Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Касіў Ясь... І пад Яся

Некалі ў савецкія часы ў кожнага калгаса і саўгаса былі свае шэфы. У нашага — «За мір» — дык нават не абы-якія: кінастудыя «Беларусьфільм», арганізацыя на той час досыць багатая. Ва ўсякім разе і тэхнікі ў яе хапала, і штат быў вялікі.

А ў саўгаса, можна сказаць, вузкая спецыялізацыя — вырошчванне сартавога насення. Нідзе ні лапічка пустой зямлі не пакідалася! Нават вакол слупоў усё абкопвалі, каб пустазелле не рассявалася, каб потым зерне чыстае было.

Ім саўгас забяспечваў не толькі ўсе гаспадаркі раёна, — нават з іншых прыязджалі. Гэтым «ганцам» за тры, а то і за чатыры тоны фуражнага зерня давалі адну тону сартавога, дарагога, якое і вырошчваць, і ўбіраць трэба было з розумам: каб урадзіла, каб на корані даспела, каб не абсыпалася.

Праз сушылку яго таксама не праганялі: звозілі на такі, разоў колькі лапацілі шуфлямі. І вось на гэтыя работы ўжо «выводзілі» ўсіх: настаўнікаў, вучняў-падлеткаў, спецыялістаў саўгаса...

На падмогу тады прыязджалі і шэфы, як правіла, мужчыны. І яны, каб спадабацца мясцовым дзяўчатам ды маладзіцам, часам выдавалі сябе за вялікіх начальнікаў, за рэжысёраў, «касілі» пад аператараў (хоць асобныя, як выглядала, маглі хіба цягаць рэквізіт)...

Таму, відаць, слава найлепшага вось з гэткіх «касцоў» дасталася не ім, а нашаму тутэйшаму электразваршчыку Пецю, прычым выпадкова.

Справа ў тым, што Пеця, як зараз сказалі б, фанацеў ад «Песняроў». Ён да таго ж і знешне трохі змахваў на Уладзіміра Мулявіна, асабліва — калі адгадаваў такія ж валасы і вусы...

Дык вось насталі ў саўгасе гарачыя дзянькі — жніво. На ток — на прасушку зерня, на адгрузку мяшкоў — выйшлі ўсе і мясцовыя, і прыезджыя,
у тым ліку — нейкія зусім маладзенькія дзяўчаткі з кінастудыі (не ведаю, што яны там рабілі: можа, плёнкі якія склейвалі?).

Тут жа, на таку, то ўсе разам, а то па чарзе, яны сталі прыглядацца да нашага Пеці. («Песняры» тады на ўвесь Саюз грымелі!) А найсмялейшая з дзяўчат дык нават падышла: ледзь жывая ад хвалявання, спытала:

— Вас таксама на ўборку прыслалі?

Пеця, вядома ж, змікіціў, за каго яго прынялі, — стрымана адказаў:

— А што рабіць?.. Трэба ж дапамагаць вяскоўцам.

— Ну, вядома! — дружна згадзіліся дзяўчаты. І, шчыруючы паблізу, нават не падумалі, што «Песняры» наўрад ці мелі дачыненне да іх кінастудыі, да нашага саўгаса і што ўрэшце не мулявінская гэта справа ў вёсцы Забалацце мяхі на машыны грузіць.

Нашы, мясцовыя дзяўчаты (а яны ўсё чулі і бачылі) з наіўнасці гарадскіх толькі пасмяяліся. Аднак расчароўваць іх не сталі: Мулявін дык Мулявін. А таму яны, можа, і сёння дзецям расказваюць, што сустракаліся з сапраўдным песняром, што размаўлялі з ім, што побач працавалі.

Дарэчы, пасля гэтага выпадку Пецю (не дурны быў хлопец і нават трохі артыст) ужо іначай людзі не звалі: прыляпілася да яго знакамітае прозвішча, праз гады — хіба пакарацеўшы: быў Мулявін, стаў проста Муля.

Л. М. Чыгрынава, г. Мінск


«Забастоўка» на жніве

Мы, школьнікі першых пасляваенных гадоў, калі і адпачывалі ў час летніх канікулаў, то хіба ад вучобы. Ад працы — неяк не даводзілася, бо нараўне з дарослымі (і за той самы «голы» працадзень!) шчыравалі то на лузе, то на калгасных палетках. Зранку, бывала, спяшаліся на калгасную канюшню, запрагалі якога каняку і прычэпленымі да ворчыкаў плугамі-акучнікамі дапазна абганялі бульбу, альбо касілі, сушылі, звозілі сена, да сёмага поту завіхаліся на малацьбе...

Як зараз бачу: мы, двое падлеткаў, можна сказаць, валімся з ног ад стомы, але скідваем з тарпы важкія снапы жыта, якія нехта з дарослых дзядзькоў запіхвае ў «пашчу» малатарні ды яшчэ і пакрыквае: «Давайце, хлопцы, давайце!»

«Даваць» — цяжка, але мы ведаем, што снапы тыя трапілі да нас «з падачы» гэткіх жа непаўналетніх дзяўчатак. Ва ўсякім разе трохі старэйшая за мяне сястра ўспамінала, як па жытнім полі, натужна стракочучы, рухалася жняярка, як кіроўца, падганяючы парку коней, скідваў на пожню збажыну,
і як яны, дзеці, можна сказаць, пад спякотным сонцам, не разгінаючы спін, вязалі яе ў снапы.

Дык вось неяк раз дзяўчаткі не вытрымалі — вырашылі... забаставаць, у другой палове дня не выйсці на работу.

Яны чулі, як да двара падыходзіў брыгадзір, як зычна крычаў: «Ну дзе вы там? Пара... Жняярка ў полі!»

