Вы тут

Другі дывізіён — другі дом братоў Венскіх


Так ужо здарылася, што ў адным зенітным ракетным дывізіёне в/ч 30151 выпала праходзіць службу тром родным братам Венскім. Сярэдні — Анатоль — гэтай восенню ўжо збіраецца ў запас, малодшаму — Станіславу — засталося служыць палову тэрміну, а старэйшы — Артур — толькі нядаўна прыняў ваенную прысягу...


...Іх родная вёска Смычок, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, размясцілася на маляўнічым беразе Дняпра. Большая частка дарослага насельніцтва працуе ў аграрнай галіне. Як і галава вялікай па цяперашніх мерках сям'і Венскіх — Ігар Андрэевіч. Шмат гадоў ён працуе механізатарам у мясцовай фермерскай гаспадарцы «Днепр-Агра». Жонка яго, Наталля Мікалаеўна, хатняя гаспадыня. На яе плечы ў першую чаргу лягло выхаванне сыноў, якія выраслі сапраўднымі абаронцамі сваёй Радзімы.

Камандзір аддзялення індыкатарных прылад сяржант Анатоль Венскі:

— З дзяцінства люблю машыны, марыў стаць вадзіцелем. Памятаю, як у юнацтве шмат часу праводзіў з бацькам у гаражы, дзе мы разам прыводзілі ў парадак сямейны «Дэу-Ланас». А яшчэ падчас гарачай пары дапамагаў бацьку ў полі, разам працавалі на ўборцы збажыны. Ды і матулі па гаспадарцы трэба было дапамагчы. Яна ў сям'і не маленькая: і агарод шырокі, і жыўнасць хатняя. Клопатаў, адным словам, у вёсцы хапала. Вольны час, якога ў вясковых хлопцаў не шмат, любіў праводзіць на Дняпры. Рыбалка — адно з самых моцных маіх захапленняў.

Калі прызваўся ва Узброеныя Сілы, даведаўся, што мне давядзецца служыць у ВПС і войсках ППА. Гэта крыху насцярожыла. Разумеў, што там вельмі складаная тэхніка, якую трэба будзе ў працэсе службы асвоіць. А яшчэ трэба было прывыкнуць да строгага вайсковага парадку і дысцыпліны. Прайшло крыху часу, і пачатковыя цяжкасці армейскага жыцця сышлі ў мінулае. Дасканала засвоіў сваю ваенна-ўліковую спецыяльнасць, складаную тэхніку зенітна-ракетнага комплексу С-300. У гэтым, дарэчы, мне вельмі дапамог камандзір нашай радыётэхнічнай батарэі капітан Яўген Салахаў. Дружны воінскі калектыў нашага падраздзялення дапамагаў пераадольваць цяжкасці.

Ганаруся, што летась мне давялося прымаць удзел у сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017», калі на 227-м вучэбным палігоне мы выконвалі вучэбна-баявыя задачы сумесна з падраздзяленнямі 740-га зенітна-ракетнага палка. Тут, у арміі, я набыў каштоўны вопыт, упэўненасць у сваіх сілах, узбагаціўся новымі ведамі, спазнаў цану сапраўднай мужчынскай дружбы. Пра гэта расказваў братам па тэлефоне і калі яны прыязджалі мяне наведваць. Не думаў, што пройдзе менш за год, як у наша падраздзяленне прыйдзе служыць мой малодшы брат Станіслаў. Вось якія сюрпрызы іншы раз падае лёс!

Намеснік камандзіра зенітна-ракетнага дывізіёна па ідэалагічнай рабоце, старшы лейтэнант Сяргей Запольскі:

— У лістападзе 2017 года я дастаўляў у в/ч 30151 каманду прызыўнікоў з Гомельскага абласнога ваеннага камісарыята. У іх ліку апынуўся і малодшы брат ваеннаслужачага нашага дывізіёна Анатоля Венскага — Станіслаў. Памятаю, як да мяне ў ваенкамаце падышла іх маці Наталля Мікалаеўна і спытала, у якую воінскую часць накіроўваецца малодшы сын. Атрымаўшы адказ, што ў в/ч 30151, яна са здзіўленнем усклікнула: «Там жа адзін мой сын ужо служыць!» Назвала імя і прозвішча.

Тут ужо настала мая чарга здзіўляцца: «Дык ён жа ў маім дывізіёне служыць», — сказаў я здзіўленай жанчыне.

«Вы ведаеце, Анатоль службай вельмі задаволены. Маглі б вы зрабіць так, каб сыны былі разам?» — папрасіла Наталля Мікалаеўна.

Адказаў ёй, што камандаванне воінскай часці ў такіх пытаннях ідзе насустрач пажаданням бацькоў. Тым больш што Анатоль як ваеннаслужачы зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Браты ахвотна будуць дапамагаць адзін аднаму ў справах службовых. Дык вось і апынуліся ў адным зенітна-ракетным дывізіёне Анатоль і Станіслаў Венскія.

Старшы вадзіцель гаспадарчага аддзялення яфрэйтар Станіслаў Венскі:

— Да службы разам з бацькам я працаваў вадзіцелем у фермерскай гаспадарцы «Днепр-Агра», кіраваў цяжкавагавым МАЗам. У госці да Анатоля, які ўжо праходзіў службу ў в/ч 30151, я прыязджаў у дзень прыняцця ім ваеннай прысягі. Тады, можна сказаць, упершыню сутыкнуўся з арміяй. З вялікай цікавасцю азнаёміўся з жыццём і побытам ваеннаслужачых. Нават не задумваўся, што ў гэтай жа воінскай часці, у адным падраздзяленні, я пасля стану ў адзін строй з Анатолем.

