Вы тут

Прэзідэнт азнаёміўся з развіццём вытворчага комплексу Аршанскага раёна


І, шчыра скажам, зусім не ўзрадаваўся ўбачанаму. «Лакмусавая паперка ў рабоце ўрада» — менавіта так анансаваў гэту паездку Аляксандр Лукашэнка — дала не найлепшы вынік. За ходам камандзіроўкі кіраўніка дзяржавы прасачыў наш карэспандэнт. Забягаючы наперад, адзначым, што кіраўнік дзяржавы наўмысна мяняў запланаваны маршрут, каб убачыць тэхналагічны працэс ад пачатку да канца, а таксама рэальную сітуацыю на кожным прадпрыемстве.


Пункт першы — Аршанскі інструментальны завод

Ужо звонку яго выгляд выклікаў пытанні ў беларускага лідара: парадак навялі абы-як. Як адзначыў Прэзідэнт, калі ўжо спаўзаць на нейкую паказуху, лепш зрабіць бардзюр, але ў траву класці асфальт сэнсу дакладна няма. «Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ — за вашы бязладнасць і бязладдзе», — звярнуў увагу ён.

Унутры сітуацыя аказалася яшчэ горшая. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пры такой рабоце яму прыйдзецца накіраваць на прадпрыемства міністра прамысловасці Віталя Воўка. «У яго выбар адзін: ці турма, ці сюды, — публічна пра гэта кажу. Пакуль «двойка з мінусам» і да цябе прэтэнзій мора», — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да дырэктара завода.

Магчыма, перад Новым годам кіраўнік дзяржавы зноў наведае завод — і да гэтага часу ўсё павінна быць у такім выглядзе, каб нават прыдзірліваму воку не было за што зачапіцца.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў прычыну сваёй зацікаўленасці ў справах прадпрыемства — краіне сапраўды патрэбны гэты прадукт (завод спецыялізуецца на выпуску рэжучага, дапаможнага і вымяральнага інструменту, арыентуючыся на аснашчэнне машынабудаўнічых прадпрыемстваў. — «Зв.»). Аднак пакуль, дадаў беларускі лідар, стаўленне да яго даручэнняў — «ідыёцкае», таму ён падкрэсліў: «Міністра прамысловасці з заўтрашняга дня — сюды, і хай пачынае працаваць».

На прадпрыемстве ёсць пазітыўныя зрухі, аднак усё робіцца занадта павольна, парушаюцца тэрміны. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на стан вытворчых памяшканняў: «Хіба гэта працоўныя месцы?! Вязніца нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 долараў у месяц!»

У нездавальняючым стане знаходзіцца і абсталяванне на прадпрыемстве. З тэхнікай, якую выкарыстоўвае завод, немагчыма выходзіць на новы якасны ўзровень прадукцыі — а менавіта гэта сёння патрабуюць заказчыкі. Аляксандр Лукашэнка загадаў усё неабходнае неадкладна закупіць у айчынных вытворцаў — напрыклад, у мясцовага завода «Чырвоны барацьбіт», дырэктар якога выказаў гатоўнасць паставіць патрэбную тэхніку. Калі няма нейкага абсталявання ў беларускіх вытворцаў — толькі ў такім выпадку звяртацца да замежных пастаўшчыкоў. Змены павінны адбыцца тэрмінова — адрамантаваны будынкі, абноўлены станкі, эфектыўна задзейнічаны плошчы, якія не выкарыстоўваюцца.

Пункт другі — ААТ «Оршааграпраммаш»

Пасля аповеду аб фінансава-эканамічных паказчыках завода і перспектывах яго развіцця генеральны дырэктар «Бабруйскаграмаша» («Оршааграпраммаш» уваходзіць у гэты холдынг. — «Зв.») Аляксандр Ерамееў папрасіў у Прэзідэнта дапамогі ў рэструктурызацыі даўгоў, агульны памер якіх складае каля 50 млн беларускіх рублёў. Дырэктар падкрэсліў: ён просіць адтэрміноўку, а не дадатковых грошай. У сувязі з гэтым падрыхтаваны праект указа, які ўзгоднены з міністрамі. «Атрымаецца эканамічны эфект у 10,2 млн беларускіх рублёў», — паабяцаў Ерамееў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта разабрацца ў гэтым пытанні ў экстранным парадку, а таксама папярэдзіў дырэктара: калі не будзе выкананы ўказ і ён зноў прыйдзе па адтэрміноўку або растэрміноўку — хай наракае сам на сябе.

