Вы тут

Што паглядзець у Баранавічах?


Як ледзь не ўсе мо і не ўсе) нашы гарады — малыя, вялікія і сярэднія, — Баранавічы сустракаюць вандроўніка тым, што ён ніяк не разлічваў убачыць ні ў Баранавічах, ні дзесьці яшчэ.


Аптэка сёння...

...І раней.

Маю на ўвазе адсутнасць адметнасці, падкрэсленую тыповасць ускраін. Што гэта, слухайце, робіцца: што ні ўезд у горад (любы) — то які-небудзь супер- ці гіпермаркет з разраду тых, чые фірмовыя абрысы і колеры можна назіраць у дзясятках іншых гарадоў, уключаючы і той, які быў пакінуты дзеля вандроўкі. Ехалі-ехалі, што называецца, — і прыехалі. Вось вы, спадарства, ці можаце па першых «кадрах» за акном свайго аўтамабіля даведацца, у які горад вы як вандроўнікі трапілі (паказальнікі ў разлік не бяром, карту і навігатар таксама)?

Жаданне данесці сталічны камфорт разам з адпаведнай інфраструктурай (а з ёю — і архітэктурай, і наменклатурай) да кожнага пункта краіны, здавалася б, не такое і кепскае. Прынамсі, жыхары малых і сярэдніх гарадоў, якія дачакаліся магчымасці сказаць «і ў нас ужо ёсць», наўрад ці зразумеюць гэтыя радкі, а зразумеюць іх дакладна толькі тады, калі самі захочуць зрабіцца вандроўнікамі па Беларусі і бачыць у кожным горадзе нешта адметнае, а не тыповае. Местачковасць мы пераадольваем, але ці не страцім разам з ёю такую пахвальную аўтэнтычнасць, ці здолеем захаваць такую жыццёва патрэбную самасць?..

Дык вось, Баранавічы. «Супер-гіпер» ужо, дзякуй богу, праехалі. І адразу сціраем з пергамену ўражанняў гэты слой інфармацыі, каб нанесці на яго нешта іншае, больш каштоўнае, невыдаляльнае. Аказваецца, Баранавічы знутры — найчароўнейшы горад! Адметнасці і непараўнанасці яму хапае і без ускраін. Вуліцы тут жвавыя, вёрткія, адна да адной з пашанай і піетэтам! А дамы тут якія вясёлыя! Зіхацяць вачыма-вокнамі, усміхаюцца варотамі-вуснамі, казыраюць кепкамі-дахамі, а каторыя гмахі — тыя, канешне, паважныя, пазіраюць звысоку, бачаць далёка і таксама пры макіяжы і ў добрым гуморы. Бачачы такое хараство, я падумала, што «дом» — гэта якраз тое паняцце і слова, з якімі будзе далей асацыявацца ў мяне гэты горад. Нездарма ж і бронзавы верабейчык, прысеўшы на тумбу з такой жа бронзы, не проста просіць дакрануцца да зграбнай пяшчотнай галоўкі, але яшчэ і паведамляе надпісам вакол сябе: не вырай, маўляў, вабіць, а радзіма. І сам падпісаны як верабей дамавы (бо ёсць жа ў нас і палявы). Не палянуйцеся знайсці яго недалёка ад плошчы Леніна, перадайце птушачцы прывітанне. А калі вам зусім няцяжка, перадайце заадно прывітанне водаправодчыку, які вылез з каналізацыйнага люка акурат каля будынка мясцовага Водаканала. Твар у яго, вы ўбачыце, вельмі стомлены, што не дзіўна: працай гэтага чалавека забяспечваецца дабрабыт кожнага дома ў горадзе.

Але ведаеце, якое адкрыццё было зроблена намі ў Баранавічах? У гэтым горадзе таксама ёсць аптэка-музей! І каму, слухайце, прыйшло ў галаву сцвярджаць (а іншым яшчэ і падхопліваць), што аптэка-музей у Гродне — адзіная ў Беларусі?! І ніякая яна не адзіная, і трэба ўжо думаць, што іх нават не дзве ў нас, а больш. Як той казаў, будзем шукаць.

Як пе­ра­даць праз тэкст па­хі, якія лу­на­юць у гэ­тым па­коі? На жаль, маг­чы­мас­ці дру­ка­ва­на­га сло­ва аб­ме­жа­ва­ныя.

