Вы тут

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?


Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

У пачатку нарады Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2017 годзе ён даручаў ураду сумесна з Віцебскім аблвыканкамам забяспечыць комплекснае развіццё Аршанскага раёна з тым, каб ужо з 2017 года тэмпы росту гэтага рэгіёна былі як мінімум вышэйшыя за сярэднеабласныя.


«Прычым я неаднаразова адзначаў, што выкананне даручэнняў па развіцці гэтага рэгіёна — паказчык эфектыўнасці работы ўрада і мясцовай улады, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Патрабавалася наладзіць сістэмную работу, якая стала б прыкладам для іншых падобных, скажам, сярэдніх гарадоў».

На думку беларускага лідара, гэта пытанне не толькі Оршы — гэта датычыцца раўнамернага размеркавання прадукцыйных сіл па ўсёй краіне.

«Мы не можам дапусціць, каб 10-мільённая краіна напалову размясцілася ў Мінску і яго ваколіцах. На нашых вачах прыкладаў нямала. Напэўна, усе вы бывалі ў Маскве, праязджалі праз Маскоўскую вобласць і бачылі наступствы падобнага размяшчэння насельніцтва і прадукцыйных сіл. Гэтага дапусціць нельга», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: абмяжоўваючы будаўніцтва ў Мінску і абласных цэнтрах, трэба развіваць раённыя цэнтры, сярэднія гарады і гарадскія пасёлкі. Улічваючы, што ў сельскай гаспадарцы быў знойдзены шлях, па якім трэба ісці, — гэта стварэнне аграгарадкоў.

Дарэчы, сярэдніх гарадоў у нас 11, там пражывае 15 % насельніцтва Беларусі.

«Урад на прыкладзе Оршы павінен быў паказаць сістэмную работу з такімі рэгіёнамі, — сказаў Прэзідэнт. — У тым ліку вызначыць эфектыўныя рашэнні па апераджальным развіцці і распаўсюдзіць іх у далейшым на ўсю краіну. Гэтага не зроблена».

Асноўны крытэрый — людзі

Паводле інфармацыі кіраўніка дзяржавы, калі нейкія з пастаўленых мэт і дасягаюцца, то толькі ў «ручным рэжыме». Сістэмныя пункты росту, якія дазволяць рэгіёнам развівацца без ўмяшання ўрада і аблвыканкамаў, не вызначаныя альбо неэфектыўныя. Беларускі лідар дадаў: больш за тое — не вырашаныя ключавыя задачы па развіцці праблемных арганізацый раёна. На думку Прэзідэнта, да іх можна аднесці практычна ўсе прадпрыемствы, якія тут існуюць. Яны маюць патрэбу ў сур'ёзным падыходзе ў плане мадэрнізацыі і прывядзення іх у належны выгляд.

«Па ўчарашнім дні можна зрабіць выснову, што ўсе члены ўрада, якія тут былі, навучыліся растлумачваць, але не выконваць. Таму тэма сённяшняй гутаркі — вынік», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Прэзідэнт, для яго арыенцірам з'яўляецца перш за ўсё ўзровень зарплаты. Сёння ў Аршанскім раёне гэта 770 рублёў, а ў сярэднім па Віцебскай вобласці — каля 820 рублёў.

Звяртаючыся да старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарснёва, ён адзначыў, што рэгіён па ўзроўні дабрабыту насельніцтва пляцецца ў канцы, на асобных прадпрыемствах заробак выплачваецца яшчэ і з затрымкамі. «І як у такім выпадку людзям жыць?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Людзі з'язджаюць. Паводле слоў беларускага лідара, кожны чацвёрты беларус, які паехаў за мяжу на заробкі, — з Віцебскай вобласці.

«Пры гэтым усе прапановы, якія ўносяцца на разгляд Прэзідэнта, па выдзяленні фінансавання, вырашэнні арганізацыйных пытанняў падтрымліваліся мной неадкладна, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Недапушчальна, каб на месцах праца скочвалася да фармалізму і валакіты. Таму сёння ад спікераў чакаю дакладных адказаў на наступныя пытанні».

Па-першае, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што перашкаджае ўраду і мясцовай вертыкалі ўлады безумоўна выконваць задачы, пастаўленыя ім самім. «Пры гэтым хачу заўважыць: былі розныя пункты гледжання, але мы прынялі ўзгодненае рашэнне. Ніхто не пярэчыў паўтара-два гады таму», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Па-другое, якая рэальная сітуацыя на базавых прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах. «Некаторыя мы ўчора ўбачылі», — дадаў ён. Па-трэцяе, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад людзей, якім было даручана кантраляваць працу, адказаць, у чым жа праблемы, падкрэсліўшы: не варта маляваць радасную карціну да 2025 і 2030 гадоў.

