Вы тут

Пад знакам культуры і духоўнасці


На сёння ў Іванаве практычна ўсё гатова для прыёму ўдзельнікаў і гасцей юбілейнага, 25-га па ліку, Дня беларускага пісьменства. У гэтым запэўніў журналістаў намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Рыгор СЫСА.


Больш як чатыры мільёны рублёў з розных крыніц было выдаткавана на падрыхтоўку да маштабнага свята — але вынікі аказаліся таго вартыя. Набыў новае аблічча і сучасную інфраструктуру гарадскі парк, дзе разгорнецца асноўнае дзеянне, а таксама былі рэканструяваныя цэнтральныя вуліцы — Савецкая, Леніна, 17 верасня (апошняя стала цалкам пешаходнай — дарэчы, менавіта на ёй будзе адкрыты памятны знак «Янава слова» ў гонар юбілею Дня беларускага пісьменства), адрамантаваныя цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі Іванава, дзіцячае аддзяленне райбальніцы, беларускамоўная сярэдняя школа № 4, шэраг аб'ектаў райспажыўкааперацыі і г. д.

Галоўнай тэмай свята пісьменства ў Іванаве стане Год малой радзімы. Сваё адлюстраванне ў праграме знойдзе таксама вялікі «ўраджай» юбілеяў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Платона Галавача, Максіма Гарэцкага, Эдзі Агняцвет, Алеся Бачылы, Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Грачанікава і многіх іншых. Не застануцца без увагі і іншыя знакавыя для нашай культуры даты: 400-годдзе першага «Буквара», 95 гадоў з часу выдання «Новай зямлі» Якуба Коласа, 595-годдзе самога Іванава.

Фота Яніны Гарадзецкай.

Міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных літаратараў, які ладзіцца ў рамках Дня беларускага пісьменства з 2007 года, сёлета збярэ ўдзельнікаў як мінімум з 12 краін свету, ад Азербайджана да Эквадора. Не менш цікавымі абяцаюць стаць навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні», фінал рэспубліканскага дзіцячага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, духоўна-асветніцкія сустрэчы экспедыцыі «Дарога да Святыняў», прадстаўнічы фестываль кнігі і прэсы, на якім у рэжыме нон-стоп з поўдня да вечара будуць праходзіць прэзентацыі, выстаўкі і творчыя акцыі, мастацка-тэатралізаваная дзея «Малой радзіме пакланюся!» у адкрытай глядзельнай зале больш як на 1000 месцаў і вялікі вячэрні канцэрт «Льецца песня над Палессем».

Наогул святочныя мерапрыемствы ў Іванаве пачнуцца яшчэ 1 верасня і ахопяць не толькі гарадскія вуліцы і плошчы, але і наваколле: госці Дня пісьменства змогуць пабываць на свяце духавой музыкі «Фанфара-2018» і абласным пленэры мастакоў-разьбяроў, пачуць паэтычна-музычныя чытанні «Янаўскія замалёўкі» проста з гарадскіх балконаў і павучыць з падказкамі друкаванага дапаможніка адмысловую лабарскую гаворку, наведаць музейны комплекс мастака і кампазітара Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы, музей Дастаеўскага ў аграгарадку Дастоева, зазірнуць у незвычайны Дом траўніка ў вёсцы Стрэльна і знакаміты музей народнай творчасці ў Моталі... Словам, праграма юбілейнага нацыянальнага культурнага свята настолькі насычаная цікавымі падзеямі, што лепш загадзя прадумаць маршрут, каб пачуць і ўбачыць як мага больш.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».