Вы тут

Марына Даманцэвіч расказвае пра закуліссе самага знясільваючага віду спорту


Цяперашні чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы стаў самым паспяховым для беларускай каманды. А адны з самых яркіх эмоцый нам падарылі менавіта марафонкі, мужная перамога Вольгі Мазуронак і заваяванне нашымі дзяўчатамі каманднага кубка выклікалі цікавасць не толькі суайчыннікаў, але і сусветнай спартыўнай грамадскасці. Дапамагла дамагчыся такога поспеху яшчэ адна дзяўчына — Марына Даманцэвіч, з найлепшым для сябе часам яна фінішавала чацвёртай. А летась Марына стала першай беларускай, якой удалося выйграць паўднёваафрыканскі ультрамарафон (56 кіламетраў) «Два акіяны». Сёння спартсменка дзеліцца сваімі ўражаннямі ад чэмпіянату Еўропы, напярэдадні Мінскага паўмарафону дае парады аматарам бегу і расказвае пра асаблівасці гэтага віду спорту.


— Марына, крыху не хапіла да прызавой тройкі на чэмпіянаце Еўропы, ці задаволены сваім вынікам?

— Для мяне турнір склаўся вельмі добра, я рыхтавалася да яго некалькі месяцаў, спецыяльна нікуды не ездзіла, нідзе не выступала. Трэніравалася штодзень, нягледзячы на тое, што ў мяне ёсць яшчэ іншая работа — трэнер у трэнажорнай зале. Даводзіцца прачынацца ў 5.30 — 6 раніцы, ісці рабіць спачатку сваю трэніроўку, а потым трэніраваць вучняў. Да таго ж у мяне ёсць яшчэ і клуб аматараў бегу ў Наваполацку. З-за такой занятасці настолькі ўдалы вынік у Берліне для мяне стаў нечаканасцю. Сказаць, што памірала на дыстанцыі — не магу, беглася выдатна. Не атрымалася ўвайсці ў тройку, з дзяўчатамі, якія мяне апярэдзілі, я ўжо бегла два месяцы таму паўмарафон у Празе, ведала, што яны моцныя, таму старалася трымаць сваю пазіцыю, прадчувала, што яны ўсё роўна збягуць ад мяне. Вынік атрымаўся вельмі добры, аб такім часе заўсёды марыла, хацела выбегчы з дзвюх гадзін трыццаці хвілін, але ў мяне ніколі не атрымлівалася. На нейкі момант нават перастала ў гэта верыць, але ўсё роўна ішла і трэніравалася. І вось, атрымалася. Чацвёртае месца ў Еўропе — гэта цудоўны вынік для мяне.

— Траса ў Берліне была складаная?

— Не, бегавая, простая для марафону, дзе сапраўды можна паказваць добры вынік. Самая складаная траса для нас, калі ёсць горкі, бегчы ў такім выпадку цяжка, уздымы марнуюць час, пакуль разбяжышся, а там зноў гара. На чэмпіянаце Еўропы было шмат паваротаў, псіхалагічна гэта таксама цяжка, трошкі цісне, што паварот ідзе за паваротам. Дзяўчаты кажуць, што падчас бегу ў Берліне быў вецер, а я яго нават не заўважыла, бо проста бегла і атрымлівала кайф. Яшчэ і ў лідарах, думаю, што я ствараю? Але вырашыла: калі ўжо пачала, то буду змагацца да канца, выйсця проста не было. Ведала, што за мяне хварэюць, чакаюць і падтрымліваюць. Да таго ж хацелася даказаць людзям, якія ў мяне не верылі, а такія былі, што я яшчэ нешта магу, нават нягледзячы на тое, што ў мяне няма трэнера, усё раблю сама, без якой-небудзь падтрымкі. Дзякуй Вадзіму Анатолевічу (Дзевятоўскі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. — Заўв. аўтара), дапамагаў мне два месяцы, падтрымліваў, даваў зборы.

— Вы ўжо пачалі казаць пра вецер, наогул, умовы надвор'я важныя для марафонцаў?

— Вельмі важныя. Супраць ветру бегчы цяжка, гледзячы яшчэ, якая прамая, калі яе працягласць два кіламетры, то бегчы ў два разы складаней. Але за ўсю сваю кар'еру заўважыла, што калі ідзе дождж і дзьме вецер, то забег складваецца для мяне паспяхова, пастаянна нават нейкія асабістыя рэкорды атрымліваюцца.

— На чэмпіянаце ўсіх уразіла здарэнне з Вольгай Мазуронак, якой па ходзе забегу прыйшлося спраўляцца з крывацёкам з носа. Ці часта спартсмены сутыкаюцца з праблемамі, якія датычацца здароўя?

— Так, такія сітуацыі бываюць, напярэдадні ты можаш быць гатовы выдатна, а вось менавіта ў гэты дзень наогул немагчыма бегчы. Асабліва жаночы арганізм можа выдаваць рознае. Уздоўж трасы заўсёды ёсць людзі, якія могуць аказаць медыцынскую дапамогу, калі сыдзеш з дыстанцыі, цябе нават давязуць да фінішу. Але прафесійныя спартсмены вельмі рэдка карыстаюцца дапамогай, калі нават падаем, праз боль будзем бегчы, але сваю справу зробім. Парой прыбягаеш на фініш і толькі тады ўспамінаеш, што ў цябе нешта там здарылася. Аматары, вядома, ставяцца да гэтага па-іншаму. А для нас вельмі важны час, нават ваду п'еш, як мага хутчэй, толькі каб не выдаткаваць шмат часу.

— У вас асабіста былі форс-мажоры?

