Вы тут

Экспанаты ад Дараганаў


Гэты род шмат чаго зрабіў для Асіповіцкай зямлі. Дзякуючы Восіпу і Мацвею Дараганам у канцы XІX стагоддзя тут была пабудавана ўнікальная чыгуначная ветка ад Асіповіч да Старых Дарог, вопыт пабудовы якой потым распаўсюдзілі па ўсёй Расійскай імперыі.


Акрамя гэтага тут з'явіліся дзве станцыі, масты і шмат чаго сучаснага на той перыяд, што зрабіла Дараганава вельмі перспектыўнай вёскай. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэты род пераехаў за мяжу і сувязь надоўга абарвалася. Некалькі гадоў таму яна была адноўлена, і ў раён прыехаў са Швецыі праўнук Восіпа Дарагана Андрэй разам са сваёй жонкай Ланай. Дзякуючы ім, раённы музей атрымаў багатую калекцыю прадметаў і дакументаў славутага роду. Для іх размяшчэння былі выдзелены пяць залаў у шматпрофільным маладзёжна-падлеткавым цэнтры «Равеснік». Нядаўна сужэнцы зноў наведалі раён, у выніку чаго калекцыя музея папоўнілася яшчэ больш чым сотняй новых экспанатаў, а Свята-Панцеляймонаўская царква ў вёсцы Дараганава — фамільнымі абразамі сямейства.

— Гэта была па-сапраўднаму цёплая сустрэча, — адзначыла дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Антаніна Сцяпанава. — Прыязджалі таксама бацькі Ланы Дараган, якія жывуць у Таліне, госці з музея флоту Санкт-Пецярбурга. Частку экспанатаў Андрэй у свой час перадаў і туды. Зараз ён з жонкай прывёз шмат дакументаў і сямейных фота, некаторыя прадметы быту, жаночыя аксесуары. У гонар гэтай сустрэчы ў залах экспазіцыі роду Дараганаў адбыўся святочны баль. Андрэй прызнаўся, што адчувае сябе на радзіме продкаў як дома. І гатовы сюды вяртацца яшчэ не раз.

Раён арганізаваў для Андрэя і Ланы экскурсію па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Дараганаў. Яны наведалі храм і святую крыніцу ў Прошчы, школьны музей у аграгарадку Дараганава, вёску Крынка, дзе раней знаходзіўся маёнтак Восіпа Дарагана. Але асабліва сужэнцы радаваліся сустрэчы з тымі людзьмі, якія за гады знаёмства сталі ім амаль роднымі. Шмат чаго для вяртання гістарычных каштоўнасцяў на радзіму зрабіла былая дырэктар школьная музея ў Дараганаве Жанна Караленя. Гэта менавіта дзякуючы ёй была адноўлена сувязь з нашчадкамі знакамітага роду і завязалася доўгатэрміновае плённае супрацоўніцтва. Андрэй і Лана вельмі цёпла адносіліся да Жанны Сямёнаўны. На жаль, гэтым разам сустрэцца ў яе з гасцямі не атрымалася. Вясной таленавітай настаўніцы і шчырай жыццялюбкі не стала — яна заўчасна пайшла з жыцця пасля працяглай хваробы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.