Вы тут

Прэзідэнт наведаў дзіцячую бальніцу ў Гомелі і «Гомсельмаш»


Чарговая рабочая паездка кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў Гомель. Падчас яе былі разгледжаны пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Супрацоўнікі «Гомсельмаша» таксама змаглі задаць пытанні Прэзідэнту.


Найперш — здароўе

Рэканструкцыя дзіцячай абласной клінічнай бальніцы праходзіла два гады. У выніку колькасць ложкаў павялічана да 552 адзінак. З іншых клінік пераведзены ўсе дзіцячыя аддзяленні хірургічнага і саматычнага профіляў, аддзяленні для нованароджаных і неданошаных дзетак. З'явілася магчымасць арганізаваць работу алергалагічных ложкаў.

Прэзідэнт прайшоўся па будынку, наведаў кабінет МРТ, аперацыйныя тэрміновых і планавых аперацый, а таксама неанатальны блок, пагаварыў з супрацоўнікамі бальніцы. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на некаторыя моманты, якія яшчэ трэба дапрацаваць. Першае — даўкамплектаваць бальніцу новым сучасным абсталяваннем, другое — паглядзець на колькасць персаналу, каб яна была аптымальнай для ўстановы.

Міністр аховы здароўя Валерый Малашка паведаміў Прэзідэнту асноўныя паказчыкі па лячэнні дзяцей. Напрыклад, адзначыў, што ў апошнія дзесяць гадоў дзіцячая смяротнасць у нас рэзка знізілася. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што гэта бальніца стала базай для навучання студэнтаў медуніверсітэта: рыхтуюць свае кадры на месцы.

* * *

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік расказаў пра асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, адзначыўшы, што ўсе яны выконваюцца. Таксама губернатар закрануў тэму прамысловасці, гаворачы пра мадэрнізацыю заводаў. Размова зайшла і пра ўборачную кампанію. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на поўначы і на паўднёвым усходзе вобласці стан нездавальняючы. Гэта адбылося не столькі з-за кліматычных умоў, колькі з-за халатных адносін з боку кіраўніцтва. Прэзідэнт звярнуў на гэта ўвагу Уладзіміра Дворніка, адзначыўшы, што неабходна прымусіць усіх працаваць як належыць.

Чарга за суперкамбайнам

На «Гомсельмашы» Аляксандру Лукашэнку расказалі аб вытворчасці камбайнаў і суперкамбайнаў. Прэзідэнт пацікавіўся, якія праблемы былі выяўлены падчас выпрабаванняў, што неабходна дапрацаваць. Таксама кіраўнік дзяржавы шмат увагі ўдзяліў неабходнасці трымаць узровень канкурэнтаздольнасці, у тым ліку ўлічваючы пэўнае саперніцтва з расійскімі вытворцамі.

Генеральны дырэктар «Гомсельмаша» Аляксандр Камко адзначыў, што прадпрыемства моцна адчувае канкурэнцыю з Расіяй. Таксама ён расказаў пра імпартазамяшчальны эфект, якога ўдалося дасягнуць, і стратэгію развіцця да 2030 года. Зараз пяць мадэляў камбайнаў праходзяць выпрабаванні і будуць ставіцца на вытворчасць у 2019-м і наступных гадах.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна шукаць варыянты, як працаваць у няроўных умовах і канкурыраваць, не парушаючы тэхналагічны працэс. Неабходна выкарыстоўваць сваю перавагу. Таксама кіраўнік дзяржавы прапанаваў прапрацаваць праграму на ўзроўні ўсёй краіны, якая прадугледжвала б аднаўленне старой тэхнікі. Гэта будзе танней для ўладальніка, чым набываць новую, а для завода такі падыход азначае новы аб'ём працы. З падобным падыходам працуюць МАЗ і МТЗ.

