Вы тут

Максіма Багдановіча выдадуць на таджыкскай мове


Салім Зарафшонфар — таджыкскі перакладчык беларускай паэзіі. У Душанбэ падрыхтаваны да друку ў яго пераўвасабленні зборнік вершаў класіка беларускай нацыянальнай паэзіі Максіма Багдановіча.


Зазірнуўшы ў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», у артыкуле, прысвечаным Максіму Багдановічу, вы звернеце ўвагу на тое, што за ХХ стагоддзе не так і шмат перакладаў нашага класіка было здзейснена на мовы іншых народаў свету. Канешне ж, прайшло многа гадоў з таго падсумоўвання. Але, пэўна, не так і шмат дадалося. Выйшлі новыя кнігі на рускай, украінскай мовах. Даяна Лазарэвіч зусім нядаўна выдала свой пераклад «Вянка» на сербскую. З'явіліся пераклады Максіма Багдановіча на чачэнскую (перакладчык — Адам Ахматукаеў). Надрукаваны новыя пераклады на туркменскую — у пераўвасабленні Ахмета Курбанняпесава. Артыкул пра Багдановіча выйшаў у Кітаі — праўда, у часопісе з назвай «Руская літаратура і мастацтва». Да перакладаў Багдановіча спрычыніліся і перакладчыкі некаторых народаў Расіі. Стварэнне адмысловай падборкі перакладаў верша «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...» было арганізавана параўнальна нядаўна рэдакцыяй часопіса «Маладосць» (дарэчы, на сайце «Звязды» ёсць запіс дэкламацыі гэтага твора на мовах, на якія ён перакладзены, — можна зазірнуць і паслухаць у любы момант).

У Душанбэ рыхтуецца да выдання і кніга вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на таджыкскую мову. Спрыяе яе выхаду ў свет добры сябра беларускай літаратуры, беларускай культуры — член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ато Хамдам. З перакладчыкам Максіма Багдановіча на таджыкскую Салімам Зарафшонфарам нам давялося пагутарыць пра некаторы вопыт яго працы над перастварэннем паэзіі беларускага класіка.

— Салім, праца над першай таджыкскай кнігай Максіма Багдановіча завершана. Якія самыя галоўныя ўражанні ад яе, якія высновы вы зрабілі з гэтай работы, якой, наколькі я ведаю, займаліся досыць працяглы адрэзак часу?

— Кніга атрымалася невялікая, паколькі я пераклаў 40 вершаў Максіма Багдановіча. Я выбраў тыя, якія, на мой прыватны погляд, найболей поўна адлюстроўваюць усю красу багдановічаўскай паэзіі. Хаця перачытаў, лічы, усё ім як паэтам напісанае. Праўда, і астатнія творы, над перакладам якіх я не працаваў, мне вельмі падабаюцца. Але не хачу праяўляць паспешлівасць. І спадзяюся, што з часам да гэтай працы вярнуся. Паверце, літаральна пры перакладзе кожнага верша мяне свідравала адна думка, адно горкае шкадаванне: ну чаму так рана пайшоў з жыцця такі геніяльны паэт, творца, вершы якога, упэўнены, будуць жыць стагоддзямі. Суцяшала мяне толькі тое, што беларускі класік пісаў пра тое, што чалавек жыве не вечна. І што варта ўмець у адно імгненне пражыць век. І Багдановіч здолеў так пражыць. І яго вершы працягваюць яго кароткае фізічнае жыццё.

— З кім у нацыянальнай таджыкскай паэзіі вы параўналі б Багдановіча?

— Кароткі палёт Максіма Багдановіча ў таджыкскай літаратуры нагадвае мне нашага Пайрава Сулаймані, які таксама досыць маладым чалавекам пакінуў гэты свет. Лірычнасць і задушэўнасць — галоўныя якасці паэзіі Багдановіча. І ў творчасці Пайрава Сулаймані лірыка высокага гарэння таксама займае важнае месца.

— Як вы лічыце, наколькі падобныя перакладчыцкія праекты, асобныя публікацыі перакладаў паэзіі ў перыядычным друку з'яўляюцца важнымі для таджыкскага чытача? І ўвогуле ці ўзбагачае перакладчыцкая праца нацыянальную літаратуру?

— І праекты важныя. І пераклад асобных вершаў, калі гэта сапраўдная паэзія, публікацыя такіх твораў — усё гэта прыхільна ўспрымаецца шараговым чытачом. Усё гэта не проста пашырае кругагляд, а даводзіць выснову, што багаты мастацкі, літаратурны свет цікавы сваім шматабліччам, што вакол нас існуе процьма зорак першай велічыні, веданне пра адкрыцці якіх робіць нас багацейшымі. Пераклад вершаў кожнага паэта-класіка — гэта адкрыццё новых адметнасцяў не толькі ў пэўнай нацыянальнай літаратуры, але і перадача аднаго з фрагментаў агульнай карціны сусветнай літаратуры. Прыцягнуць чытача да гэтых адметнасцяў, расказаць ім на роднай мове пра новыя, невядомыя дагэтуль імёны, пашырыць далягляды чытацкіх уяўленняў, дапамагчы чытачу стаць болей чалавечным, болей прыгожым, болей разумным — у гэтым галоўная місія перакладчыка паэзіі.

— Каго з сучасных беларускіх паэтаў вы чыталі? Ці хацелі б паспрабаваць перакласці на таджыкскую мову сучасную беларускую паэзію?

— Мне здаецца, што я няблага ведаю беларускую паэзію. Мо таму і ўзяўся за пераклад Максіма Багдановіча, што мае ўяўленні, ранейшыя чытацкія ўражанні ад знаёмства з беларускім словам дадалі мне адвагі. Чытаў творы Уладзіміра Марука, Людмілы Рублеўскай, Міколы Мятліцкага, Алеся Бадака, Валянціна Лукшы, Паўла Вараб'ёва, Міхася Башлакова, Міхася Пазнякова і шмат каго яшчэ. Дарэчы, у нас у Душанбэ ў 2009 годзе пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай літаратуры «Вячэрняе вогнішча». Ганаруся, што да падрыхтоўкі гэтага выдання спрычыніўся і я — пераклаў творы Віктара Гардзея, Навума Гальпяровіча, Анатоля Зэкава, Змітрака Марозава, Алеся Жыгунова. А ў таджыкскай газеце «Адабіят ва саньят» («Літаратура і мастацтва») выйшла падборка з чатырох вершаў Віктара Шніпа ў маім перакладзе.

Вяртаючыся да тэмы ўжо выдадзенай на таджыкскай мове анталогіі, мяркую, што 288 старонак (а столькі мае кніга «Вячэрняе вогнішча») — зусім мала, каб прадставіць вялікую беларускую літаратуру, каб паказаць яе ва ўсіх праявах. Можа быць, прыйдзе час, калі таджыкскія выдаўцы звернуцца да тэмы выдання анталогіі беларускай літаратуры, дзе знойдзецца месца і класікам, і сучаснікам. З задавальненнем спрычынюся да такой працы як перакладчык. І канешне ж, не забудуся пра Максіма Багдановіча. Хачу падзякаваць за падтрымку ў працы над перакладамі Ато Хамдаму. Гэты чалавек, гэты пісьменнік з'яўляецца ў нас у Душанбэ паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры. Ён ініцыяваў многія творчыя праекты, паспрыяў выданню ў Таджыкістане кніг цэлага шэрагу беларускіх пісьменнікаў.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.