У адказ яму — хіба цішыня ды прыглушанае хіхіканне. І толькі потым ужо разуменне, што з брыгадзірам жарты кепскія, з матулямі ды ба́цькамі — і зусім...

А таму дзяўчаты хуценька сабраліся і бягом у поле, дзе ўжо ляжала скошаная збажына. Похапкам яны сталі збіраць яе, доўгімі перавясламі вязаць у снапы.

Не заўважылі, як і сонца села: канчалі работу пры месячным святле, аднак настрой ад гэтага не сапсаваўся. Ва ўсякім разе, праходзячы ля брыгадзіравай хаты, яны дружна праспявалі прыпеўкі пра шчаслівае калгаснае жыццё...

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Па законе ці па справядлівасці?

Збіраць падаткі цяпер прасцей простага. Інспектарам можна і з-за стала не ўставаць: патыцкаў на кнопкі ў камп'ютары і ўся работа. Плацельшчыкі ўсё самі павінны: дэкларацыі ды справаздачы падаць, грошы пералічыць... А ўжо тады і спаць спакойна можна.

Зрэшты, не: перад гэтым трэба падатковаму інспектару пазваніць.

Ён, той дзядзька ў рэкламе, як быццам, нішто сабе, але ж я званіць яму не буду, хоць павагі ён і заслугоўвае, бо працаваць інспектарам зможа хіба «сапраўдны арыец»: нікому ніякай літасці, ніякіх саступак, нават у драбязе. Як казаў Задорнаў, не разумею, краінам Афрыкі дзяржава прабачыла мільёны долараў, а ты паспрабуй, не заплаці пяць капеек — адразу ж санкцыі.

...Так, між іншым, і раней было, хоць сама працэдура «адымання грошай» праходзіла, вядома ж, па-іншаму: сельсавет складаў спісы, што ў каго ёсць (то-бок нешта накшталт дэкларацыі, дзе падаткам абкладалася ўсё, што варушыцца і не варушыцца, што маеш і чаго не маеш). Ён жа, сельсавет, вылічваў, хто за што і колькі вінен плаціць. Чым — калі ў калгасах заробкаў не было — не цікавіла ўжо нікога...

Але ж людзі плацілі (бо іначай — суд, «катарга» ды іншыя «радасці»), хоць, можа, і не адразу. У прыватнасці, мясцовы фінагент (па-цяперашняму — інспектар, асабліва, калі ён жанчына) не заўжды мог падаткі спагнаць. У гэтым выпадку браўся за справу раённы фінаддзел. Яго людзі, як чорт крыжа, баяліся.

«Дык вось неяк раз сабраліся райфінаддзелаўцы «вытрасаць нядоімку». Для большай саліднасці ўзялі ў дэпутацыю прадстаўнікоў розных сельсаветаў, у тым ліку і мяне, — расказвала цётка Пашка. (Ёй, між іншым, 96-ы пайшоў, яна Сталіна бачыла). — Цэлы «козлік» людзей набіўся і гайда па аддаленых вёсках. У першай жа спыніліся ля адной халабуды, падпёртай каламі, дзе жыла бязмужняя, але прытым — шматдзетная жанчына. За гераізм тады гэта не лічылася (твае дзеці — твае і клопаты), ніякіх дапамог ці льгот не давала. Плаці падаткі — і ўсё тут!

Каб спагнаць, у тую развалюху паслалі маладога агенціка: разведай, маўляў, дома гаспадыня ці не. Хлопец пайшоў. І ён, трэба сказаць, не быў «сапраўдным арыйцам» — ён за ўсіх заступаўся, усіх шкадаваў...

Карацей, хвілін праз пяць да «козліка» вярнуўся і кажа:

— Ведаеце, сёння мы тут нічога не возьмем: роды ў гаспадыні.

Што рабіць камісіі? Роды дык роды: ну не звяры ж яны? Сабраліся ад'язджаць, як раптам з хаты на ганак выбягае... «парадзіха», крычыць:

— Калі ласачка, госці дарагія, заходзьце! Я тут самагонку якраз ганю — пачастую вас за вашу дабрыню!

Ад неспадзеўкі прыезджыя проста аслупянелі, а той агенцік яшчэ і спалатнеў, бо ён жа быў у хаце, бачыў,  чым займаецца неплацельшчыца, — вырашыў пашкадаваць яе і дзяцей, адвесці ад хаты бяду (што пры гэтым казаў — невядома)... А жанчына як зразумела, так зразумела: вырашыла і яму, і ўсёй яго «камандзе» аддзячыць...

А вось каманда, як і варта было чакаць, гэты парыў не ацаніла: склала акт, канфіскавала самагонны апарат і «нованароджаную» самагонку.

Ехаць некуды далей з гэтымі трафеямі ўжо не выпадала — прыйшлося вярнуцца ў Рагачоў. І пры гэтым усю дарогу «варажыць» — нармальная тая баба ці ўсё ж такі не?

Да кансэнсусу, кажучы сённяшняй мовай, фінансісты так і не прыйшлі: не зразумелі, ЯК, гадуючы дзяцей, можна заставацца вось гэткай дурніцай?! Успаміналі, як жанчына выбегла з хаты, якімі словамі запрашала зайсці, смяяліся...

Нявесела было толькі таму маладзенькаму агенціку: з яго боку — супраць відавочнага не папрэш — назіралася яўнае ўкрывальніцтва, за якое некалі можна было і «загрымець»...

На ягонае шчасце, час ужо быў трохі іншы, але цётка Пашка казала, што ў фінаддзеле тога агенціка больш ніколі не бачыла. Відаць, проста звольнілі? Па ўласным жаданні, па законе...

А ў жыцці па законе і па-людску зусім не адно і тое ж. І было, і ёсць.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.