Прэзідэнт нагадаў, што ў яго два галоўныя штабы — Адміністрацыя Прэзідэнта і Камітэт дзяржкантролю (КДК), якія сочаць за рэалізацыяй яго даручэнняў. Па Віцебскай вобласці і Аршанскім рэгіёне было дадзена 126 даручэнняў. Ён адзначыў, што яны пераклікаюцца, аднак супярэчнасцяў у іх няма.

Прэзідэнт зноў падкрэсліў: па Оршы галоўнае было — зрабіць сацыяльную сферу, што было рэалізавана. Але да гэтага патрэбна вытворчая база, каб людзі маглі працаваць, гадаваць дзяцей. Паводле яго слоў, прамысловасць у Оршы прыстойная, яна запатрабаваная.

Задача — не выканана

Як паведаміў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, на кантролі ў ведамства было 115 даручэнняў Прэзідэнта па развіцці Аршанскага раёна. З іх не выканана 28 даручэнняў, у асноўным яны датычацца менавіта комплекснага развіцця рэгіёна. Гэта сведчыць аб тым, што стратэгічная мэта, пастаўленая Прэзідэнтам, — істотна палепшыць сітуацыю ў Оршы ўжо ў 2017 годзе, развіць буйны складаны рэгіён за невялікі часавы прамежак, забяспечыць нармальнае функцыянаванне эканомікі з канцэнтрацыяй на развіццё прамысловых прадпрыемстваў, — не дасягнута.

Прычына такая: урад выбраў ролю наглядальніка, а не выканаўцы.

Нават тое, што не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, — навядзенне парадку ў вытворчых памяшканнях, цэхах, — не было зроблена, дадаў Леанід Анфімаў. Праведзеную работу нельга назваць сістэмнай, яна носіць толькі касметычны характар, і яе відавочна недастаткова для забеспячэння апераджальнага развіцця раёна.

«Асноўныя сацыяльна-эканамічныя пытанні — занятасць, заработная плата — не вырашаныя. Па сутнасці, гэта тое, дзеля чаго гэта даручэнне і давалася. Прадпрыемствы Аршанскага рэгіёна па-ранейшаму звальняюць больш, чым прымаюць на працу», — падкрэсліў старшыня КДК.

Рэзюмаваць яго даклад можна наступным чынам: праблем на прадпрыемствах да гэтага часу шмат, меры па ўключэнні ў гаспадарчы абарот нявыкарыстаных аб'ектаў і зямельных участкаў — недастатковыя. Цэлы шэраг найважнейшых сацыяльна-эканамічных паказчыкаў па Аршанскім раёне — ніжэйшыя за сярэднеабласныя.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў сваім дакладзе спынілася на пытаннях, кантроль за якімі ажыццяўляла Адміністрацыя.

Як было сказана вышэй, размова была аб 126 даручэннях. Выканана — 87, не выканана — 32, або прыблізна кожнае чацвёртае. Даручэнні, дадзеныя яшчэ ў красавіку 2017 года, датычыліся розных сфер жыццядзейнасці: ад прамысловасці да гандлю і сацыяльнай сферы. Савет Міністраў правёў восем прэзідыумаў, аднак вынікаў няма, нават нягледзячы на тое, што ўсе прапановы ўрада і Віцебскага аблвыканкама, накіраваныя кіраўніку дзяржавы, былі падтрыманы.

На жаль, па-сапраўднаму нестандартных і эфектыўных рашэнняў, якія дазваляюць паскорыць працэдуру закупак, працэсы мадэрнізацыі ў цэлым, а таксама якасна і хутка выканаць патрабаванні кіраўніка дзяржавы, на разгляд Прэзідэнта не ўносілася. Па сутнасці, глыбока праблемнымі прадпрыемствамі ніхто не займаўся. Саветам Міністраў не раз быў зацверджаны комплексны план развіцця Аршанскага раёна, але сістэмных мер, накіраваных на доўгатэрміновае развіццё рэгіёна, там няма, канстатавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ёсць праблемы ў сферы гандлю: не выконваецца сацыяльны стандарт па забяспечанасці насельніцтва гандлёвымі плошчамі. Да канца года Белкаапсаюз плануе падаць заяву ў суд аб банкруцтве Аршанскага раённага спажывецкага таварыства і яго ліквідацыі, аднак работа па адкрыцці новых прыватных гандлёвых пунктаў вядзецца.

Далей слова ўзяў кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман. Ён адзначыў, што быў праведзены маніторынг 45 буйных і сярэдніх арганізацый раёна. Амаль 60 % даследаваных — неплацежаздольныя і ўстойліва неплацежаздольныя. Стан спраў характарызуюць наступныя асаблівасці: занядбанасць тэрыторый і памяшканняў, высокая ступень зношанасці тэхнікі, неабходнасць у мадэрнізацыі, адсутнасць абаротных сродкаў, разбалансаванасць у разліках і нізкі ўзровень зарплаты. «Умовы працы на асобных прадпрыемствах чалавечымі назваць цяжка», — дадаў ён.

