Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя актуальныя падзеі з удзелам беларускіх атлетаў.


1. Марына Слуцкая заваявала сярэбраную ўзнагароду на Гран-пры па дзюдо ў Будапешце. У вагавой катэгорыі звыш 78 кг спартсменка ўпэўнена дайшла да фіналу, а ў вырашальным паядынку Слуцкая саступіла знакамітай Ідаліс Орціс з Кубы.


2. Гімнаст Святаслаў Драніцкі стаў чэмпіёнам Еўропы па спартыўнай гімнастыцы сярод юніёраў у апорным скачку. У Беларускай асацыяцыі гімнастыкі адзначылі, што спартсмен паказаў добрую гатоўнасць, перамогшы ў Глазга яшчэ на стадыі кваліфікацыі — 14,283. У фінале Святаслаў таксама не пакінуў сапернікам ніводнага шанцу, зарабіўшы за сваё выступленне 14,333 бала. Другім стаў брытанец Джэйк Джэрман, трэцім — італьянец Арэс Федэрычы.

Як адзначылі ў асацыяцыі, «золата» юніёрскага чэмпіянату Еўропы стала першым гучным поспехам беларускай спартыўнай гімнастыкі за апошні час. Раней найбольш буйным поспехам маладога атлета была сярэбраная ўзнагарода ў апорным скачку на Еўрапейскім юнацкім фестывалі — 2017 у Дзьёры.


3. У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе вызначыліся чарговыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Футбалісты мінскага «Дынама» на сваім полі перайгралі «Мінск» 2:0. «Тарпеда» прымаў гасцей са «Слуцка» і саступіў з лікам 0:2. Футбалісты «Гомеля» з такім жа вынікам прайгралі ў сябе дома «Іслачы» (Мінскі раён).

Нагадаем, раней у чвэрцьфінал выйшлі «Віцебск» і прадстаўнік першай лігі нацыянальнага чэмпіянату гомельскі «Лакаматыў». Увосень пройдуць яшчэ тры сустрэчы 1/8 фіналу: «Славія» (Мазыр) — «Белшына» (Бабруйск), БАТЭ — «Гарадзея», «Шахцёр» (Салігорск) — «Дынама» (Брэст).


4. Аляксандра Сасновіч прабілася ў асноўную сетку турніру катэгорыі «Прэм'ер» у амерыканскім Цынцынаці. У паядынку 2-га раўнда кваліфікацыі Аляксандра абыграла яшчэ адну беларуску Веру Лапко — 7:6 (7:5), 6:2. Акрамя Сасновіч, у асноўнай сетцы спаборніцтваў у Цынцынаці выступаюць яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. У першым крузе Вікторыя Азаранка згуляла з іспанскай тэнісісткай Карлай Суарэс Навара, а Арына Сабаленка з брытанкай Ёханай Контай.


5. Аляксей Шпілеўскі адхілены ад трэніровачнага працэсу футбалістаў брэсцкага «Дынама». Такая інфармацыя на выхадных з'явілася на афіцыйным сайце брэсцкага клуба. Такім чынам, да дамашняга матча 3-га кваліфікацыйнага раўнда з кіпрскім «Апалонам», які адбудзецца 16 жніўня, каманду будзе рыхтаваць чэшскі спецыяліст Марцэл Лічка, які быў адным з асістэнтаў Шпілеўскага.

Нагадаем, у першым паядынку ў Нікасіі «дынамаўцы» пацярпелі буйное паражэнне ад «Апалона» — 0:4.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Перамогі, паражэнні і адстаўкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.