Вы тут

Ірына Відава: Да жадання гатаваць абеды трэба дарасці


Звыклы сцэнічны імідж спявачкі Ірыны Відавай — вытанчаная бесклапотная бландзінка. Праўда, у апошні час вобраз паступова мяняецца: Ірына выдатна разумее, што добра ў 20 гадоў, у 40 выглядае некалькі найграна.

Прызнаюся, з сямейна-творчым дуэтам Ірына Відава і Алег Молчан знаёмая больш за дзесяць гадоў, а вось дадому да іх упершыню трапіла зусім нядаўна. Падстава была — наваселле. І гэтыя людзі адкрыліся з зусім іншага боку.


Хатняе відэа Ірыны Відавай

Ірына і Алег — мае суседзі — паміж нашымі дамамі адна станцыя метро. Кватэру яны купілі на другасным рынку, мяркуючы, што тут усё больш зразумела і празрыста. Мае значэнне і тое, якая склалася інфраструктура навакол. Дом у Пакроўскім квартале не з танных, але ў той жа час без асаблівых прэтэнзій на элітнае жыллё.

Зайшла я ў пад'езд і адзначыла, што ён некалькі абшарпаны, а дому ўсяго толькі 18 гадоў. У ліфце яшчэ захаваўся пах мыйных сродкаў: відаць, што зрабілі генеральную ўборку, але насценны жывапіс так і застаўся. На пляцоўцы Іры і Алега ацаніла свежафарбаваныя сцены.

І першае пытанне пасля прывітанняў было якраз пра сцены:

Заадно і на пляцоўцы зрабілі рамонт?

— Прыйшлося, — адказала Ірына. — Я не разумею, калі дома ў цябе чысціня і парадак, а месцы агульнага карыстання ў жаласным стане.

— На гарышчы быў жудасны бардак, — уключыўся ў размову Алег. — Нанялі клінінгавую кампанію, а Ірачка кіравала працэсам.

Вось вам і гламурная бландзінка, — смяюся.

І.В. — Так крыўдна, усё прыбралі, а неяк раніцай выходзім з кватэры — на пляцоўцы жудасны пах, нейкія бутэлькі, акуркі... Вырашыла высветліць, хто парадак нам псуе. Пачала шукаць сістэму відэаназірання ў пад'ездзе і знайшла кампанію «Мультысэрвісныя сістэмы», якая прапанавала ідэальныя для нас умовы: камера ўсталёўваецца на пляцоўцы, а праз камп’ютар і смартфон у мяне ёсць доступ да выявы ў рэжыме рэальнага часу. Калі нейкі візіцёр не спадабаецца, можна атрымаць запіс архіва. Прыемным бонусам было тое, што саму камеру купляць не трэба, яе дае фірма, а мы плацім толькі абаненцкую плату. Рамонт такая справа, што як бы скрупулёзна не складаў каштарыс, усё роўна будуць дадавацца нейкія выдаткі.

— У першыя ж суткі працы камеры высветлілі, што нашу пляцоўку аблюбаваў чалавек без пэўнага месца жыхарства. Выклікалі міліцыю, і больш мы яго тут не бачылі, — распавёў Алег.

І.В. — Другая гісторыя з курцамі. Выходжу — попел, акуркі, цыгарэтны дым. Прагледзела запіс: маладая пара, якая нядаўна пасялілася паверхам ніжэй. Аб'явы на кожным паверсе пра штраф за курэнне ў пад'ездзе іх не спынілі. Больш за тое, кажуць: "Гэта не мы". Прыйшлося звяртацца да ўчастковага, больш маладыя людзі ў пад'ездзе не паляць.

Ці не нажылі сабе ворагаў у новым доме?

І.В. — Не. Мы проста паказалі, як з гэтым можна эфектыўна і ў рамках закона змагацца.

Алег Молчан: сямейная лодка разбіваецца аб няўменне людзей дамаўляцца

Колькі бачыла Молчанаў, заўсёды захаплялася іх трапяткім стаўленнем адзін да аднаго. Яны разам 25 гадоў, а выглядаюць як маладыя закаханыя.

— Кажуць, творчым людзям нялёгка ўжыцца...

— Нам лёгка, таму што аднадумцы, — кажа Алег. — Я калі ўбачыў Іру, адразу зразумеў, што мне нельга яе ўпусціць: прыгожая, таленавітая, разумная. Мы неяк адразу вызначыліся з прыярытэтамі і каштоўнасцямі ў нашым агульным жыцці. Думаю, не кожная жонка лёгка б пагадзілася з тым, што частку заробку трэба адкладваць на творчае развіццё.

І.В. — З першай сустрэчы нам не хацелася расставацца, мы адразу адчулі сябе на адной хвалі. Неўзабаве ў нас з'явілася і песня з такой назвай.

