Вы тут

Як пенсіянерка самастойна засвоіла інтэрнэт і вучыць гэтаму іншых


А яшчэ прапагандуе «школу позняга развіцця».

З мінчанкай Дзінай АЎДЗЕЕВАЙ мы сустракаемся ў скверыку блізу Трактарнага завода, і з першага позірку становіцца зразумела, што яна — дакладна такая ж, як у рубрыцы «Бабуля ў сеціве», што выходзіць на тэлеканале «Беларусь 1» у рамках праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!». Такая ж няўрымслівая, усмешлівая, жвавая і цікаўная да ўсяго на свеце — і нават яшчэ крыху больш, чым перадае экран.


Яе добра ведаюць пажылыя людзі, якія робяць першыя крокі ў сусветным павуцінні, бо менавіта Дзіна Якаўлеўна простай і зразумелай мовай расказвае ім, што такое воблачныя сэрвісы і якія выгоды дае вайбер, як карыстацца сацыяльнымі сеткамі і чаму неабходна прыдумляць складаныя паролі да электроннай пошты ды ўліковых запісаў.

— Дзіна Якаўлеўна, многія цікавяцца, хто такая загадкавая «Бабуля ў сеціве», адкуль яна, колькі ёй гадоў...

— Ніякіх узростаў! — рашуча адмахваецца парасонам суразмоўніца. — Ды і няма тут ніякай загадкі: я звычайная пенсіянерка, жывём удваіх з мужам, дзеці ўжо даўно дарослыя і раз'ехаліся. А паколькі яны жывуць далёка, у іншай краіне, то давялося мне паціху засвойваць інтэрнэт, каб часцей з імі камунікаваць, распытваць, як справы, хоць бы па скайпе гутарыць і бачыць. Перш за ўсё набылі камп'ютар — дзякуй унуку, пракансультаваў у падборы, зыходзячы з маіх патрэб, я зарэгістравалася ў скайпе, а потым пайшло-паехала, і сёння я заўзяты... як гэта называецца, сёрфер? Калі натраплю на нешта цікавае, то магу сядзець у інтэрнэце гадзінамі.

— І што, ніякіх адукацыйных курсаў не праходзілі, кнопку «Укл.» націснулі — і смела ў бой?

— Практычна так, — смяецца Дзіна Якаўлена. — На курсы не хадзіла, дый навошта, калі ёсць у каго спытаць: дзеці шмат ведаюць, унукі; азам — як уключаць-выключаць камп'ютар, карыстацца мышкай, адкрываць браўзер — навучыла сяброўка, а далей варта было проста не ленавацца, запамінаць, запісваць, асвойваць усе новыя інструменты. Штосьці не атрымлівалася — я заходзіла ў інтэрнэт і шукала падказкі, інструкцыі, пры жаданні ўсё можна знайсці, калі правільна сфармуляваць пытанні.

— А як вы трапілі на тэлебачанне?

— Гэта ў нашых тэлевізійнікаў узнікла ідэя стварэння адукацыйнай рубрыкі для пенсіянераў, і дзесьці паўгода шукалі вядучага: трэба ж разумець псіхалогію сталага ўзросту, гаварыць на зразумелай мове і разам з тым не палохацца камеры. Мабыць, у маім выпадку проста многае супала: я ёсць у базе нашай кінастудыі, і зносіны з публікай і выступленні перад камерай для мяне не ў навіну. Але разам з тым добра разумею, што, калі б трэба было весці ўжывую нейкае мерапрыемства, скажам, у Палацы з'ездаў, — выйшла б на сцэну і дзе стаяла, там бы і ўпала... Але тут «выйграла тэндар» і атрымала запрашэнне на тэлебачанне, і мы ўжо плённа супрацоўнічаем другі год — відаць, рубрыка запатрабаваная? Нядаўна вось былі з мужам у мэблевай краме, падыходзіць мужчына-кансультант і гэтак няўпэўнена пытаецца: «Бабуля ў сеціве?» Я ківаю, а ён радасна кажа: «Вы — гэта тое, што мне патрэбна!» Наогул многія просяць што-небудзь падказаць, паўтарыць той ці іншы выпуск, бо не паспелі занатаваць, што было цікава. Просяць расказаць пра тое-сёе больш падрабязна — а ў ідэале, канешне, побач пасядзець і штохвілінна падказваць, што рабіць. А я лічу, калі «побач пасядзець», то трэба ўсё ж ісці на курсы, тым больш іх цяпер хапае, ёсць выбар, у тым ліку спецыяльна для пенсіянераў. Калі ў вас няма магчымасці рэгулярна ездзіць на заняткі, затое ёсць жывы розум і жаданне — калі ласка, вось вам тэлевізійная рубрыка з дастаўкай дадому, я даю інфармацыю невялікімі часткамі і расказваю нетаропка, каб усе паспелі запісаць.

— Калі ласка, парайце ўжо не з экрана, а праз газету: з чаго варта пачаць узроставай аўдыторыі, каб засвоіць камп'ютар?