Баранавіцкая аптэка-музей пераносіць сваіх наведвальнікаў на сем-восем дзясяткаў гадоў назад, у час, калі тут, у чырвоным двухпавярховіку працаваў і жыў правізар Станіслаў Лаеўскі. Нарадзіўся ён у 1888-м, а дыплом правізара атрымаў у Варшаве ў 1931-м. Так, прынамсі, нам паведаміла выданне 1939 года пад назвай «Афіцыйны спіс: лекары, стаматолагі, фармацэўты, фельчары, медсёстры, акушэркі, упаўнаважаныя і незалежныя зубныя тэхнікі...», яго раздзел ІІІ «Фармацэўты». Цікава выходзіць: гэты Станіслаў Лаеўскі атрымаў дыплом правізара ў 43-гадовым узросце. Меў лабараторыю, у якой вырабляліся лякарствы, якімі забяспечваліся і гэтая аптэка, і іншыя, і нават бальніца.

Тут жа, на другім паверсе, ён і жыў — падымаўся «да сябе» па вузкай кручанай лесвіцы, па якой «да яго» падняліся і мы. Кабінет, лабараторыя, правізарская зала... У адным з памяшканняў вісіць на сцяне раздрукоўка клятвы правізара: «Я, ніжэйпадпісаны, клянуся ўсемагутным Богам, у найсвяцейшай Тройцы адзіным, што згодна са званнем сваім правізара, калі карысны буду ў кіраванні аптэкай або ў дапаможных аптэчных занятках, вызначаных статутам для фармацэўтаў аптэкі ў якасці абавязкаў, таксама як і правіл, якія надалей могуць быць уведзены, буду выконваць іх старанна і сумленна — так, як няхай дапаможа мне Бог». Вось такая прыгожая клятва — словы нібыта вензялёчкамі выкладзены. Побач з ёй на той жа сцяне вісіць яшчэ Аптэкарскі статут.

А ў так званай пярэдняй, адразу з лесвіцы, прасценак паміж кабінетам і лабараторыяй упрыгожвае рэпрадукцыя карціны 1661 года «Аптэкар» Габрыэля Мэтсю, і калі я была б мастацтвазнаўцам, то напісала б пра яе цэлы трактат. Вочы тым часам спыняюцца на іншым, існуючым, трактаце — маскоўскім выданні 1880 года «Кнігі пра здаровага і хворага чалавека», сачыненні доктара Карла Эрнэста Бока, прафесара паталагічнай анатоміі ў Лейпцыгу. Гэта, між іншым, вельмі вядомы доктар, ён зрабіў сабе імя тым, што, будучы празектарам, меў вялікія практычныя магчымасці для складання атласаў паталагічнай анатоміі і напісання шматлікіх кніг па фізіялогіі, дыягностыцы, гімнастыцы і аб «клопатах пра школьнага вучня». Амаль усё, што ім напісана, перакладалася на рускую мову.

У пра­ві­зар­скай за­ле мож­на ба­чыць рэ­цэп­тур­ныя да­вед­ні­кі, аль­бом ня­пра­віль­на вы­пі­са­ных рэ­цэп­таў, кар­та­тэ­ку аў­тар­скіх і рэ­цэп­тур­ных про­пі­сяў.

Побач можна бачыць рэцэптурныя даведнікі, альбом няправільна выпісаных рэцэптаў, картатэку аўтарскіх і рэцэптурных пропісяў. Гэта ў правізарскай зале. А ў лабараторыі нечакана для сябе я сустрэлася з ксяндзом Янам Кшыштафам Клюкам, старым знаёмым батанікам з ХVІІІ стагоддзя, які лічыў кітайскі чай вельмі шкодным. Яго выказванне пра неабходнасць навукі аб раслінах і іх незлічоныя перавагі вялікімі літарамі ўпрыгожвае сцяну, насупраць якой вісяць уніз галовамі — пад паліцай са збанкамі і глякамі — трыпутнік, крываўнік, рамонкі, святаяннік, чабор і мята, палын і сунічнік, піжма і дзікі часнок. Я б паспрабавала перадаць праз тэкст пахі, якія лунаюць у гэтым пакоі, але, на жаль, мае жаданні пераважваюць магчымасці друкаванага слова. Пакуль што. На жаль.

У кабінеце сярод іншых каштоўнасцяў — шафа з кнігамі. Вось «Фармацэўту пра дэанталогію». Дэанталогія — гэта вучэнне, у якім перапляліся ў адно маральныя каштоўнасці, чалавечыя абавязкі і медыцынская этыка. Вось «Падручнік тэхналогіі лякарстваў і галенавых прэпаратаў». Галенавы прэпараты — гэта выцяжкі з розных раслін, яны так называюцца ў гонар доктара Клаўдзія Галена, які жыў у ІІ стагоддзі.