* * *

Пасля наведвання цэха Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з супрацоўнікамі «Гомсельмаша» і адказаў на іх пытанні. Прэзідэнт расказаў, што наведаў прадпрыемства ў тым ліку для таго, каб паглядзець, як ствараецца суперкамбайн, а ў найбліжэйшыя дні плануе паглядзець, як ён працуе ў полі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што механізатары выказваюцца пра машыну добра, але важна высветліць праблемы. «Вы хочаце мадэрнізавацца. Вы хочаце інвеставаць у вытворчасць. Ёсць крэдыты, але патрэбныя гарантыі, дзяржаўныя, урадавыя. Мы разгледзім гэта пытанне, хутчэй за ўсё, мы вас падтрымаем, але пад пэўныя абавязацельствы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Асноўная мэта майго візіту — я не магу дапусціць, каб «Гомсельмаш» пры такой жорсткай канкурэнцыі, прытым нядобрасумленнай канкурэнцыі, знік з карты нашай планеты. Вядома, мы гэтага не дапусцім».

Наконт саперніцтва ў вытворчасці Аляксандр Лукашэнка выказаўся, што і з захаду, і з усходу мы заціснутыя. Прэзідэнт звярнуў увагу на падтрымку расійскага вытворцы, нягледзячы на дамоўленасці ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. «Гэта няправільна. Гэта несправядліва. І гэту праблему мы не здымаем з парадку дня беларуска-расійскіх перагавораў на ўзроўні ўрада і нават Прэзідэнта. Таму мы будзем імкнуцца, каб стварыць роўныя канкурэнтныя ўмовы».

Кіраўнік дзяржавы назваў Казахстан вельмі важным рынкам, які гатовы з намі супрацоўнічаць і ўвайсці ў капітал прадпрыемства. Прэзідэнт падкрэсліў, што не збіраецца «Гомсельмаш» прадаваць. Казахстанскі бок можа разлічваць толькі на пэўную долю акцый.

«Але самае галоўнае датычыцца вас, і я вам адкрыта ў вочы кажу: калі вы не падцягнецеся з якасцю сваёй тэхнікі, вы будзеце неканкурэнтаздольныя. І я вас тады падтрымліваць не буду», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. Якасць прадукцыі — пытанне нумар адзін.

Ад футбола да агарода

Супрацоўнікі прадпрыемства задалі тры пытанні Прэзідэнту: пра рэканструкцыю бальніцы, Еўрапейскія гульні і пра яго ўласны прысядзібны ўчастак.

«Пабудавалі палац», — такім уражаннем наконт бальніцы падзяліўся кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы найвышэйшыя тэхналогіі. «Экалогія пагаршаецца, і дзеці не ўсе нараджаюцца цалкам здаровымі. І вось такія палацы, такія цэнтры ў кожнай вобласці створаны. Неабходна было стварыць у Гомелі», — рэзюмаваў Прэзідэнт. На яго думку, атрымаўся выдатны квартал з унутраным дворыкам. Бальніцы хапае для дзетак вобласці, і ёсць яшчэ запас.

Пра свой прысядзібны ўчастак Аляксандр Лукашэнка расказаў, што стараецца вырошчваць там навінкі. Сёлета пасадзіў пяць сартоў бульбы і застаўся задаволены. Дакладна гэтаксама Прэзідэнт эксперыментуе з кармавымі культурамі, ужо ідзе чацвёрты ўкос.

Кіраўнік дзяржавы зноў закрануў тэму абнаўлення Оршы, а таксама іншых падобных гарадоў у краіне, напрыклад Барысава, Жлобіна, Мазыра, Ліды, Бабруйска, Баранавічаў.

Намеснік старшыні прафкама прадпрыемства пацікавіўся, якія ўражанні ў Прэзідэнта ад гульні «Дынама-Мінск» — «Зеніт» на сталічным стадыёне. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ўжо падзякаваў камандзе і трэнеру: «Яны падарылі свята ўсёй краіне. Малайцы». Наконт другіх Еўрапейскіх гульняў Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што гэта саперніцтва нас падагнала зрабіць добрую спартыўную інфраструктуру. Гэта станоўча адаб'ецца на турыстычнай галіне і на іміджы краіны.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дзецям — клопат, аграрыям — тэхніку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.