонар для мяне.
А наколькі складана самім важатым працаваць учацвярых?
— Сярод нас ідзе раздзяленне паўнамоцтваў. Абавязкаў вельмі шмат: прыбраць у сталовай, накрыць стол, адвесці дзяцей на працэдуры, на спаборніцтвы па футболе, майстар-класы, прыдумаць праграму мерапрыемстваў... Да таго ж мы адмовіліся ад ідэі прапаноўваць мерапрыемствы дзецям «зверху», а прыдумляем іх разам. У нас няма паняцця «гуртковая работа», мы перайшлі на фармат майстар-класаў. Самы папулярны кірунак — танцы. Карыстаецца попытам і хэнд-мэйд, пачынаючы ад выбару чахлоў на тэлефоны і заканчваючы аплікацыямі ў 3D. Тыя, хто ўмее спяваць, рыхтуюцца да конкурсу па фармаце, падобным на «Еўрабачанне». Шмат падлеткаў задзейнічаны на сілавой аэробіцы. Адным словам, занятак па душы мы знойдзем кожнаму.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.