Вы тут

Ігар Лучанок адсвяткаваў 80-годдзе


Бадай, адной з самых заўважных культурных падзей тыдня стаў 80-гадовы юбілей вядомага кампазітара Ігара Лучанка. Круглую дату народны артыст СССР і Беларусі, доктар навук, прафесар, акадэмік, старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі адзначыў без лішняй помпы і пафасу, разам з сябрамі — звыкла седзячы за піяніна на сцэне Рэспубліканскага дома моладзі.


Павіншаваць і сёння маладога душой лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола прыйшлі не толькі сябры і калегі-музыканты, але і вядомыя выканаўцы, прадстаўнікі дзяржорганаў, дэпутаты, а таксама актывісты маладзёжнага руху. Так, камсамольцы 80-х падрыхтавалі для імянінніка творчае віншаванне, уручылі ўнікальны юбілейны камсамольскі білет, а прадстаўнікі БРСМ дадалі да музычнай праграмы 10-кілаграмовы святочны торт.

«У мяне аднаго нічога б не атрымалася, са мной заўжды былі побач Уладзімір Мулявін, ансамбль «Песняры», Іосіф Кабзон. Я знаходжу натхненне ў стасунках з людзьмі», — сказаў у адказ на сяброўскія віншаванні кампазітар і дадаў, што ў яго няма любімай уласнай песні: «Усе яны — мае дзеці».

Адмысловым падарункам не толькі для кампазітара, але і для даўніх прыхільнікаў яго творчасці стаў дакументальны фільм «Ігар Лучанок: аб песнях, Радзіме, аб сябрах», які прэзентавалі на ўрачыстым вечары аўтар-сцэнарыст, рэжысёр Уладзімір Арлоў і прадзюсар, кіраўнік студыі дакументальнага фільма Уладзімір Бокун. Асновай стужкі, якая складаецца з навел, прысвечаных самым вядомым песням Лучанка, сталі інтэрв'ю Ігара Міхайлавіча і яго жонкі Аляксандры Рыгораўны, якія пражылі разам ужо 53 гады, а таксама рэдкія кадры 1982 года з Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

8 жніўня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася выстаўка «Зачараваны музыкай», прысвечаная Ігару Лучанку. Убачыць дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі, афішы розных гадоў, некаторыя асабістыя рэчы кампазітара можна будзе да 24 жніўня.

Дарэчы, сёлета знакавую дату адзначылі ўжо некалькі разоў — тэматычнымі канцэртамі на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, на «Славянскім базары ў Віцебску», таксама ў канцы верасня адбудзецца гала-канцэрт у гонар Ігара Лучанка ў Белдзяржфілармоніі.

Яшчэ 5 фактаў пра Ігара Лучанка

  1. Песня-балада «Памяць сэрца» на вершы паэта М. Ясеня ў выкананні Віктара Вуячыча ў 1966 годзе стала пераможцай І Усесаюзнага конкурсу савецкай песні. Сярод канкурэнтаў беларусаў на конкурснай сцэне былі не хто-небудзь, а Іосіф Кабзон і Вадзім Мулерман, якія ў выніку сталі толькі лаўрэатамі. З гэтай гісторыі магло б вырасці непрымірымае саперніцтва, а атрымалася — шматгадовае сяброўства.
  2. Агулам на творчым рахунку кампазітара больш як 300 песень, прычым некаторыя з іх, як «Польку беларускую», слухачы лічаць народнымі. А на самыя вядомыя лірычныя кампазіцыі — «Алеся,» «Вераніка», «Зачарованая» ды іншыя — кампазітара натхніла жонка.
  3. Прыпеў «Песні пра Мінск» гучыць у беларускай сталіцы штогадзіну — на курантах гарадской ратушы.
  4. Скончыўшы ў 1961 годзе Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, кампазітар на гэтым не спыніўся і атрымаў яшчэ дзве вышэйшыя музычныя адукацыі — у Ленінградскай і Маскоўскай кансерваторыях.
  5. Аўтарству Лучанка належыць адна з першых савецкіх рок-опер — «Гусляр» на словы Янкі Купалы, напісаны супольна з ансамблем «Песняры».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пад знакам Лучанка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».