Рамантыкам

Мушу папярэдзіць шаноўнага чытача, што калі ён захоча ўбачыць Rеgіnа Ароthеkе ў Баранавічах на ўласныя вочы, то «дзікуном» яму лепш не быць, а заказаць загадзя экскурсію — праз мясцовы краязнаўчы музей, супрацоўнік якога раскажа і пакажа ўсё, што ёсць у гэтых сценах цікавага, і прытым нашмат лепш, чым я тут напісала. Але і супрацоўнікі аптэкі — не музейшчыкі, а фармацэўты і правізары — даволі цікавыя суразмоўнікі. З аптэкі нам выходзіць, прызнаюся, не хацелася. Нават спусціцца з другога паверха на першы аказалася значнай праблемай: не хацелася пакідаць гэтыя сцены — хоць плач. Трэба было неяк перажыць нам убачанае, эмоцыі зашкальвалі. (Яны, ведаеце, часам зашкальваюць так, што не разумееш, як з імі быць). І вось, каб нам весела ехалася далей, расказалі нам парачку аптэкарскіх анекдотаў. У адным з іх хлопец запрашае дзяўчыну пасядзець у кавярні, а яна адмаўляецца: захварэла, маўляў, кепска сябе адчуваю. Хлопец тады ў адчаі: «Ну давай хоць у аптэцы пасядзім». Такі анекдот. А другі крымінальны. Жанчына прыйшла ў аптэку і просіць прадаць ёй атруты. Аптэкар ўшчувае: няможна, маўляў, небяспечна, ды і навошта яна вам патрэбна? Жанчына адказвае: каб мужа атруціць. Аптэкар зноў угаворваць: ды як жа так можна, не трэба, за што? А за тое, маўляў, што каханку завёў. Аптэкар стаіць на сваім: не прадам, крымінальная справа. Тады жанчына дастае з сумачкі фотаздымак, на якім яе муж з яго, аптэкара, жонкай знятыя. «Дык што ж вы не сказалі адразу, што ў вас рэцэпт?» — прамаўляе аптэкар.

 

...Вось крэсла гаспадара кабінета, яно трошкі адсунута ад стала — быццам зараз ён зойдзе і сядзе. Хоць насамрэч пасля Другой сусветнай (падчас якой аптэка не закрывалася) ён эмігрыраваў у Польшчу, бо аптэку ў яго адабралі. Але партрэт пана Станіслава стаіць на падаконніку, упрыгожаным вышыванай сурвэткай, — па модзе, якая існавала ў яго час. Прыдзірлівае вока можа адзначыць, што аддзелачныя матэрыялы, выкарыстаныя ў стварэнні інтэр'ераў аптэкі-музея, надта ж сучасныя. Так на пергамен уражанняў спрабуе нанесціся новы слой, але дзе там...

Паслядоўнікам

У працяг разважанняў, прыведзеных у пачатку артыкула, дадам, што гэтыя «гіпер-супер», гэты сталічны размах у маленькіх куточках зладзіў нам нечуваную прыкрасць: ужо нельга прывезці з вандроўкі ні капыльскіх баравічкоў з шакаладнымі шляпкамі, ні рубяжэвіцкага духавітага хлеба, ні івянецкай сметанковай памадкі. Нешта з гэтым трэба рабіць. Як пісаў спадар Гюго, людзі ад многага адвучваюцца — і добра робяць. Абы адвучыўшыся ад аднаго, навучыліся іншаму. Мы ведаем, што з Зальцбурга трэба везці дадому ў якасці сувеніраў цукерачкі-«моцарцінкі». А чаму б нам (і замежнікам) не везці з Гродна арэшкі-«ажэшкі»? А са Слуцка, напрыклад, крылатых коней, як на гербе, вырабленых з тамтэйшага цукру? Мы толькі чулі пра гродзенскі пернік з выявай святога Губерта і аленя, але дзе ён, той пернік? А павінен жа прадавацца ў Гродне паўсюдна, на кожным кроку, ад вакзалаў і да музеяў, малых і вялікіх формаў, у падарункавай упакоўцы і без такой. Было б добра, калі б так пачало адбывацца. Заплюшчваю вочы і пад жнівеньскі зарапад загадваю такое жаданне.

Падарожнічала Святлана Воцінава

Загаловак у газеце: Баранавіцкі палімпсест

Выбар рэдакцыі

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала. 

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.