У Беларусi рэканструяваны 1643 малочнатаварныя фермы, гэта 40 % ад усiх iснуючых. На абноўленых комплексах утрымлiваецца больш за палову дойнага статка краiны i вырабляецца 62 % малака. Але новыя комплексы пакуль не даюць таго эфекту, якi ад iх чакаецца.
Гэта ў пачатку чэрвеня агучыў намеснiк мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Iгар Брыла, прывёўшы ў прыклад Астравецкi i Ашмянскi раёны, дзе на сямi новых фермах з васьмi прадукцыйнасць статка нiжэй за сярэднерэспублiканскую (2071 кг). Нездавальняючай застаецца i якасць малака. За пяць месяцаў гэтага года ў 43 % даследаваных проб рэалiзаванага сельгасарганiзацыямi таго ж Ашмянскага раёна малака ўтрыманне саматычных клетак перавышала 500 тыс., у тым лiку ў 24 % проб — больш за 1 млн.
Намеснiк мiнiстра назваў тры прычыны няўдачы. Першая — новыя комплексы ўкамплектаваныя непрыдатнымi да новых умоў жывёламi (па фiзiялагiчных або прадукцыйных параметрах). Другая — дрэнная кармавая база, парушэнне тэхналогii нарыхтоўкi i скормлiвання кармоў (не хапае кормараздатчыкаў-змешвальнiкаў). Трэцяя — недахоп спецыялiстаў па рабоце з праграмным забеспячэннем па кiраваннi статкам i вядзеннi селекцыйнай работы.
Па сутнасцi з чыноўнiкам згодны i спецыялiст па харчаваннi i ўтрыманнi мясных i малочных жывёл кампанii «Экамол Агра» Уладзiмiр Пярэднеў. Але ён расстаўляе акцэнты трошкi iнакш: вiнаваты не каровы, якiя быццам бы аказалiся непрыдатныя да новых тэхналогiй, а людзi, якiя не стварылi для кароў умовы, спрыяльныя для выпрацоўкi малака. У тым лiку i на новых фермах.
— Усё вельмi проста, — кажа спецыялiст. — Для таго, каб карова дала малако, трэба яе накармiць, напаiць i даць ёй адпачыць лежма. Калi мы кажам, што ў нас кармоў дастаткова, то маем на ўвазе iх колькасць, а якасць не ацэньваем. Нашы гаспадаркi рапартуюць: нарыхтавалi сянаж першага класа, але каровы ядуць не клас, яны ядуць сухое рэчыва, якое вызначае ўдой малака.
Сучасная карова па памерах значна большая за сваю папярэднiцу мiнулага стагоддзя, кажа Уладзiмiр Пярэднеў. Таму ёй трэба больш месца. I калi праблему харчавання мы вырашаем хоць бы колькасна, то пра мiкраклiмат i камфорт стойла, як правiла, не думаем. Разам з тым, у старых фермах каровам жыць немагчыма, у новых — цяжка. Мы сёння маем статак з кароў, прадукцыйнасць якiх павялiчылася, але разам з тым, яны вельмi дрэнна асемяняюцца, колькасць хвароб узрасла. «Сёння любы спецыялiст малочнай жывёлагадоўлi, якi працаваў у 90-я гады, скажа, што тады каровы не хварэлi, — заўважае эксперт. — Цяпер каровы масава хварэюць на мастыты, эндаметрыты, адбываецца iх невытворчае выбыццё. У 80-я, 90-я гады мы эшалонамi вазiлi рамонтных цялушак у Казахстан, бо карова жыла пяць-восем гадоў, зараз — два-тры».
Спецыялiст звяртае ўвагу: калi карова на працягу ўсяго года змешчана пад дах, яна павiнна штодня атрымлiваць усе вiтамiны i мiнералы, якiя яе продкi знаходзiлi на дзiкай пашы, тым больш што малака яна вырабляе больш. Незбалансаванасць рацыёну па энергii, пратэiне, вiтамiнах i мiнералах знiжае iмунiтэт буйной рагатай жывёлы. Але харчаванне — гэта яшчэ не ўсё.
«Як фiзiёлаг магу сказаць, калi карова стаiць, яна трымае на нагах вельмi вялiкую вагу, i асноўны працэс утварэння малака адбываецца толькi ў тым выпадку, калi карова ляжыць. Калi яна лягла, расслабiлася, тады кроў цыркулюе праз вымя, туды паступае глюкоза, з яе атрымлiваецца лактоза або ўдой малака, — тлумачыць Уладзiмiр Пярэднеў. — Калi карове не камфортна, яна знаходзiцца па-за стойлам i дае менш малака. У першыя два тыднi жнiўня, калi стаяла спякота, колькасць вырабленага малака ў Беларусi зменшылася. Прычына — цеплавы стрэс, бо карова ў спякоту не жадае ляжаць, яна стаiць, не есць i страчвае ўдоi».
