Вы тут

Палове айцішнікаў — да 31 года


Удзельная вага моладзі сярод працуючых складае 22,6 %. Асноўная доля занята ў крэатыўнай індустрыі. Самы маладзёжны від эканамічнай дзейнасці — інфармацыйныя тэхналогіі (51,4 % работнікаў гэтай галіны — да 31 года). У сферы паслуг па часовым пражыванні і харчаванні маладыя людзі складаюць 38,8 % ад агульнай колькасці работнікаў, інфармацыі і сувязі — 38,1 %, аптовым і рознічным гандлі, рамонце аўто — 31 %, фінансавай і страхавой дзейнасці — 27,5 %.


— Доля грамадзян ва ўзросце да 31 года сярод кіраўнікоў — каля 6 %, сярод спецыялістаў — 42 %, — канстатуе кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА.

Колькасць моладзі сярод зарэгістраваных беспрацоўных штогод скарачаецца — такая тэндэнцыя звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй. На сёння доля гэтай катэгорыі сярод незанятых беларусаў — 28,5 %. Для параўнання: у 2000 годзе паказчык быў роўны 52 %, у 2015-м — амаль 34 %.

У адпаведнасці з заканадаўствам, моладзь, якая ўпершыню выходзіць на рынак працы, адносіцца да сацыяльна ўразлівай катэгорыі, таму для яе прадугледжаны дадатковыя гарантыі занятасці. Напрыклад, браніраванне рабочых месцаў — на гэты год іх «зарэзервавалі» для 3795 чалавек. Такая бронь устанаўліваецца практычна ўсім прадпрыемствам у раёне. За неабгрунтаваны адказ юнаму работніку — штрафныя санкцыі.

Набрацца працоўнага вопыту моладзь можа ў студатрадах. Сёлета ў Беларусі было сфарміравана 884 атрады па сямі профілях дзейнасці: будаўнічым, сельскагаспадарчым, педагагічным, сэрвісным, экалагічным, медыцынскім і вытворчым. Узрост байцоў — ад 14 да 21 года. На 1 жніўня ў складзе студэнцкіх атрадаў адпрацавала 10,5 тысячы чалавек. Індывідуальна ўладкаваны на работу былі больш за тысячу чалавек.

— Каля 500 байцоў працуе ў Расіі — гэта будаўнічыя, педагагічныя і сэрвісныя атрады, — расказвае пра міжнароднае супрацоўніцтва другі сакратар ЦК БРСМ Алег ДЗІКУН. — Упершыню ў нас з'явіўся атрад у Малдове: 31 чалавек выехаў на ўборку ўраджаю. Збіралі персікі, цяпер узяліся за вінаград. Хлопцы і дзяўчаты вельмі задаволеныя. Спадзяюся, гэты кірунак для нас будзе развівацца, і налета туды паедзе 100—200 чалавек. Таксама будзем адпрацоўваць у наступным годзе такі кірунак, як Узбекістан.

Заробкі розныя. Самыя высокія — у будаўнічых атрадах: да 1500 рублёў у месяц. Байцы на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы атрымліваюць у сярэднім 700 рублёў. Сярэдні заробак у сельскагаспадарчых атрадах — 300 рублёў, у педагагічных — 200—350. Моладзь, якая шчыруе ў Малдове, можа разлічваць на тысячу рублёў.

У лагерах працы і адпачынку пабывалі 13,3 тысячы школьнікаў. Навучэнцы займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, фарбаваннем, рамонтам кабінетаў, праполваннем, пабелам дрэў, пашывам спецадзення і бялізны, вырабам сувеніраў. Сярэднія заробкі дзяцей складаюць ад 80 да 220 рублёў у залежнасці ад колькасці працоўных дзён і формы арганізацыі лагера.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».