— Перш за ўсё трэба абзавесціся самім камп'ютарам, і гэта зусім не абавязкова мусіць быць сучасная дарагая мадэль, калі вам трэба толькі перапісвацца з сябрамі ў «Аднакласніках» альбо чытаць анлайн любімыя кнігі ці развіваць свае хобі. Калі вызначыцеся з мэтамі — для чаго вам патрэбны камп'ютар, — навучыцеся яго ўключаць і выключаць. А потым адкрывайце любое акенца і глядзіце, што там ёсць. Не трэба палохацца, як часта бывае, калі вы пераблыталі левую і правую кнопкі — не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць, проста трэба рабіць усё пакрокава, паступова пераходзіць ад больш простых задач да складаных. Абавязкова разлічвайце свае сілы. Не бойцеся эксперыментаў: штосьці не атрымліваецца адразу знайсці ў інтэрнэце — вярніцеся назад, паспрабуйце яшчэ раз, спытайце парады ў больш дасведчаных людзей, зноў паспрабуйце, і яшчэ, і яшчэ.

— У вас ёсць любімыя праграмы ці анлайн-сэрвісы?

— Часцей за ўсё карыстаюся вайберам, каб злучацца з сябрамі і роднымі, нягледзячы на адлегласці, розніцу ў часавых паясах і г. д. Таксама актыўна «сяджу» ў сацыяльных сетках — «Фэйсбуку», «Аднакласніках», тым больш, акрамя гутарак са знаёмымі людзьмі, там можна знайсці самыя розныя суполкі па інтарэсах, спасылкі на рэчы, якія будуць табе карысныя зараз ці пазней, можна спытаць парады ў нечым, даведацца свежыя навіны... Не перастаю захапляцца ўсёабдымнасцю пошукавых сістэм, асабліва «Гугла»: што ні спытаеш — усё ведае, хочаш — ліст з англійскай мовы перакладзе, няхай і з агрэхамі, але зразумела, хочаш — радкі песні дапаможа ўспомніць, прагноз надвор'я падкажа, незразумелы тэрмін растлумачыць... Ну і, безумоўна, сачу праз інтэрнэт за падзеямі ў Беларусі і свеце, аддаю перавагу айчынным рэсурсам, хоць часам і там непрыемна здзіўляюць каментарыі, у якіх людзі дазваляюць сабе агулам ганіць усё, што навокал адбываецца. А вось блогераў не люблю — ні інтэрнэт-каналаў на YоuTubе, ні вялікіх допісаў у сацсетках з любой нагоды. Я лічу, што такія рэчы мусяць быць асабістымі, таму і сама блогі не вяду, і ўлюбёных блогераў не маю. Але разумею, што моладзі такое падабаецца, яны любяць тусавацца, актыўна знаёміцца, «лайкаць» і абмяркоўваць кампаніяй упадабаныя рэчы... Гэта цалкам натуральна, проста кожнаму сваё.

— Часта гавораць, што інтэрнэт — вялікая памыйная яма, у якой хапае як добрых рэчаў, так і бруду...

— Як і ў жыцці. Усё залежыць ад таго, што вы шукаеце. Шукаеце прыгожыя карціны і панарамы музеяў свету — натрапіце на іх, схільныя да «чарнухі» — яе і ўбачыце. Камусьці дастаткова выкладваць свае фота з адпачынку альбо бясконцыя кулінарныя шэдэўры, камусьці цікава чытаць чужыя глупствы, а хтосьці, наадварот, вучыцца і самаўдасканальваецца з дапамогай сусветнага павуціння.

Можа, гэта прагучыць нясціпла, але я — з ліку апошніх. Не хачу проста сядзець дома і скардзіцца прыяцелькам на балячкі, а люблю жыць з захапленнем і штодня даведвацца нешта новае. Балазе, дзяцей мы з мужам выгадавалі і цяпер ёсць час і магчымасць зрабіць усё тое, што мы ў маладосці адкладвалі «на потым». Напрыклад, удаецца падарожнічаць і глядзець, як жывуць людзі ў розных краінах — але толькі нядоўга, бо вельмі хутка пачынаю сумаваць па родных краявідах, па непрыкметных, але такіх пахкіх балотных кветках, па нашым паветры. Я была і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Італіі, і ў Нідэрландах, але лепш, чым у Беларусі, не дыхаецца нідзе...

А яшчэ я нарэшце скончыла курсы акварэлі — мо трыццаць гадоў дома ляжалі запасы фарбаў, а цяпер дайшлі да іх рукі, вучуся бачыць прыгажосць вакол сябе і малюю для душы. Але ў інтэрнэт гэтыя работы не выкладваю, бо які там з мяне вялікі мастак, яшчэ вучыцца і вучыцца.

— Словам, імпэту ў вас хапае на многае. Ці засталіся яшчэ нерэалізаваныя мары?

— Так, хачу вярнуцца ў аматарскі тэатр, якім займалася доўгі час. А ў перспектыве мару навучыцца іграць на піяніна. Зноў жа, дома стаіць інструмент, на якім калісьці вучыліся дзеці, але ўжо вельмі стары, гэта, хутчэй, музейны экспанат, так што давядзецца шукаць іншае піяніна. Але галоўнае, што ў мяне ёсць жаданне навучыцца, суседка Жана — прафесійная піяністка і педагог, і муж з абсалютным слыхам, так што, думаю, атрымаецца. А калі раптам не складзецца з піяніна, паспрабую засвоіць гітару. У маладосці, памятаю, і гітару купіла, і струны, і ноты, але гэта было ва ўніверсітэце перад дыпломам, часу не ставала, інструмент нехта пазычыў і не вярнуў... А вось цяпер — чаму не? Не трэба адкладваць свае мары, калі ёсць шанц іх рэалізаваць. Мы з дзецьмі часам смяёмся, што такая прага ведаў — гэтая мая «школа позняга развіцця», але ж вельмі хочацца шмат чаго паспець і атрымаць асалоду ад зробленага.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Бабуля ў сеціве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».