Вы тут

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?


У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. Большасць іх трапяць да вучняў трэціх і сёмых класаў, паколькі вось ужо некалькі гадоў ва ўстановах адукацыі паэтапна ўкараняюцца новыя навучальныя праграмы: першымі на абноўлены змест навучання перайшлі ў 2015/2016 навучальным годзе першыя і пятыя класы, на наступны год — другія і шостыя, далей — трэція і сёмыя, а зараз прыйшла чарга чацвёртага і восьмага класаў. Таксама з'явяцца новыя навучальныя дапаможнікі па замежных мовах для вучняў трэцяга, шостага, дзявятага і дзясятага класаў, дапаможнікі па матэматыцы, інфарматыцы і працоўным навучанні для шостага класа.


Навігатар у моры ведаў

Беларускаму кантэнту ў новых падручніках удзяляецца асаблівая ўвага, пра гэта расказала на сустрэчы з журналістамі дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна ГІНЧУК.

— Адметнасцю новых навучальных дапаможнікаў з'яўляецца ў тым ліку іх нацыянальна-арыентаваны змест, — падкрэсліла яна. — Гэта значыць, што ў тэкстах выкарыстоўваецца інфармацыя пра славутасці Беларусі, яе эканамічныя і спартыўныя дасягненні. Мы лічым гэта прынцыпова важным для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў.

Таксама новыя падручнікі і навучальныя дапаможнікі ўключаюць больш практыка-арыентаваных заданняў. Навучальны матэрыял у іх аптымізаваны з пункту гледжання даступнасці для навучэнцаў з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў, часу, што выдзяляецца для вывучэння таго ці іншага прадмета, у навучальных праграмах рэалізаваны міжпрадметныя сувязі, зменшаны аб'ём тэарэтычнага матэрыялу, што вывучаецца на другой ступені школы. Да таго ж у новых падручніках выкарыстоўваецца розная форма падачы інфармацыі. Сучаснаму чалавеку даводзіцца працаваць не толькі з суцэльнымі тэкстамі, але і з графікамі, табліцамі, дыяграмамі... Усё гэта неабходна ўмець «чытаць», таму ў падручніках выкарыстоўваюцца розныя формы падачы інфармацыі...

У аснову стварэння новых падручнікаў па замежных мовах пакладзены камунікатыўны падыход. Ставіцца канкрэтная мэта — кожны выпускнік павінен валодаць гутарковай замежнай мовай і свабодна кантактаваць з носьбітамі іншых моў хоць бы на бытавым узроўні.

Пры распрацоўцы навучальных дапаможнікаў актыўна задзейнічаюць інфармацыйныя тэхналогіі. Галоўнае ноу-хау — актыўнае выкарыстанне QR-кодаў і дапоўненай рэчаіснасці. Дарэчы, усе электронныя версіі падручнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, можна знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале. Яны даступныя для бясплатнай запампоўкі, а іх PDF-версіі дапоўнены гіперспасылкамі, якія дазваляюць пераходзіць на іншыя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў: хрэстаматыі, атласы, зборнікі задач і практыкаванняў, электронныя адукацыйныя рэсурсы... Падручнік сёння ўжо не разглядаецца як адзіная крыніца інфармацыі, а выконвае, хутчэй, навігацыйную функцыю і накіроўвае школьніка да дадатковых крыніц інфармацыі.

Да новага навучальнага года будуць падрыхтаваныя таксама электронныя дадаткі па інфарматыцы для 6, 7 і 8 класаў: яны больш інтэрактыўныя, чым PDF-версія школьных падручнікаў.

Вік­то­рыя КА­ЛІСТ­РА­ТА­ВА:  «Ва ўсіх но­вых пад­руч­ні­ках утрым­лі­ва­ец­ца шмат прак­ты­ка-арыентава­ных за­дач».

«Мінск-Арэна» на ўроках геаметрыі

Выдавецтва «Народная асвета», у прыватнасці, выпусціла 11 новых найменняў вучэбных дапаможнікаў: інфарматыку для шостага класа, фізіку, геаметрыю, хімію, алгебру, інфарматыку — для восьмага.

— Асобна спыняюся на падручніку па фізіцы для 8 класа. Гэта падручнік дапоўненай рэчаіснасці, які дазваляе навучэнцам паглядзець відэаздымку лабараторных і практычных заняткаў, — тлумачыць дырэктар выдавецтва Вікторыя КАЛІСТРАТАВА. — Кожны вучань можа «ажывіць» карцінку з дапамогай свайго смартфона... Падручнік па фізіцы для 8 класа — другі, які выйшаў у мяккім інтэгральным пераплёце. Першым быў леташні падручнік па фізіцы для 7 класа: ён на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» рашэннем журы быў прызнаны «Падручнікам новага стагоддзя».

