Вы тут

Валерыу Бутулеску: Нейкі час я жыў у душы адной жанчыны. Якая цесната!


Ёсць кніжкі, якія можна чытаць з сярэдзіны, уроскід, можна адразу зазірнуць на апошнюю старонку. Іх змест не прывязаны да нейкага сюжэта. І не таму, што аўтар выношваў новы мадэрнісцкі стыль напісання. Проста мудры і таленавіты аж да геніяльнасці пісьменнік здольны ў кароткія выказванні ўкладаць глыбокія разважанні і трапныя высновы. Кніжка афарызмаў слыннага румынскага пісьменніка Валерыу Бутулеску «Пясчаны аазіс» у перакладзе на беларускую мову Міры Лукшы трапіла мне ў рукі выпадкова. І стала настольнай.


У адрозненне ад тых, хто карыстаецца пры напісанні твораў прыёмам «плынь свядомасці», насамрэч агаляючы сваё падсвядомае, Валерыу Бутулеску імкнецца «забальзамаваць» свой унутраны маналог, надаючы яму завершаную форму ўсвядомленай думкі. У афарызме № 355 аўтар пажартаваў над сваім выбарам такога жанру: «Тоўстыя кнігі выклікаюць павагу. Але часта застаюцца непрачытанымі». Не думаю, што напісанае ім не чытаецца. Больш за тое, Бутулеску самы перакладаемы сучасны літаратар Румыніі: толькі афарызмы перакладзены на больш як 150 моў свету!

На радзіме і за мяжой пастаўлены 17 яго п'ес. Як драматург ён атрымаў шмат узнагарод, з'яўляецца пераможцам многіх прэстыжных літаратурных фэстаў Балгарыі, Грэцыі, Італіі, Польшчы, Канады і інш. І не дзіва, бо паспяховасці спектакля ў значнай ступені спрыяе пільнасць даследчыка (у гэтым выпадку даследчыка з'яў грамадскага жыцця), а таксама дакладнасць і лаканічнасць апавядальніка. Ці не таму некаторыя афарызмы Бутулеску нібы вырваныя з кантэксту сцэнічных дыялогаў: «Яны не чыталі Дантэ. Яны пра яго чулі і таму лічыліся навукоўцамі», «Неяк убачыў на дрэве дырэктара. Кожная галінка дрыжала пад цяжарам адказнасці», «Трэцяе месца. Першыя два не прысуджаліся з-за адсутнасці грошай», «Першае, што нам хочацца зрабіць, атрымаўшы дрэнную навіну, перадаць яе далей».

А вось гумарыстычнае выказванне «Гэта анталогія нагадвае брацкую магілу», як мне падалося, ужо раней чытала ў дачыненні да нейкага чарговага калектыўнага паэтычнага зборніка. Як, дарэчы, і некаторыя іншыя літаратурныя «перлы», што без аўтарства з'яўляюцца зрэдчас на стужцы навін у розных сацыяльных сетках. Пра плагіят, дарэчы, у Бутулеску таксама ёсць адпаведны выраз: «Некаторыя становяцца вядомымі, прыводзячы цытату без двукоссяў». А яго стаўленне да цытавання чужых думак вельмі адназначнае: «Цытаты — фігавае лісце, якое захінае галечу душы».

Ад паблажлівага гумару да рэзка выкрывальнай сатыры, ад асабістых усвядомленых заган да балячак і пошасцяў грамадства прасціраецца дыяпазон аўтарскай творчасці. Высмейвае пісьменнік духоўнае мяшчанства: «Наведаць усе музеі свету і ўспамінаць толькі цэны на білет», «Відаць, грошы — галоўны прынцып жыцця. Пакуль ёсць грошы, можна сабе дазволіць прынцыпы», «З усіх мастацтваў больш за ўсё прыхільнікаў у кулінарнага».

Як прыемна, калі ў творах пісьменніка знаходзіш думкі, сугучныя тваім! А ў невялічкай кніжачцы Валерыу Бутулеску амаль кожны афарызм — нібы адлюстраванне тваіх уласных перажыванняў, расчараванняў і надзей, увасобленых у трапных сказах, што так густоўна аздоблены перчыкам сарказму. Напрыклад: «Што перашкаджае рэформам? Людзі захавалі стары спосаб мыслення, уключаючы апетыт», «Толькі ў хвіліны сумневу я знаходжу раўнавагу», «Госпадзі! Ці ёсць у Цябе алібі ў Варфаламееўскую ноч?»

Алегорыя, эзопава мова не маскіруюць думку аўтара, а толькі падкрэсліваюць яе выснову: «Смеццю прысніўся кашмар — венік», «Ластаўкі адлятаюць восенню. Застаюцца абцяжараныя адказнасцю вароны», «Змей меў рацыю: няма раю там, дзе няма кахання».

Трапіўшы ў свет палітычных баталій у якасці члена парламента, аўтар афарызмаў папоўніў свой жыццёвы вопыт чарговымі адкрыццямі, якія спарадзілі новыя фразеалагізмы: «То налева, то направа. Так робіць кар'еру змяя», «Гаспадары сусвету? Мы — мурашы, якія згубіліся на экватары яблыка», «Можна запэцкацца і парашком для чысткі».

Калі я чагосьці не зразумела або пераклад быў не вельмі дасканалы, ведаю — аўтар не пакрыўдзіцца, бо не можа крыўдаваць чалавек, які сцвярджае: «Уяўленне чытачоў і памылкі друку надаюць афарызмам новы сэнс».

Ала КЛЕМЯНОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.