Вы тут

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?


Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца

Яшчэ летась падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць будаўніцтва малочнатаварных фермаў у краіне за 2017—2018 гады. Ён падкрэсліў, што пабудаваныя фермы павінны быць запоўненыя высакаўдойным статкам. І адзначыў важнасць пытання захаванасці кармоў. Мы паспрабавалі прааналізаваць, як усё гэта выконваецца на прыкладзе Магілёўскай вобласці.


Дрэнныя кармы і чалавечы фактар

Летась КДК Магілёўскай вобласці правёў праверку ходу мадэрнізацыі МТФ і прыйшоў да высновы, што не ўсё робіцца для таго, каб квітнела малочная галіна. Сваімі меркаваннямі кантралёры падзяліліся са спецыялістамі. І зараз вядзецца маніторынг, што адбываецца на стратэгічна важных для беларускай эканомікі аб'ектах.

— Па праграме развіцця малочнай галіны трэба пабудаваць або мадэрнізаваць у вобласці 170 малочнатаварных фермаў, — кажа Аляксандр Зносінка, намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці. — Па нашых звестках, цалкам узведзены 140 фермаў, яшчэ на 30 работы не завершаны. Галоўная прычына — праблемы з фінансаваннем. Але ўсе 170 фермаў працуюць. Розніца толькі ў тым, што 30 з іх працуюць не на поўную магутнасць. Мясцовыя ўлады прымаюць меры па пошуку сродкаў для рашэння праблемы. Бо гаспадаркі нясуць страты ад недаўкамплектацыі. Умоўна кажучы, калі ферма разлічана на 800 галоў, а там усяго 400 — гэта дрэнна.

Пакуль мэта, для якой праводзілася мадэрнізацыя — рост якасці і аб'ёмаў малака — не спраўдзілася. Па словах Аляксандра Зносінкі, удой на карову за паўгода па 265 МТФ склаў 2113 кілаграмаў. Летась сярэдні ўдой на карову на сучасных комплексах быў на 83 кілаграмы большы. Па вобласці сярэдні ўдой — 2078 кілаграмаў за паўгода таксама знізіўся на 80 кілаграмаў.

— Асноўныя прычыны — гэта недахоп кармоў і хваробы, — кажа суразмоўнік. — Малако — гэта ж тыя самыя кармы, іх якасць. Шмат гаспадарак, якія мы наведвалі, практычна не давалі жывёлам камбікармы або колькасць іх у рацыёне кароў была нязначная. Безадказнасць, адным словам. Не ажыццяўляецца своечасовая выбракоўка кароў, пра што казаў Прэзідэнт. Адна дае больш малака, другая менш. Агульны вынік кульгае. Ёсць гаспадаркі, дзе за паўгода ад адной каровы надаілі ўсяго 479 літраў малака. Гэта ненармальна. Наш кантроль заключаецца ў тым, каб па максімуме дапамагчы гаспадаркам дабіцца лепшых вынікаў. Трэба іх падштурхоўваць. Ёсць даручэнне Прэзідэнта, і яно павінна выконвацца. МТФ будуюцца для таго, каб калгасы зараблялі рэальныя грошы. Гэта іх круглагадовы прыбытак. Мы не так даўно аналізавалі: у 2017 годзе рэнтабельнасць продажу малака склала 24 %. Трэба даглядаць жывёлу, каб яна давала малако. Непрадукцыйнымі жывёлы становяцца таму, што да іх няма належнай увагі.

Адмысловая група часта пачынае работу а 3-й гадзіне

Падчас нядаўняй сустрэчы з працоўным калектывам холдынга «Бабуліна крынка» намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў звярнуў увагу на тое, што трэба развіваць сыравінную базу, удзяляць пільную ўвагу ўзнаўленню малочнага статка і выпуску якаснага малака. Толькі гэта, на яго погляд, забяспечыць якасны рост вытворчасці малака.

Сёння, дарэчы, вытворчыя магутнасці прадпрыемства загружаны толькі на 60 %.

— За суткі перапрацоўваем 1200—1250 тон малака, а маглі б дзве тысячы і нават болей, — кажа часова выконваючы абавязкі дырэктара, намеснік дырэктара па эканоміцы холдынга «Бабуліна крынка» Сяргей Галухін. — Адбываецца недазагрузка вытворчасці, і гэта лішнія затраты. Ёсць раёны традыцыйна моцныя па малаку, як Кіраўскі або Магілёўскі, ёсць і слабыя. Але патэнцыял ёсць ва ўсіх.

Нядаўна па даручэнні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама на прадпрыемстве была створана група, якая працуе над якасцю малака і аказвае сельскагаспадарчым арганізацыям тэхналагічную і метадычную дапамогу.