Так здарылася, што сустрэцца з братам мне давялося адразу па прыбыцці ў воінскую часць. Анатоль тады выконваў абавязкі намесніка камандзіра ўзвода ў пункце прыёму маладога папаўнення. Але патуранняў для мяне не было. З братам мы апынуліся ў розных узводах. Тым не менш брацкую дапамогу парадай і справай ён не раз мне аказваў. Напрыклад, вучыў, як форму разгладжваць, — з усмешкай дадае суразмоўнік.

Але больш за ўсё ўзрадаваліся таму факту, што браты служаць плячо ў плячо, бацькі Станіслава і Анатоля. Турбавацца перасталі за сыноў. Ведалі, што сярэдні брат у цяжкую хвіліну заўсёды падтрымае малодшага.

Асабліва ўзрадавала Станіслава тое, што ў войску яму даверылі кіраваць велікагрузнай армейскай машынай. Хлопцу дастаўляе задавальненне абслугоўванне аўтатэхнікі, дастаўка ў дывізіён прадуктаў, рэчавай маёмасці. Службай Станіслаў задаволены гэтак жа, як і Анатоль. Ваенная справа — заўсёды цікавая. Запомнілася малодшаму брату сёлетняя зіма, калі падчас комплекснай праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл яму давялося прымаць удзел у складзе дзяжурных сіл узмацнення, выконваць задачы па ахове і абароне пазіцый дывізіёна, днём і ноччу чакаць нападу разведвальна-дыверсійнай групы ўмоўнага праціўніка.

— У арміі ў мяне з'явілася асабліва шмат сяброў, — падкрэсліў Станіслаў пад канец размовы. — Больш за ўсё мне падабаецца, з якімі ўвагай і клопатам да нас, ваеннаслужачых тэрміновай службы, ставяцца афіцэры воінскай часці. Дружны воінскі калектыў — самае найлепшае, што ёсць у арміі. Задумваюся аб тым, каб застацца служыць па кантракце. Зрэшты, наперадзе яшчэ палова службы, і часу на разважанні хапае.

Намеснік камандзіра зенітна-ракетнага дывізіёна па ідэалагічнай рабоце, старшы лейтэнант Сяргей Запольскі:

— Калі ў нашу воінскую часць чарговы раз прыбыло новае папаўненне, адзін з псіхолагаў паведаміў мне, што ў ліку навабранцаў ёсць яшчэ адзін прадстаўнік сям'і Венскіх. У абласным ваенным камісарыяце ўлічылі той факт, што два браты ўжо служаць у гэтай часці. І адправілі сюды для праходжання службы трэцяга. А калі навічкі прынялі Ваенную прысягу, іх маці, якая прысутнічала на гэтым урачыстым мерапрыемстве, пасля звярнулася да камандавання, каб і трэцяга сына залічылі ў той жа зенітна-ракетны дывізіён, дзе ўжо служаць яго двое братоў. Камандзір воінскай часці палкоўнік Міхаіл Матросаў не мог адмовіць у такой просьбе салдацкай маці.

Радавы Артур Венскі:

— У адрозненне ад малодшых братоў, якія не ўяўляюць свайго існавання без тэхнікі, мяне вабіла прырода. Усё жыццё ёй захацеў прысвяціць. Пасля 11 класаў паступіў у Прыбарскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй, дзе атрымаў прафесію лесніка. Тры гады прапрацаваў па спецыяльнасці ў Чарнянскім лясніцтве. Таму і ваенную форму я апрануў апошні з братоў.

Спачатку ў ваенкамаце Артуру сказалі, што служыць яму прыйдзецца ў чыгуначных войсках. Але тут работнікі камісарыята высветлілі, што двое яго братоў нясуць службу ў ВПС і войсках ППА. Ён адразу ўзрадаваўся, бо шмат чуў пра выдатны воінскі калектыў гэтай воінскай часці. Так і апынуўся хлопец у ліку абаронцаў мірнага беларускага неба.

— Мне ўжо 23 гады, але нейкага дыскамфорту побач з больш малодшымі па ўзросце хлопцамі я не адчуваю, — адзначыў Артур. — Спадабалася выконваць страявыя прыёмы, вывучаць зброю і страляць з аўтамата Калашнікава. У арміі я атрымаю спецыяльнасць дызеліста-электрыка, якая ў будучыні, магчыма, мне спатрэбіцца.

Утрох нам будзе служыць весялей. Зусім, як дома, толькі бацькі далёка. Але яны спакойныя за нас, бо мы разам. Вось ужо не думаў, што ў воінскай часці, дзе я да гэтага бываў толькі ў якасці госця, мне прыйдзецца праходзіць тэрміновую ваенную службу!

Намеснік камандзіра зенітна-ракетнага дывізіёна па ідэалагічнай рабоце, старшы лейтэнант Сяргей Запольскі:

— Больш бы такіх, як гэтыя браты: працавітых, дысцыплінаваных і не распешчаных! Тады б ніякіх праблем ні ў ваенкамаў, ні ў камандзіраў у арміі не было. На такіх хлопцах, можна сказаць, парадак у арміі трымаецца...

Сяргей Ручанаў, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.