Вы тут

Узрост — справе перашкода?


Вольга АНУФРЫЕВА, рэдактар «МС»:

— Калі рыхтавалі да публікацыі матэрыялы сённяшняга нумара, зачапіў загаловак аднаго з іх: «Я ў дворнікі не пайду. Непрэстыжна!». А вось ёсць тыя, для каго працаваць тым самым дворнікам — вялікі поспех. Але гэта, як той казаў, прэамбула, а вось сама гісторыя, якая не дае мне спакою каторы ўжо дзень, прыкладаецца...

Нядаўна на прыём грамадзян па асабістых пытаннях, якія я праводжу як дэпутат гарадскога Савета, запісаўся жыхар маёй выбарчай акругі. Па тэлефоне быў лаканічны, маўляў, па пытанні працы хацеў бы з вамі паразмаўляць... Пры асабістай сустрэчы падзяліўся бядой: сёння вось звальняюць і трэба ехаць па працоўную кніжку. Галоўная прычына непрадаўжэння кантракта — узрост: мужчыну ўжо 69 гадоў, і, на думку кадравай службы, дворнікам ў такім шаноўным узросце ўжо працаваць нельга.

— Мне кажуць: а раптам ты памрэш на працы? Я ж яшчэ такі дужы: у сакавіку прайшоў медкамісію, якая пацвердзіла маю прафпрыдатнасць... Можа, рана спісваць мяне ва ўтыль, калі я магу і, галоўнае, хачу працаваць? — задаецца пытаннем суразмоўнік. — У інтэрнат для састарэлых мне яшчэ рана, я хачу быць карысным грамадству...

У гэтым месцы яму могуць запярэчыць: людзі далёка не пенсійнага ўзросту не могуць уладкавацца на працу, а гэты ўжо зарабіў сабе на хлеб да старасці, вось няхай цяпер і адпачывае.

У сваю чаргу, таксама хочацца ўставіць пяць капеек, прычым па адной манетцы:

— Майму заяўніку на выгляд ніяк больш за 60 не дасі, і нават не паварочваецца язык ужыць да яго азначэнні «стары» або «дзядуля» (відавочна, што свой працоўны патэнцыял яшчэ не растраціў).

— У Працоўным кодэксе НЯМА артыкула, дзе прычынай непадаўжэння працоўных адносін з'яўляецца паважны ўзрост работніка (тым больш што верхні парог працаздольнасці паступова павышаецца, і хай бы сабе чалавек працаваў, калі ён гэтага хоча). Да таго ж сёння мы прымушаем працаваць тых, каго называем утрыманцамі, у той час як не даём магчымасці працягваць працоўную дзейнасць таму, каго іншы наймальнік наўрад ці прыме на працу з-за ўзросту.

— Не за высокую ж кіруючую пасаду так трымаецца чалавек, а за самую простую, працоўную. Адна з прычын — недахоп сродкаў, бо чалавек жыве ў арэнднай аднапакаёўцы, за якую штомесяц (у залежнасці ад сезона) траціць ад 140 да 200 рублёў.

— Вы ведаеце, мая пенсія складае 350 рублёў. Аддам за кватэру — застанецца 150 на месяц. Вы не падумайце, я з голаду не памру: перайду на хлеб з ліверкай, скардзіцца на жыццё не буду, — запэўнівае суразмоўца. — Але так хочацца яшчэ хоць з паўгода папрацаваць, асабліва цяпер, калі зарплату паднялі да 400 рублёў.

— Работнікі пенсійнага ўзросту — адны з самых дысцыплінаваных і старанных (магчыма, савецкая загартоўка не прайшла для іх дарэмна).

— Я ж ні разу не адмовіў майстру, каб выйсці на чужы ўчастак працы і ў любы час, — у пацвярджэнне гэтаму кажа заяўнік.

Аб гэтым я кожны раз успамінаю, калі ацэньваю працу нашага новага маладога дворніка, якога бачыла хіба што некалькі разоў. Тым часам як былая дворнічыха, каларытная цётка Манька, скардзілася аднойчы, што яе таксама адправілі на пенсію. Дык вось яна пачынала працаваць а пятай гадзіне кожную раніцу і нават рабіла гэта па суботах. Ад яе мятлы прачынаўся ўвесь двор, але жыхары не скардзіліся, бо разумелі, што наводзіць прыгажосць для нас: прыбірае лісце, ачышчае снег ці выносіць смецце, што пакінулі на лавачцы маладыя кампаніі.

І нарэшце, у якасці апошняга аргумента хочацца адзначыць, што памерці на рабочым месцы ад не звязаных з вытворчасцю прычын можна ў любым узросце. Проста паверце майму жыццёваму вопыту.

Чытач спытае: які вынік усёй гэтай гісторыі? Дэпутацкі запыт у адрас наймальніка з просьбай не пакідаць чалавека за мяжой беднасці прынёс свой плён. Вярнуць мужчыну на ранейшае месца ўжо было немагчыма, бо канчатковы разлік пры звальненні быў ажыццёўлены (якраз у дзень звароту) і на вакантнае месца ўжо бралі іншага дворніка. Але майму заяўніку прапанавалі месца ў ЖЭСе, непадалёк ад яго дома.

Словам, хэпі-энд, якіх, на жаль, у нашым жыцці не так ужо і шмат...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».