У яе склад увайшлі ветэрынары, заатэхнікі, якія спецыялізуюцца кожны па сваім кірунку. Нехта займаецца ветэрынарнай гінекалогіяй, нехта праблемамі малочнай залозы і гэтак далей.

— Спецыялісты выязджаюць і робяць дыягностыку, даследуюць скрытыя мастыты і яскрава выражаныя клінічныя формы. У гэтым і заключаецца работа над якасцю малака нашай тэхналагічнай групы, — тлумачыць намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы холдынга «Бабуліна крынка» Алена Бодак. — Трэба аддзяляць малако ад хворай жывёлы і здаровай, забяспечыць яго рэалізацыю па гатунках. Калі ёсць магчымасць рэалізоўваць прадукт «экстра» і вышэйшым класам, чаму гаспадарка павінна губляць грошы.

З 20 ліпеня аддзел выязджае ў раёны і працуе на базе той ці іншай гаспадаркі.

— Наш дзень часта пачынаецца а 3-й гадзіне раніцы, едзем адразу на ранішнюю дойку, — расказвае Алена Бодак. — У панядзелак, напрыклад, працавалі ў Круглянскім раёне на перасовачнай даільнай устаноўцы ААТ «Друць-агра». Да гэтага рабілі агляд жывёл у «Новай Друці» ў Бялыніцкім раёне. Там, дзе работнікі добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, праблем няма. Трэба, каб была высокая чалавечая адказнасць. Той жа аператар машыннага даення павінен вылучыць хворую карову і паведаміць пра гэта, каб сітуацыя не абвастралася. Тады ў нас і надоі будуць добрыя, і якасць малака высокая.

Кіраўнік кампенсуе страты сам

У Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама прычыны падзення надояў таксама бачаць у не вельмі якасных кармах і не зусім прафесійных дзеяннях некаторых работнікаў. Таму і работа вядзецца так, каб ліквідаваць гэтыя прабелы.

— Лічбы пакуль не тыя, да якіх мы імкнёмся, але зрухі ёсць, — запэўнівае першы намеснік старшыні камітэта Алена Шыбут. — Стаўка робіцца на галштынскую высокапрадукцыйную пароду, быкі якой закуплены нашым дзяржплемпрадпрыемствам. Гэта семявы фонд для ўсёй вобласці. Маці гэтых жывёл давалі па 11 тысяч і болей кілаграмаў малака ў год. Мы ставім планку 7 тысяч. І яе рэальна дасягнуць. Трэба толькі пераадолець шэраг праблем.

Па словах Алены Шыбут, патомства, атрыманае ў выніку асемянення, патрабуе асобых умоў утрымання і кармлення. Галштынцы вельмі разборлівыя ў харчаванні і абы што есці не будуць. Трэба, каб корм быў па максімуме свежы і якасны. Таму сёлета асаблівая ўвага ўдзяляецца закладцы і захаванню травяных кармоў. Усюды па вобласці будуюцца сянажныя траншэі, якія павінны быць гатовыя да верасня. Паралельна закладка сенажу вядзецца па сучасных тэхналогіях — у рулонах. Травы ў гэтым выпадку менш за ўсё псуюцца. Ход закладкі кармоў пільна адсочваюць спецыяльна створаныя камісіі на трох узроўнях — самой гаспадаркі, раёна і вобласці. Прычым, калі абласная камісія выяўляе недахопы, кіраўнік гаспадаркі рызыкуе кампенсаваць страты са сваёй кішэні.

Намеснік губернатара па эканамічных пытаннях Кастрамской вобласці Расіі Юрый Макаў:

— Асноўны ўпор мы робім менавіта на развіццё малочнай жывёлагадоўлі. Ставім мэту забяспечыць сябе малаком і стаць экспарцёрамі. Але ў нас пакуль адчуваецца яго дэфіцыт. У выніку завозім малако з суседніх рэгіёнаў і, безумоўна, аказваем падтрымку тым прадпрымальнікам, якія займаюцца жывёлагадоўляй. Адпаведныя праграмы ёсць на федэральным і абласным узроўнях. Безумоўна, канкурэнцыя вялікая, існуе шмат перапрацоўшчыкаў нашага малака і шмат малочнай прадукцыі, якую да нас завозяць. Вельмі востра стаіць пытанне якасці малака. Аднойчы нашы сяляне звярнулі ўвагу на тое, што ў продажы сустракаюцца падробкі, дзе пад маркай добрасумленнага вытворцы прадаецца вельмі сумніўны прадукт. Быў названы шэраг расійскіх прадпрыемстваў з іншых рэгіёнаў, не вельмі чыстых на руку. Сяляне нават збіраліся аб'яднацца ў нешта накшталт гільдыі, каб супрацьстаяць фальсіфікату. Мы, са свайго боку, робім усё, каб прадухіліць выпадкі падробак.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».