Вы тут

Якія парушэнні знаходзіць Транспартная інспекцыя падчас рэйдаў?


«З'езд у кювет ранкам бадзёрыць лепей за каву. Дзякуй, што без ахвяр», — з такімі словамі «ўдзячнасці» на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы звярнулася да фірмы-перавозчыка пасажырка міжнароднага рэгулярнага рэйса Мінск — Бабруйск — Мазыр — Кіеў — Адэса.
На борце — 47 чалавек, амаль палова — дзеці.
4.30 раніцы. У кювеце каля вёскі Светачоўка пад Оршай ляжыць на баку аўтобус, больш за 50 пасажыраў якога ехалі з Кіева ў Талін. Частку з іх шпіталізавалі, але сур'ёзных траўмаў, як і ў першым выпадку, ніхто не атрымаў.

Падобныя гэтыя аварыі не толькі маршрутам і шчаслівым выпадкам у выглядзе адсутнасці ахвяр, але і найбольш магчымай прычынай інцыдэнтаў: кіроўца заснуў за рулём.


Экі­паж  Транс­парт­най  ін­спек­цыі.

Восем гадзін раніцы, дыспетчарская станцыя «Дружная» Мінска. На прыпынках, паміж аўтобусамі стаяць групкі людзей — чамаданы і заплечнікі выдаюць у іх будучых падарожнікаў. Хтосьці топчацца ў чаканні свайго рэйса да мора, а некаторыя ўжо грузяць рэчы ў велізарныя турыстычныя аўтобусы. Нават сярод гэтай мітусні лёгка заўважыць герояў матэрыялу: форменныя кепкі, салатныя жылеты са святловяртальнымі стужкамі і надпісам «Транспартная інспекцыя». Экіпаж складаецца з двух вядучых спецыялістаў упраўлення кантролю аўтамабільнага транспарту філіяла Транспартнай інспекцыі па горадзе Мінску і Мінскай вобласці. Уладзімір Марцінеўскі на службе ва ўстанове ўжо 10 гадоў. Пра свайго калегу Вячаслава Саржыцкага жартуе, што той працаваў у інспекцыі яшчэ да яе з'яўлення. Але, як вядома, у любым жарце толькі частка жарту: Вячаслаў Міхайлавіч быў супрацоўнікам «Інтэраўтатранса», які пазней ператварыўся ў Транспартную інспекцыю.

Сёння спецыялісты выйшлі на кантроль рэжыму працы і адпачынку кіроўцаў міжнародных аўтамабільных пасажырскіх перавозак. Транспартная інспекцыя мае права на тэрыторыі Беларусі праводзіць праверку любых транспартных сродкаў, якія здзяйсняюць міжнародныя пасажырскія ці грузавыя рэйсы.

— Мы правяраем у асноўным транспарт, які вяртаецца з падарожжа. Кантроль ажыццяўляецца на аснове даных тахографаў — лічбавых альбо аналагавых. Кіроўца абавязаны даць паказанні гэтага прыбору і ліст пацвярджэння дзейнасці за 28 + адзін дзень, у якім пазначана, колькі ён адпачываў. Картка з лічбавага тахографа ўстаўляецца ў камп'ютар, і счытваецца ўся неабходная інфармацыя. Зразумела, працаваць з імі значна прасцей, але такія прыборы маюць толькі новыя транспартныя сродкі. Большасць кіроўцаў карыстаецца аналагавымі і прад'яўляе тахаграмы, з-за іх формы названыя «шайбамі», — кажа Уладзімір Марцінеўскі. — Каб не ўскладняць працу перавозчыкам і не было скаргаў ад пасажыраў аўтобусаў, якія адбываюць, мы праводзім іх толькі візуальны агляд. Пераконваемся, што няма разбітага лабавога шкла, зносу пратэктараў, рознага малюнка пратэктара колаў адной восі.