Увогуле ва ўсіх новых падручніках утрымліваецца шмат практыка-арыентаваных задач, якія кожнаму давядзецца вырашаць у жыцці. Напрыклад, як разлічыць, колькі патрэбна набыць ламінату для канкрэтнага пакоя і як яго пакласці? Ці яшчэ адна задачка з рэальнай геаметрыі: калі ідзе размова аб пабудове крывых, то бярэцца карта Беларусі і прапануецца пракласці авіямаршурт, дапусцім, з Мінска ў Гомель. Ці, напрыклад, задачы па акружнасці вырашаюцца на прыкладзе спартыўна-забаўляльнага комплексу «Мінск-Арэна». Галоўнае — беларускі кантэкст.

Новыя падручнікі атрымаюць таксама і дзеці з парушэннем зроку. Падручнікі шрыфтам Брайля выйдуць тыражом больш за тысячу экзэмпляраў. Усяго будзе выпушчана 36 тамоў шасці найменняў падручнікаў. Яны цалкам паўтараюць адпаведныя выданні для агульнаадукацыйнай школы. Але калі звычайны падручнік па гісторыі змяшчаецца пад адной вокладкай, то аналагічны падручнік, выкананы шрыфтам Брайля, займае шэсць тамоў. Затое тут ёсць і карты, выкананыя на полістыроле кропкавым метадам, якія дзеці таксама могуць «счытваць» пальцамі. Нават графічны малюнак на вокладцы паўтарае звычайны падручнік, і дзеці могуць навобмацак даведацца, як выглядаў замак у Сярэднявеччы. Новы тыраж вылучаецца таксама і пераплётам, які аформлены ў пэўным колеры ў залежнасці ад вучэбнага прадмета: ружовы і чырвоны — гісторыя Сярэдніх вякоў і гісторыя Беларусі, сіні — геаграфія, зялёны — біялогія. Гэта дазволіць дзецям са слабым зрокам лягчэй арыентавацца ў выбары патрэбнага падручніка на кніжнай паліцы. Акрамя таго, выдавецтва рыхтуе да выпуску кнігі шрыфтам Брайля з серыі «Школьная бібліятэка». Пабачаць свет дзевяць найменняў з творамі Івана Навуменкі, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Раісы Баравіковай, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Андрэя Платонава, Мікалая Гумілёва, Ганны Ахматавай і Апанаса Фета.

Каб уба­чыць «жы­вую» кар­цін­ку, чы­та­чу спат­рэ­біц­ца тэ­ле­фон ці план­шэт з ка­ме­рай до­сту­пу да ін­тэр­нэ­ту і спе­цы­яль­ная бяс­плат­ная пра­гра­ма HP Reveal.

Вучыцца... разам з супергероямі

Цэлы россып карыснай літаратуры прапануе да новага навучальнага года выдавецтва «Пачатковая школа».

— Мы падрыхтавалі больш як 50 новых выданняў, — падкрэслівае дырэктар выдавецтва Вольга ВАНІНА. — Гэта і метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў, і рабочыя сшыткі для вучняў, і кнігі для дадатковай адукацыі. Вучэбны працэс павінен быць для дзіцяці цікавы і захапляльны, таму мы імкнёмся да таго, каб нашы выданні не толькі дапамагалі вучыцца, але і павышалі матывацыю да вучобы. Напрыклад, серыя дапаможнікаў для дашкольнікаў «Хачу ў школу» прызначана для трэніроўкі дробнай маторыкі рук. Малым прапануюцца практыкаванні, накіраваныя на развіццё асноўных графічных навыкаў: трэба акуратна абвесці і дапоўніць элементы, узоры, расфарбаваць фігуры, выканаць розныя віды штрыхоўкі. Рэгулярныя заняткі дапамагаюць падрыхтаваць руку да пісьма, фарміруюць уменне арыентавацца на лісце, правільна трымаць аловак і ручку.

У серыі «Акадэмія супергерояў» сабраныя творчыя заданні для паўтарэння школьнай праграмы для ўсіх класаў пачатковай школы. Але, каб дзецям не было сумна, усе яны загорнутыя ў казачны кантэнт: для таго, каб вырашыць праблемы герояў, спатрэбяцца школьныя веды. Тут прысутнічае і гульнявы, і матывацыйны моманты.

