Вы тут

Купалаўскі ставіць Шэкспіра, а ў выніку абвяшчае маніфест


Гэтым разам тэатр пачне новы сезон не з «Паўлінкі», а з «альтэрнатыўнага» спектакля па Шэкспіру «Сон у купальскую ноч», пастаўленага расійскім рэжысёрам Андрэем Прыкатэнкам. Дзень святога Іаана Хрысціцеля, да якога, як мяркуецца, Уільям Шэкспір напісаў камедыю «Сон у летнюю ноч», у гэтым увасабленні п'есы ператварыўся ў, зразумела, свята Івана Купалы. Але героі засталіся ранейшыя — міфалагічныя асобы Робін, Абярон і Тытанія, маладыя афіняне Лізандр і Дзяметрый, Гермія і Алена. Спектакль, які ледзь не захлынаецца ад тэхналогій, падаўся не столькі творам мастацтва, колькі сімвалічным актам — праз змяненне шматгадовай традыцыі, Шэкспіра ў матрыцы сучаснага свету і пэўную эклектыку.


Лізандр і Гермія кахаюць адно аднаго, Дзяметрый кахае Гермію, Алена кахае Дзяметрыя, цар і царыца фей і эльфаў Абярон і Тытанія кахаюць адно аднаго, але лаюцца. Дарогі ўсіх персанажаў так ці інакш перасякаюцца ў начным лесе, дзе лясны дух Робін па загадзе Абярона ўмешваецца ў жыцці маладых людзей і выкарыстоўвае чарадзейнае зелле, здольнае прымусіць пакахаць іншага чалавека. Некалькі памылак эльфа — у рэальным жыцці таксама не кожны план такога роду «інтэрвентаў» спрацоўвае як трэба — становяцца нагодай для драматургічных перыпетый і шэрагу камічных у Шэкспіра і надрыўных у Прыкатэнкі сітуацый.

Калі адна з галоўных тэатральных пляцовак краіны, што з году ў год пачынае сезон з «Паўлінкі» Янкі Купалы, карэктуе ўласны звычай і знаходзіць замену нязменнай п'есе, яе рашэнне аўтаматычна ператвараецца ў пасыл (у гэтым выпадку як гледачам, так і тэатральнаму асяроддзю). «Сон у купальскую ноч» у якасці пастаноўкі, якая адкрывае сезон, куды больш змястоўны, чым «нетрадыцыйны спектакль моднага расійскага рэжысёра» сам па сабе, прычым складана і тонка змястоўны. У XX стагоддзі творчае асяроддзе перыядычна генерыравала выдасканаленыя і пафасныя маніфесты, і мне падабаецца бачыць у новым спектаклі Купалаўскага — на тым месцы, якое ён зойме 8 верасня — вельмі ёмкую альтэрнатыву пісьмовым дэкларацыям.

Трэба прызнаць, беларускі тэатр у цэлым пакуль што не ідзе ў нагу з агульнасусветнымі тэндэнцыямі і нават грашыць на пэўную архаічнасць: рэгулярна тут чуюцца развагі пра тое, чаго нам не хапае, хто ёсць прыклад і як падцягнуцца да наватарскага мыслення. Пакуль ён памаленьку сапраўды падцягваецца, вызначае сваё месца паміж «сталым» і «сучасным», застывае ў нерашучасці, Купалаўскі робіць заяву пра тое, што традыцыі — не заўсёды пазітыўная з'ява. І робіць гэтую заяву прыгожа, з цэлым шэрагам штрыхоў да характару сучаснага беларускага тэатра, якога, можна меркаваць, каманда Купалаўскага стане прытрымлівацца.

Запрашэнне рэжысёра Андрэя Прыкатэнкі, вядомага сваім некласічным прачытаннем класічных твораў, прыйшлося вельмі дарэчы. У першую чаргу таму, што ён задзейнічаў магчымасці тэатра і паставіў да перабору сучасны, у сэнсе тэхналагічны, спектакль. Настолькі сучасны, што яго сучаснасць засланяе тэатральнае мастацтва само па сабе. У кантэксце сімвалічнасці «Сну ў купальскую ноч» гэтая празмернасць успрымаецца як іранічны прыём гіпербалы. Маўляў, мы не кажам, што будучыня тэатра за некананічнымі пастаноўкамі, але спрабуем агучыць, што будучыня тэатра за некананічнымі пастаноўкамі. І не толькі гэта.