Пакуль размаўляем з Уладзімірам Марцінеўскім, яго калега правярае аўтобус, які прыехаў з Украіны. Па словах транспартнікаў, большасць турыстычных рэйсаў з Беларусі адпраўляецца цяпер у напрамку Затокі, Адэсы.

— У гэтага кіроўцы — парушэнне. З 31 ліпеня па 2 жніўня ён не пераводзіў тахограф у рэжым адпачынку. Атрымалася, што мужчына знаходзіўся на рабочым месцы двое сутак, — тлумачыць Вячаслаў Саржыцкі.

Калі на рэйсе працуе экіпаж з двух чалавек (а такіх на міжнародных пасажырскіх перавозках большасць), за 30 гадзін адпачынак павінен быць не менш за дзевяць гадзін. Праз кожныя чатыры з паловай гадзіны ў кіроўцы абавязковы перапынак — 45 хвілін. Пасля шасці перыядаў кіравання па 24 гадзіны ён не можа абысціся без сутачнага адпачынку.

Выявіўшы парушэнне, спецыяліст выпісвае штраф. Кіроўца не супярэчыць: «Правініўся — заплачу!» Пакуль украінец шукае найбліжэйшы банк, працягваем размову.

— Парушэнне рэжыму працы і адпачынку — самая распаўсюджаная памылка кіроўцаў міжнародных рэйсаў. Пры згодзе віноўніка штраф пачынаецца ад пяці базавых велічынь (122 рублі 50 капеек). Для грамадзян Беларусі мы выпісваем пастанаўленне, і штраф можна аплаціць на працягу месяца.

У сувязі з частымі ДТЗ Транспартная інспекцыя прыняла рашэнне аб правядзенні праверак аўтобусаў, якія перавозяць турыстычныя групы грамадзян Рэспублікі Беларусь на адпачынак. Маніторынг арганізаваны ў пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу, а таксама ў месцах прыбыцця аўтобусаў пасля высадкі пасажыраў. Амаль за месяц праверана 643 аўтобусы, з іх 545 належаць беларускім перавозчыкам і 98 — замежным. Выяўлена 130 фактаў парушэння кіроўцамі рэжыму працы і адпачынку. У тым ліку філіялам Транспартнай інспекцыі па горадзе Мінску і Мінскай вобласці праверана 125 аўтобусаў. Вызначана каля 40 фактаў парушэння кіроўцамі рэжыму працы і адпачынку. Кантрольныя мерапрыемствы працягваюцца.

Вядучы спецыяліст Уладзімір Марцінеўскі аглядае аўтобус, які накіроўваецца ў падарожжа. Кіроўца хвалюецца: «Няма часу! Усё ў парадку! Тры дні на «адстоі» стаяў».

Та­хаг­ра­мы,  пра­зва­ныя «шай­ба­мі».

— «Адстой» на слэнгу кіроўцаў — гэта адпачынак, — тлумачыць супрацоўнік Транспартнай інспекцыі.

— А бываюць выпадкі, калі самі пасажыры скардзяцца на кіроўцаў?

— Звычайна наадварот, абараняюць, бо хочуць хутчэй даехаць на адпачынак. А калі назад вяртаюцца, падчас падарожжа ўжо могуць і сябрамі стаць, таму скаргаў ад іх няма.

Станцыя «Дружная» выбрана пунктам кантролю як самае папулярнае месца адбыцця і вяртання міжнародных аўтобусных маршрутаў (што значна раздражняе кіроўцаў гарадскога камунальнага транспарту). Апошні час канцавым прыпынкам гэта месца з'яўляецца для невялікай колькасці рэйсаў: аб прысутнасці тут транспартнікаў кіроўцы паведамляюць адзін аднаму з дапамогай радыёстанцый. Пасажыраў пачынаюць высаджваць на шляху: каля метро, гандлёвых цэнтраў.