Са сшыткамі з новай серыі «Школа логікі» дзіця вучыцца разважаць і лагічна мысліць. Аўтарскія заданні раскрываюць інтэлектуальныя здольнасці маленькага вучня і праграмуюць яго на поспех не толькі ў дакладных навуках, але і ў сферы творчасці, і паўсядзённым жыцці. 3D-задачы, аказваецца, могуць рашаць дзеці ва ўзросце ад пяці да дзесяці гадоў!

Менавіта выдавецтва «Пачатковая школа» ў сваіх дзіцячых часопісах першае пачало ўкараняць тэхналогію дапоўненай рэчаіснасці, калі фатаграфіі ажываюць і пераўтвараюцца ў відэаролікі. «Гэта тэхналогія працуе ў часопісах «Рюкзачок», «Рюкзачок. Весёлый зоопарк», «Рюкзачок. Мир путешествий», «Юный техник и изобретатель», а таксама ў некаторых нашых кнігах. Каб убачыць «жывую» карцінку, чытачу спатрэбіцца тэлефон ці планшэт з камерай доступу да інтэрнэту і спецыяльная праграма HP Reveal, якую можна бясплатна спампаваць з Play Market ці App Store», — тлумачыць Вольга Ваніна.

Педагогаў «Пачатковай школе» таксама ёсць чым парадаваць. Новая серыя «Кампетэнтасны падыход» утрымлівае дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы новага пакалення.

Працуюць толькі прафесіяналы

Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена ПАЎЛАВА паведаміла, што тыраж вучэбнай літаратуры па выніках І паўгоддзя гэтага года склаў 72 % ад агульнага тыражу кніг, што выпускаюцца выдавецтвамі. Падручнікі, метадычныя дапаможнікі, іншая навучальная літаратура займае значнае месца на кніжным рынку. Калі ў 2012 годзе вучэбная літаратура складала да 50 % у агульным аб'ёме кнігавыдання, то па выніках 2017 года па назвах — ужо 51 %, а па тыражы — 76 %.

Па словах спецыяліста, атрымаць права выдаваць кнігі вучэбнага кірунку вельмі складана. «Мы імкнёмся абмежаваць прыход на кніжны рынак непрафесіяналаў, якія проста хочуць зняць вяршкі, бо адукацыйная літаратура карыстаецца высокім попытам у пакупнікоў, — канстатавала яна. — На рынку вучэбнай літаратуры працуюць перш за ўсё ўстановы адукацыі — вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярэднія спецыяльныя, арганізацыі Міністэрства адукацыі, спецыялізаваныя дзяржаўныя выдавецтвы, у першую чаргу сістэмы Міністэрства інфармацыі і сістэмы Міністэрства адукацыі. Прысутнічаюць таксама і прыватныя выдавецтвы. Дзякуючы таму, што многія падручнікі цяпер выходзяць у дзвюх частках (каб не парушаць устаноўленыя санітарныя патрабаванні па вазе), гэта дазволіла наладзіць іх рытмічны выпуск на працягу ўсяго года. Напрыклад, другія часткі падручнікаў для трэцяй і чацвёртай вучэбнай чвэрці будуць друкавацца ў верасні — лістападзе, а раней пік прыпадаў на чэрвень — жнівень і паліграфіі было вельмі складана спраўляцца з такімі аб'ёмамі работы.

Па словах дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціны Гінчук, падрыхтоўка і стварэнне сучасных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных устаноў — шматбаковы і творчы працэс, у якім удзельнічаюць вучоныя, метадысты, настаўнікі, выдаўцы і паліграфісты. Галоўная роля ў гэтым працэсе, несумненна, адводзіцца аўтарам ці аўтарскім калектывам. Усе падручнікі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. Пад увагу бяруцца, напрыклад узровень складанасці выкладання матэрыялу, ілюстрацыйны матэрыял, адпаведнасць узроставым асаблівасцям школьнікаў, адукацыйным стандартам і вучэбным праграмам, сучаснаму стану развіцця навукі, паслядоўнасць і пераемнасць зместу пры пераходзе з класа ў клас, унутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі. У аснову стварэння новых падручнікаў закладваюцца практыкаарыентаванасць у выкладанні матэрыялу і рэалізацыя кампетэнтаснага падыходу. На сённяшні дзень падведзены вынікі конкурсу ўжо па 100 вучэбных дапаможніках, і сярод пераможцаў-аўтараў кожны чацвёрты — гэта настаўнік-практык.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны Занкавіч і Надзеі Нікалаевай

Загаловак у газеце: Даступнасць, паслядоўнасць і пераемнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».