— Іра, да сустрэчы з Алегам ты таксама пісала музыку. Гэта з твайго боку ахвяра або добра прадуманы крок?

— Дакладна не ахвяра. Я разумела, што Алег — не проста лепшы, ён — геній. Значыць, у мяне будзе выдатны рэпертуар. Але калі ты думаеш, што ўжо ў дзень знаёмства ён напісаў для мяне песню, то памыляешся. Ён доўга прыглядаўся да мяне на сцэне. Першая ж песня Алега ў маім рэпертуары мела поспех, на гэтым я завяршыла свае кампазітарскія практыкаванні. І не шкадую. Таму што як бы добра не складваліся асабістыя адносіны, творчая рэўнасць — рэч не з прыемных, а для нас важна, каб быў душэўны камфорт, узаемапавага.

Іра, табе было ўсяго 20 гадоў, калі сустрэлася з Алегам — не складана было ўзвальваць на сябе бытавыя пытанні?

І.В.— Першыя гады ён (быт) быў у нас вельмі палегчаны. Напрыклад, я амаль не гатавала — харчаваліся ў кафэ. Ведаеш, мне здаецца, вось да гэтага стану, калі з'яўляецца жаданне гатаваць абеды, рабіць нарыхтоўкі, трэба дарасці. Гэта павінна быць у радасць, а не змушана.

А.М. — Не вер, калі кажуць: сямейная лодка разбілася аб побыт. Яна разбіваецца аб няўменне людзей дамаўляцца. Побыт у наш час арганізаваць нескладана. Ствараць сям’ю трэба не дзеля наладжанага побыту ці, як гэта было гадоў сорак назад, дзеля легалізацыі сэксу, а для таго, каб побач быў блізкі і надзейны чалавек.

Зноў-такі, трэба ўмець правільна расставіць прыярытэты. Калі мы рыхтавалі юбілейны канцэрт Ірыны, разумеў, што зараз важней рэпетыцыі, і патрабаваць, каб у гэты час жонка яшчэ і абед гатавала, я не мог. Ведаю, наколькі Іра патрабавальная да сябе і да ўсіх удзельнікаў шоу, разумею, якая гэта нялёгкая праца. Ды і я за раялем не падарунак: сем патоў з музыкаў выганю.

На што музыкантам не шкада грошай у Парыжы

— Знаю, што пры падрыхтоўцы канцэртаў, мадэль паводзінаў "зрабіце нам бясплатна або за тры капейкі" вы не прымаеце. А яшчэ неяк пасля сумесных вячорак у кафэ, я заўважыла, што кашалёк у Іры. Чаму так?

А.М. — Тут усё проста: бясплатна або за тры капейкі не будзе добра. Праграмка за тры капейкі адрозніваецца ад вырабленай у добрай паліграфічнай кампаніі, як і фотасесія майстра ад здымка на смартфон. Ірынін юбілейны канцэрт атрымаў высокую ацэнку публікі і прэсы. Больш за тое, нас папрасілі паўтарыць яго на біс. Я перакананы, што ў нашай краіне можа быць якаснае шоу, калі за справу бяруцца прафесіяналы і не шкадуюць грошай. У шоу-бізнэсе, як і ў звычайным, дзейнічае правіла: каб атрымаць, трэба інвеставаць.

І.В. — Алег не любіць наяўныя грошы, асабліва з капейкамі неяк не пасябраваў. Кажуць, каралі таксама ходзяць без грошай. У мужа ў партаманэ картка, праўда, я заўсёды імкнуся і некалькі купюр пакласці туды. Вядома, мы агаворваем усе буйныя траты, а ў штодзённых выдатках ніхто нікога не кантралюе.

А.М. — Абсалютна спакойна давяраю Іры грошы. Яна з юных гадоў зарабляе і разумее ўсяму кошт. Але вось жанчыне, якая не працуе і ведае толькі слова «дай», я кашалёк бы не даверыў.

— Сваё сярэбранае вяселле вы адзначылі ў Францыі. Зрабілі набег на галерэю Лафайет? Часта падарожнічаеце?

І.В. — Калі шчыра, то ў гэтай галерэі кошты вельмі завышаныя. Мы любім якаснае адзенне, але па разумных цэнах. Пераплачваць за брэнд ці месца продажаў не бачу сэнсу. Але касметыкі трошкі ў Францыі набыла.

А.М. — Падарожнічаць хацелася б часцей. Мы аддаем перавагу пазнавальнаму адпачынку. Прагуляліся па Манмартру, наведалі Луўр, пабывалі на магіле Шапэна. І калі ў галерэі мы не раскідваліся грашыма, то на наведванне "Мулен Руж" не шкадавалі. Я лічу, што ў праграме адпачынку музыканта абавязкова павінны быць канцэрты, шоу і іншыя культурныя складнікі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота: Аляксей Волкаў, асабісты архіў Ірыны Відавай і Алега Молчана

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.