Уладзiмiр Пярэднеў лiчыць, што сусветным узорам для пераймання перадавых тэхналогiй у сферы малочнай жывёлагадоўлi можна лiчыць Iзраiль. Там у аснове ўсяго — умовы для адпачынку жывёлы. Карова на працягу сутак павiнна паляжаць 12—14 гадзiн. Для гэтага неабходна не толькi прастора, але i само месца, куды жывёла можа легчы: яно павiнна быць мяккае, чыстае, спрыяльнае для расслаблення. Да таго ж, важна, каб карова дыхала свежым паветрам. У Iзраiлi дабiваюцца гэтага, хоць спякоту там не параўнаць з нашай.
Нягледзячы на тое, што даўно вядомыя аптымальныя памеры стойла для малочнай каровы, мы вечна змагаемся з праекцiроўшчыкамi, выдумляем нешта сваё, эканомiм, лiчыць эксперт. «Якая карова будзе ляжаць на бетоне! — абураецца Уладзiмiр Пярэднеў. — А большасць стойлаў у нас, на жаль, бетонныя або пакрытыя гумай, што таксама няправiльна. Варта перавесцi карову на пясок, яна адразу дасць больш малака».
У нас ёсць гаспадаркi, якiя iмкнуцца да стварэння належных умоў для дойнага статка, i яны дабiваюцца адпаведных вынiкаў, але iх не так ужо i шмат. На жаль, большасць — сярэдняга ўзроўню i нiжэй. Таму сярэднi паказчык прадукцыйнасцi — пяць тысяч кiлаграмаў. У Iзраiлi на сярэдняй ферме карова дае 13—15 тысяч кiлаграмаў малака. Пры гэтым у iх усе каровы асемяняюцца i без праблем жывуць не менш за чатыры лактацыi. Цiкава, што ў Iзраiлi вядучую ролю ў развiццi сельскай гаспадаркi выконвае менавiта дзяржава. Гэтым мы падобныя. Але там дзяржаўных патрабаванняў трымаюцца строга, а ў нас кожны iмкнецца нешта зрабiць па-свойму, нешта выдумаць адмысловае.
Яшчэ адзiн складнiк поспеху — якасны менеджмент. У 2006 годзе ў Iспанii было праведзена вельмi цiкавае даследаванне: кароў на амаль чатырох тысячах фермаў кармiлi аднолькавым кормам, але надоi там адрознiвалiся на 13 лiтраў. Бо фактары менеджменту (нарошчванне маладняку, якасць i агульная арганiзацыя кармлення, камфорт кароў) з'яўляюцца вызначальнымi.
Сучасныя комплексы ў птушкаводстве i свiнагадоўлi, у адрозненне ад малочнатаварных, сапраўды прывялi да ўзлёту ўсiх паказчыкаў, сусветнага узроўню вытворчасцi i якасцi. Але з буйной рагатай жывёлай вынiк не такi станоўчы, бо для гэтых жывёл большае значэнне мае чалавек, лiчыць Пярэднеў. Дастаткова аднаму работнiку на ферме дрэнна выконваць свае абавязкi, скажам, механiзатар кепска змешвае корм, i гэта адаб'ецца на якасцi ўсяго статка. «Прасцейшая сiтуацыя з вырошчваннем маладняку, — кажа эксперт. — У нас з'явiлася з дзясятак прадпрыемстваў па вырошчваннi рамонтнага маладняку, i там няма рознiцы з агульнаеўрапейскiмi паказчыкамi».
Спецыялiст па кармленнi i ўтрыманнi мясных i малочных жывёл не баiцца паўтараць: «У аснове ўсяго павiнна ляжаць дыктатура тэхналогiй. Яны даўно распрацаваныя ў краiнах з высокаэфектыўнай малочнай жывёлагадоўляй: ЗША, Iзраiлi, Галандыi, Iталii, Новай Зеландыi. Неабходна пастаяннае навучанне спецыялiстаў азам. Чалавек на ферме павiнен ведаць, перш за ўсё, чаго рабiць нельга. Калi мы падымем узровень прафесiйнай адукацыi, мы дасягнем поспеху».
Уладзiмiр Пярэднеў упэўнены: пры стварэннi для каровы «чалавечых» умоў, вынiк гарантаваны ўжо на наступны дзень. Лiтаральна.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Надзеі БУЖАН
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.