— Сышла з дыстанцыі толькі адзін раз, бегла марафон у Стамбуле, нага практычна аднімалася, па ёй пайшлі нейкія колікі, я проста не магла працягваць. Было яшчэ, што ўшчаміўся нерв, я дабегла дыстанцыю на прамой назе. Ішла першая, таму не магла спыніцца, думала ў той момант толькі пра тое, што буду бегчы, пакуль не ўпаду. Прыехала дадому і трапіла ў бальніцу, але, на шчасце, усё добра абышлося.

— Гэты від спорту аказвае моцны ўплыў на здароўе?

— Ну, паглядзіце, аматараў на спаборніцтвах збіраецца шмат, па 3—5 тысяч, яны робяць гэта для свайго задавальнення, як кардыянагрузка — карысна. Мы, прафесіяналы, часта бяжым на мяжы сваіх магчымасцяў, таму сітуацыя іншая. Праблемы спартсмены пачынаюць адчуваць дзесьці да 37 гадоў, моцна б'е па нагах, ад асфальту забіваюцца мышцы ног і сцёгнаў.

— Як ставяцца родныя да таго, што вы бегаеце марафоны?

— Яны ганарацца мною, мама, вядома, кажа: «Марына, можа, хопіць? Падумай пра здароўе». Але я сама разумею, буду бегаць пакуль адчуваю сябе добра, калі адчую, што больш не магу, — скончу са спортам. Дачка заўсёды хварэе за мяне, засмучаецца, калі я не прывожу медальку, але заўсёды кажа: «Мама, галоўнае не перамога, а ўдзел».

— На ультрамарафоне «Два акіяны» на старце вас збілі з ног, часта такое бывае?

— Не, гэта проста выпадковасць, у асноўным у нас выхаваныя і культурныя людзі, якія дапамагаюць, падымаюць, калі штосьці здараецца.

— Як вы звычайна аднаўляецеся пасля марафону?

— Магу дні два, тры наогул нічога не рабіць, а магу на наступны дзень прабегчы кіламетраў шэсць для сябе.

— Ваш трэніровачны працэс уключае працяглыя прабежкі, роўныя па кіламетражы марафону?

— Вядома! Як правіла, выбіраеш для сябе суботу або нядзелю і бяжыш кіламетраў 30—35. Да марафону трымаем гэты аб'ём, а ў буднія штодзень прабягаю па 18—20 кіламетраў. Наогул, максімальная спаборніцкая дыстанцыя ў мяне пакуль 56 кіламетраў.

— Замахнуцца на больш працяглую дыстанцыю пакуль не хочаце?

— Пакуль не, не той час. У наступным годзе трэба ўжо рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў, а значыць, больш сур'ёзна паставіцца да свайго рэжыму, таму што наперадзе яшчэ адбор на гэтыя спаборніцтвы. Трэба паказаць час яшчэ лепшы, чым ёсць зараз. Я загарэлася Алімпіядай, асабліва пасля гэтага чэмпіянату Еўропы, вельмі хачу туды трапіць. Ужо пасля Токіа-2020 падумаю, ці трэба мне бегчы дыстанцыю яшчэ больш.

— У якіх экзатычных краінах даводзілася спаборнічаць?

— Мабыць, толькі ў ПАР. Кітай, Японія, ЗША — там нічога незвычайнага. Наогул, па ходзе забегу па баках глядзець не паспяваеш, глядзім толькі наперад, а калі яшчэ хтосьці там перад табой бяжыць, то толькі гэтую мэту і кантралюеш, адстаеш ты ці наадварот дадаеш. Думкі толькі аб бегу, думаеш, дзе трэба дадаць, дзе наадварот зменшыць тэмп.

— Часта лідарскія пазіцыі ў марафоне займаюць спартсменкі з Эфіопіі і Кеніі. Чым гэта можна растлумачыць?

— Так, нам заўсёды цяжка з імі змагацца. Яны жывуць на вышыні, а мы ўнізе, у іх зусім іншы клімат, і гэта дапамагае ў бегу. Вынік яшчэ шмат у чым залежыць і ад таго, як і ў якім рэжыме ты трэніруешся. Можа, у іх там акрамя трэніровак у жыцці нічога і няма.

— Бег у Беларусі ў апошнія гады становіцца ўсё больш папулярны, вам, як прафесійнай спартсменцы, прыемна за гэтым назіраць?

— Вельмі падабаецца бачыць, што гэты рух развіваецца. Мяне часта запрашаюць для правядзення трэніровак, з задавальненнем адгукаюся, праводжу іх і ў Мінску, і ў Наваполацку. У родным горадзе спецыяльна для гэтага і адкрыла клуб аматараў бегу, трэніроўкі праводжу абсалютна бясплатна. У мяне збіраюцца людзі рознага ўзросту, іх усё больш, яны шукаюць для сябе цікавыя забегі ў Беларусі, заяўляюцца, кожныя выхадныя ездзяць кудысьці.

— Як прафесіянал напярэдадні Мінскага паўмарафону дайце некалькі парад аматарам бегу, якія выйдуць на старт у верасні.

— Мне б хацелася, каб людзі беглі з задавальненнем, адчувалі сябе добра, таму што калі яны застануцца незадаволеныя, то наступны раз, магчыма, не захочуць бегчы. Хацелася б, каб удзельнікі атрымлівалі задавальненне ад атмасферы, якая будзе ў Мінску шыкоўная, я ўпэўненая ў гэтым. Збярэцца вельмі шмат народу, элітныя спартсмены. Што датычыцца правільнага падыходу да забегу, то за дзве гадзіны да старту не варта прымаць ежу. Сняданак павінен быць у выглядзе кашкі і гарбаты, але нічога тлустага, вось у гэтым сэнсе варта падысці да паўмарафону прафесійна.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Штодня прабягаю па 18—20 кіламетраў»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».