Віктар Шэйман падкрэсліў: неаднаразова адзначалася, што мер па вывадзе прадпрыемстваў на ўстойлівую работу і навядзенні парадку недастаткова. На большасці прадпрыемстваў эканамічную сітуацыю прыхарошвалі, такім чынам скажаліся фінансавыя вынікі. Аб усіх парушэннях і праблемах паведамлялася ў кампетэнтныя органы, уладам.

Для вырашэння праблем выпрацаваны комплекс мер, шэраг з іх рэалізоўваецца. У некаторых арганізацыях ёсць станоўчыя тэндэнцыі, аднак гэтага недастаткова, дадаў кіраўнік спраў Прэзідэнта.

Выступіў і прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. На яго думку, становішча эканомікі раёна застаецца цяжкім. Даўгоў па заработнай плаце ў раёне няма, але на працягу года былі адзінкавыя выпадкі нясвоечасовых выплат зарплаты. Яны сустракаліся на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу.

Прэм'ер дадаў, што ўрад усведамляе: зроблена недастаткова для сацыяльна-эканамічнага развіцця Оршы і Аршанскага раёна. Але ўсё ж некаторыя меры былі прынятыя, напрыклад, зніжаны тарыфы на электраэнергію, разблакавалі рахункі некаторых заводаў і іншыя.

Адстаўкі, вымова і папярэджанні

У выніку нарады Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў на гэтым тыдні ўнесці прапановы па замене ў кіраўніцтве ўрада. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: адзіная прычына невыканання запланаванага — «пафігістычнае» стаўленне ўрада да даручэнняў Прэзідэнта.

Беларускі лідар запатрабаваў унесці прапановы па міністрах прамысловасці і будаўніцтва. «Ён сядзеў, не мог адрамантаваць дах — выканаць даручэнне Прэзідэнта, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — Хто меў права адмяняць мае рашэнні? А чаму не выканалі, чаму не зрабілі, як я сказаў?»

Кіраўнік дзяржавы таксама адправіў у адстаўку старшыню Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка. На гэтую пасаду прапанаваны старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Ісачанка. «І не дай бог тут не будзе зроблена тое, што вы намецілі (учора вы нам гэтую праграму разгарнулі), і тое, што я вам даручыў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў: хай накіруюць міністра прамысловасці Віталя Воўка сюды — «будзе выцягваць усю гэтую прамысловасць».

Ёсць недапрацоўкі і ў сферы аховы здароўя, за што быў раскрытыкаваны віцэ-прэм'ер Васіль Жарко. Беларускі лідар спытаў, чаму да яго не прыйшлі, «чаму ў вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе».

«Строгая вымова Шарснёву за агіднае безадказнае стаўленне да даручанай справы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Па кіраўніцтве ўрада я сказаў. Воўка, Чорнага (міністр архітэктуры і будаўніцтва. — «Зв.») неадкладна адправіць у адстаўку. Дзвігалёву і Засю (старшыня Дзяржкамваенпрама і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. — «Зв.») — поўная службовая неадпаведнасць. Не паправяць да восені справу, не даложаць мне па кожным прадпрыемстве, пойдуць туды ж. Усіх астатніх адказных і іншых я проста папярэджваю».

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прадставіць новага старшыню райвыканкама сёння і паставіць кожнаму задачу па ўсіх прадпрыемствах. «Паспрабуем без урада рэалізаваць. У нас ёсць некаторыя рэзервы ў бюджэце і банкі, — дадаў Прэзідэнт. — І не дай бог да 7 лістапада не будзе тут зрухаў. Я прыеду пагляджу. Будзем па льнаводстве яшчэ нараду праводзіць. Не дай бог маё вока ўчэпіцца, дзесьці будзе не так».

Яшчэ кіраўнік дзяржавы выказаўся з нагоды некаторых «дасягненняў», прадстаўленых службовымі асобамі. Напрыклад, быў сфарміраваны пералік маёмасці, якая не выкарыстоўваецца або выкарыстоўваецца неэфектыўна. Па словах кіраўніка дзяржавы, тыдзень працы выдаткавалі на тое, каб на лісце напісаць, што пад бульдозер, а што — пад продаж. Так і з іншымі даручэннямі:

«Актывізавана работа па працаўладкаванні насельніцтва». Актывізавана, паднята, павышана — як у савецкія часы! «Зацверджана праграма да 2020 года». Дзе тут, пакажыце мне, хоць адно прадпрыемства, дзе вы цалкам завезлі станкі, абсталяванне, паставілі людзей і яны па-новаму працуюць. Нідзе. Вы хваліцеся тым, што вы вывезлі смецце, рэшткі жалезабетону і іншага лому», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паабяцаў вярнуцца да ўзнятых на нарадзе пытанняў ужо восенню.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БелТА


 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.