Вы тут

Чым частавалі на свяце роднай ежы


Сыр з цвіллю, цыбульны мармелад, хрусткая булка... Не, гэта не дэгустацыя ў французскай правінцыі, а сучасная беларуская кухня, якая спалучае традыцыі і наватарства. Пакаштаваць прадукты ад беларускіх фермераў і станчыць «Лявоніху» ў гэтыя выхадныя можна было ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея, дзе праходзіла свята роднай ежы «Усё сваё».


Пачалося свята з сапраўднага вяселля. Маладых Марыю і Аляксея ў народных касцюмах сустракалі караваем і жывой музыкай. Нам потым раскажуць, што, каб знайсці пару, якая пагадзілася б пабрацца шлюбам на вачах у шматлікіх гараджан, спатрэбілася два месяцы. Яшчэ б: смелы ўчынак. Затое ўражанняў — на ўсё жыццё.

— Цяпер у Беларусі разводаў больш, чым шлюбаў, дзяцей нараджаецца ўсё меней, таму мы такім чынам хочам зрабіць уклад у павелічэнне колькасці шчаслівых сем'яў, паказаць, што вяселле — гэта не страшна. У нас баяцца запрашаць шмат гасцей, праводзяць вяселле на 10 чалавек, а мы даказваем, што зрабіць гэта свята магчыма і на сотні, — тлумачыць ідэю арганізатар мерапрыемства, фуд-коўч Ксенія ВЯЦКАЯ.

У дворыку музея сваю прадукцыю прапаноўвалі беларускія фермеры. Смажаных перапёлак разабралі, напэўна, за гадзіну! Вялікія чэргі выстройваліся за дамашнімі сырамі. Гаспадары хутара Крапачы прывезлі казіныя сыры з віннай і каньячнай скарынкай, з белай цвіллю, сырныя шарыкі, загорнутыя ў крапіву. Сырам з журавінамі і мятай, адыгейскім з курагой і разынкамі, плаўленым з папрыкай і часнаком частавала малочная гаспадарка «Залатая кароўка».

— Учора прыгатавалі, сёння прадаём. Мы вытрыманых сыроў не робім. А гэтыя могуць захоўвацца максімум чатыры дні ў халадзільніку, у «дыхаючай» упакоўцы, — расказваюць фермеры.

Узбадзёрыцца можна было травянымі зборамі на аснове скрыпеню. Гэтая расліна ўтрымлівае антыаксіданты і вітамін С, а таму дае энергію. Заварваць такую ферментаваную гарбату можна тры-чатыры разы: зёлкі будуць раскрывацца і даваць смак.

— Травы збіраю ў Лагойскім раёне, працягваю сямейныя традыцыі, — дзеліцца Кацярына Жызнеўская. — Першы збор, які прапанавала ўсім блізкім, называўся «Сябрам і сяброўкам» — ён са скрыпеню і мелісы. У гарбату «Матуліна пяшчота» да скрыпеню дадала ліпавы цвет і чабор, атрымаўся мяккі водар. А назва такая, бо мяне мама ў дзяцінстве паіла падобным зборам.

Арыгінальныя сіропы да гарачых напояў — напрыклад, з хваёвых шышак — прапаноўвала майстэрня смаку «Зёлка-Пчолка». Гаспадыня дзеліцца сакрэтам прыгатавання:

— Спачатку варыцца сіроп з цукру. Потым у яго ўкідаюцца шышкі, усё даводзіцца да кіпення і разліваецца па слоічках. Добра ўжываць пры прастудных захворваннях.

Тут жа частавалі і аўсяным кісялём — журам — класікай беларускай кухні.

Тым, хто не паспеў на зіму зрабіць нарыхтоўкі, якраз выпаў шанц запасціся варэннем. Дзьмухаўцовым, з чаромхі, з чырвоных і чорных парэчак... Гурманам прапаноўвалі цыбульны мармелад, таматны джэм, варэнне з салодкай папрыкі і перцу чылі.

— Гэта хутчэй да асноўных страў, а не на дэсерт. Для кулінарных эксперыментаў, — папярэджвае Дар'я Сітнікава, аўтар праекта «Тры моркаўкі».

Варыць джэмы дзяўчына пачала, калі засталася без працы. Хацела, каб яе дзейнасць была звязана з ежай і прадстаўляла нетрадыцыйны кірунак беларускай кухні. Таму працуе ў фармаце «ф'южн», але з выкарыстаннем мясцовых прадуктаў.

Аматарам здаровай ежы можна было пакаштаваць «жывы» хлеб, які гатуецца на заквасцы. Кажуць, такі доўга выпякаецца, амаль суткі. Затое лепш засвойваецца арганізмам.

Свята роднай ежы «Усё сваё» сёлета праводзіцца трэці раз. «Ідэя была на паверхні, бо нам усім не хапае ведаў аб беларускіх прадуктах. Я займаюся кансультаваннем па харчаванні пяць гадоў і бачу, што наша краіна даволі ўнікальная ў пытанні ежы. Рэсурсаў хапае, фермераў шмат, але людзі працягваюць есці авакада, манга і сасіскі, — заўважае Ксенія Вяцкая. — Вытворцы займаюць у нас чаргу на ўдзел на некалькі свят наперад. Людзей справы так шмат, што нам не ўдаецца іх за раз сабраць — а гэта толькі Мінская вобласць. На такіх мерапрыемствах можна наладзіць кантакты для таго, каб ваш прадуктовы кошык цалкам запаўняўся».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Усё сваё, дамашняе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.