Асобна закранулі тэму вытворчых памяшканняў — яны павінны быць выкарыстаны па прызначэнні. Будынкі трэба аднаўляць, трэба імі займацца, а не проста аддаваць.

Пункт трэці — Аршанскі мясакансервавы камбінат

Тут сітуацыя некалькі лепшая, але ў Прэзідэнта пытанні выклікала гаспадарчая дзейнасць прадпрыемства, а таксама парадак у памяшканнях. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прадпрыемству варта развіваць асартымент прадукцыі, а не замыкацца толькі на кансервах і дзіцячым харчаванні.

Беларускі лідар падкрэсліў: да 7 лістапада 2020 года ўсе недахопы павінны быць ліквідаваны. Неабходна выдзеліць сродкі, арганізаваць новы забойны цэх, знесці старыя будынкі і зрабіць сучаснае прадпрыемства. «Яно павінна быць як самыя лепшыя мясакамбінаты», — дадаў ён.

Пункт чацвёрты — ААТ «Тэхніка сувязі»

Яшчэ адзін пункт назначэння рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў панядзелак — горад Барань. «Тэхніка сувязі» спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці лічбавых і аналагавых сістэм радыёсувязі, тэлекамунікацыйнага абсталявання для правадных ліній сувязі, антэна-мачтавых прылад, а таксама вытворчасці тавараў народнага спажывання, аказвае паслугі па вырабе радыёэлектронных модуляў, металаапрацоўцы, гальванічным і лакафарбавым пакрыцці, праектаванні і вырабе прэс-формаў, вырабе спецыяльнай тары і паліграфічнай прадукцыі.

Прадпрыемству была пастаўлена ясная задача: развіваць вытворчасць на тых плошчах, якія ёсць, а таксама пашыраць вытворчую лінейку. Што атрымалася? Кіраўніцтва, па словах Прэзідэнта, выбрала самы лёгкі шлях: частка будынкаў або прададзена, або шукае пакупніка, іншая частка — рыхтуецца да зносу, а то і зусім не выкарыстоўваецца.

Па лічбах пытанняў няма: прадпрыемства развіваецца, аб'ёмы прадукцыі растуць, працоўныя месцы ствараюцца. Кіраўніку дзяржавы заявілі, што тых плошчаў, на якіх функцыянуе адкрытае акцыянернае таварыства, цалкам дастаткова і для развіцця, але беларускі лідар быў непахісны — гэта толькі апраўданне недастаткова эфектыўнай работы. «Калі нічога не рабіць, то дастаткова, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бо першапачаткова задача ставілася, каб гэта ўсё было вамі асвоена і там вырабляўся прадукт, патрэбны для рынку. А вы ўлегцы падышлі: гэта, гэта і гэта пад бульдозер. А гэта — прададзім. Ну, што за завод будзе?! Я б і без вас гэта зрабіў. Я бачу, вы наогул не думалі над рашэннем той задачы, якая была пастаўлена».

Сумны вынік дала і нечаканая змена маршруту Прэзідэнта — кіраўнік дзяржавы пайшоў у памяшканні, наведванне якіх не было запланавана. Аказалася, што ў некаторых з іх нават не прыбралі смецце — аб якой арганізацыі вытворчасці можа ісці гаворка, калі не робіцца элементарнае? «Ну так, вы не планавалі, што я зайду ў ваш «туалет». Вы ператварылі праз паверх гэта памяшканне ў «туалет», дзе ніхто ніколі не наводзіў парадак. Мы сёння пакажам усяму народу, як вы працуеце», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка быў непрыемна здзіўлены ўбачаным — на яго думку, кіраўніцтва вырашыла абысціся малой крывёй, а таксама прадэманстраваць прыгожую карцінку. Не выйшла.

Вынікі візіту Прэзідэнта будуць падведзены на сённяшняй нарадзе.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Ізноў «двойка»?!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».