— Але і гэтыя прыпынкі мы ведаем. Можам аператыўна змяніць месца праверкі, — запэўніваюць супрацоўнікі Транспартнай інспекцыі. —
За васьмігадзінную змену правяраем ад 10 да 15 аўтобусаў. Калі пачыналі на гэтым пункце працаваць, было больш.

Кіроўца-міжнароднік, які працуе на пасажырскіх рэйсах, павінен мець пасведчанне катэгорыі Д са стажам на аўтобусе М2 (колькасць пасажыраў звыш васьмі і агульнай масай да пяці тон) два гады, М3 (колькасць пасажыраў звыш васьмі і агульнай масай звыш пяці тон) тры гады і дакумент аб заканчэнні курсаў для такіх спецыялістаў.

На стаянцы заўважаю кіроўцу турыстычнага аўтобуса, які павольна ходзіць па пляцоўцы, пытаю:

— Як ставіцеся да калег, якія парушаюць рэжым?

— На дарозе бывае ўсякае, але галоўнае — разумець, што ты адказваеш не толькі за сваё жыццё, але і за жыцці пасажыраў.

— Пападаецеся на парушэннях?

— Калі б пападаўся, то дзяцей бы не перавозіў.

— Гэтыя аўтобусы належаць дзіцячаму цэнтру адпачынку, — падказвае мне вядучы спецыяліст Транспартнай інспекцыі.

Цікаўлюся, што супрацоўнікі ведамства думаюць аб прычынах рэзанансных аварый?

— Падрабязнасцяў не ведаем, таму цяжка канкрэтнае нешта сказаць. Чатыры-пяць гадзін раніцы — вельмі складаны для кіроўцаў час. Яны нярэдка засынаюць. Уначы мы рэкамендуем змяняцца кожныя тры гадзіны. Чалавечы фактар. Мабыць, ехаў, хацеў дацягнуць да канца змены, але...

Прыбывае яшчэ адзін аўтобус. Кіроўца па просьбе прыносіць ужо вядомыя «шайбы» аналагавага тахографа.

— На прыборы ёсць некалькі граф, на якіх пазначаны перыяд кіравання і хуткасць. Транспарт спыняецца — прыбор можа аўтаматычна перайсці ў рэжым адпачынку, ці трэба яго перавесці ўручную. Калі адзін член экіпажа кіруе транспартным сродкам, другі знаходзіцца ў пасіўным рэжыме — на «шайбе» гэта пазначана «канвертам». Калі кіроўца запраўляецца, праходзіць мяжу, ён павінен пераставіць тахограф у рэжым «малаточкаў» — актыўнай працы. Ёсць пасіўная, актыўная праца. Усе гэтыя пазіцыі на тахаграмах адлюстроўваюцца, — тлумачыць прынцып работы прыбора Уладзімір Марцінеўскі.

Тахографамі павінны быць абсталяваны ўсе транспартныя сродкі, якія здзяйсняюць міжнародныя грузавыя (масай звыш 3,5 тоны) і аўтобусныя пасажырскія перавозкі. Згодна з нашым заканадаўствам унутраныя рэйсы могуць не карыстацца такімі прыборамі.

Кантроль аўтатранспарту — толькі адзін з кірункаў работы Транспартнай інспекцыі. Ведамства ажыццяўляе кантроль вагагабарытны, чыгуначнага транспарту, авіяцыйнай бяспекі, кантроль за платнымі дарогамі і выдачу картак лічбавага тахографа кіроўцам і прадпрыемствам.

Спецыялісты сцвярджаюць: «Наша задача — працаваць на папярэджанне, а не на пакаранне парушальнікаў. Нам важна, каб яны ўсвядомілі сваю віну».

Сістэма праверкі і штрафаў распрацавана не для таго, каб кіроўца заплаціў грошы. Галоўнае, каб ён усвядоміў сваю памылку і наступны раз не рызыкаваў ні сваім жыццём, ні жыццямі пасажыраў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Шайбы», «канверты» і «малаточкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».