Дзеянне спектакля адбываецца ў асноўным у межах куба з галаграфічным пакрыццём, на якім перадаюцца радкі з камедыі Шэкспіра то на беларускай, то на англійскай, дзейныя асобы, быццам яны ў нейкай базе даных, і іншыя элементы відэапраекцыі, якія адсылаюць да матрыцы. Гледачы рассаджваюцца вакол куба, займаюць балкон і бельетаж, з дапамогай чаго імітуецца, як усе кажуць, схема Калізея. Эльфы, што задзейнічаны ў якасці суправаджальнікаў Тытаніі (і сама царыца, часам і іншыя персанажы, але гэта няважна), перамяшчаюцца з дапамогай гіраскутараў. Затое калі яны аказваюцца прыгнечанымі Матавілам, у якога з-за чарадзейнага зелля закахалася Тытанія, «чароўная» сіла губляецца і эльфы застаюцца на нагах. І галоўнае: зелле — не што іншае, як фатаграфія на айфоне, на якім можна лёгка ажыццяўляць розныя маніпуляцыі з пачуццямі маладых герояў, што заблудзілі ў лесе.

Увогуле, усё як у людзей: спектакль транслюе звычайную дыспазіцыю паміж істэблішментам (багі) і абывацелямі (маладыя афіняне) і спосаб, якім сёння першыя аказваюць уплыў на другіх. Мы такім чынам атрымліваем перасцярогу ў дачыненні да сучасных тэхналогій, якая ўжо даўно з'яўляецца распаўсюджаным матывам многіх твораў многіх відаў мастацтва.

Таму і шэкспіраўскі сон, як нейкі паралельны рэальнасці свет, тут становіцца матрыцай, у незлічоную колькасць лабірынтаў якой упісаны лёс, павароты і нават пачуцці сучасных людзей. Чарадзейнае зелле, якім можна маніпуляваць такімі, здавалася б, непадуладнымі катэгорыямі, ужо не здаецца казачным элементам, а ператвараецца ў самы што ні ёсць рэальны інструмент уплыву. Гэтая матрыца, у якую пастаноўка як бы змяшчае сучасныя рэаліі, і становіцца галоўным ідэйным элементам «Сну» і сэнсам, дзеля якога аўтары захапляюцца тэхналогіямі. Дзякуючы чаму ў перавазе над драматургіяй апошнія выглядаюць не празмернасцю, а зноў жа сімвалічным элементам.

Тое, як у сучасным спектаклі п'еса Шэкспіра, напісаная прыкладна паміж 1594 і 1596 гадамі, лёгка трансфармуецца ў актуальную пастаноўку, таксама служыць важным штрыхом да вызначэння новага тэатра: ён можа не проста выкарыстоўваць класіку, «вечную» саму па сабе, але з яе дапамогай перадаваць гледачу парадак бягучага дня.

Што яшчэ важнага можна ўзяць з соннага маніфеста, дык прэтэнзію на «эклектыку», дакладней, культурную калабарацыю. У гэтым выпадку сумяшчэнне хутчэй намінальнае, а таму яшчэ больш дэкларатыўнае: афіняне ў якасці галоўных герояў, брытанская і скандынаўская міфалогія, брытанскі драматург, расійскі рэжысёр, беларуская пляцоўка, дзень Іаана Хрысціцеля, свята Івана Купалы (толькі ў назве), рэп і беларускія музычныя матывы. Не перапляценне стыляў, але перапляценне кантактаў — натуральна, сусветны тэатр сёння жыве капрадукцыяй, да якой беларусам варта смялей далучацца.

Па-за межамі тэатральных пасылаў гарэзлівы Робін у выкананні Паўла Харланчука, суровы Аляксандр Казела ў ролі Абярона, чароўная Тытанія (Юлія Шпілеўская), выпіраючы Матавілаў палец у сандаліях, якія разам са шкарпэткамі нацягнуў Міхаіл Зуй, істэрычныя разборкі чатырох маладых афінян, музыкальныя ўстаўкі, не зусім дарэчныя харэаграфічныя «стасункі» і іншае-іншае публіку захапілі. Гісторыя ў папулярнай форме — жанглюючы настроямі, з песнямі, танцамі і праэкцыяй экрана айфона на сцены куба — расказвае, як катастрафічная сітуацыя прыходзіць да хэпі-энду. Каханне такім чынам запаноўвае ў кубе, праўда, калі ведаеш, што ў ход падзей умяшаліся пэўныя сілы, якія маюць аналагі ў рэальнасці, становіцца крыху не па сабе.

Тым не менш «Сон у купальскую ноч» — усё яшчэ глядацкая гісторыя, з аднаго боку. Сваёй новай прэм'ерай Купалаўскі дагаджае гледачу (калі выключным спектаклем у цэлым «Сон» не назавеш, для нашай прасторы гэта сапраўды не такі ўжо звычайны праект) і адначасова дэкларуе новыя правілы гульні, згодна з якімі традыцыйнасць у тэатры больш не выглядае козырам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Вы завязлі ў Матрыцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?