Вы тут

Як харавік стала званаром


Мінчанцы Вользе САЎЧАНКАВАЙ за 60. Невысокая бландзінка, з мілагучным голасам і абаяльнай усмешкай. Калі б сустрэла яе ў горадзе, не падумала б, што перада мной званар — здаецца, гэта прафесія патрабуе куды больш сіл, чым ёсць у гэтай жанчыны. Але вось ужо пяты год Вольга склікае на службу прыхаджан Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Пра тое, як звон стаў аддушынай і лекам, — у яе гісторыі.


Усяго ў храме, акрамя Вольгі, працуюць шэсць званароў. Цікава, што пяць з іх — жанчыны.

— Я прыходжу ў суботу ўвечары, у нядзелю ранкам і ў панядзелак ці аўторак. Каля храма стаяць дамы, і некаторыя жыхары абураюцца звону ў будны дзень. А я б з задавальненнем жыла побач і слухала, — дзеліцца жанчына.

Па адукацыі Вольга музыкант. «З дзяцінства любіла спяваць. Аднакласнікі мае пайшлі хто на архітэктурны факультэт, хто на ваенны, адна я на «культурку», — з усмешкай расказвае пра сваё паступленне ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры. Спачатку яна вучылася на харавым аддзяленні, пасля — з-за праблем з галасавымі звязкамі — перавялася на метадыста-арганізатара. Успамінае, што ў маладосці была вельмі актыўнай. Кіравала дзіцячымі хорамі, ансамблямі, квартэтамі. А калі 30 гадоў таму выйшла замуж і пераехала ў Мінск, пайшла працаваць у школу — была настаўнікам па вакале і займалася музычным тэатрам, дзе паспела паставіць каля 30 спектакляў.

Кінуць работу прымусілі абставіны.

— У мяне маці з Данецкай вобласці. Калі там у 2014-м пачаліся ваенныя дзеянні, я забрала яе сюды. Мама была ляжачая. Я думала, буду сумяшчаць догляд і работу, але не атрымалася. Давялося звальняцца.

У званары Вольга прыйшла воляй выпадку. У гарадскім пасёлку Энергетыкаў (Дзяржынскі раён), дзе знаходзіцца яе лецішча, пабудавалі каплічку. Званіць не было каму. Папрасілі Вольгу: маўляў, ты музыкант, паспрабуй. Паспрабавала. І зразумела, што гэтаму трэба вучыцца, — запісалася ў школу званароў Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення. Курсы там доўжацца чатыры месяцы.

— У многіх, хто вучыўся, не было музычнай адукацыі. І яны добра звоняць! Хоць, калі мы сальфеджыа праходзілі, ім, вядома, цяжэй было, — заўважае Вольга. І дадае, што на курсы запісваюцца людзі розных прафесій: спартсмены, медыкі, педагогі, будаўнікі, ваенныя.

Від на го­рад са зва­ні­цы.

У пасялковай каплічцы Вольга звоніць раз на месяц — з мая па кастрычнік, калі пачынаюцца работы на лецішчы. А ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор папрасілася на работу, бо сама яго прыхаджанка.

— Я доўга саромелася, баялася званіць. Гэта ж такая адказнасць! — прызнаецца.

...Разам з Вольгай падымаемся ў званіцу. Вузенькі калідор, некалькі дзясяткаў прыступак, адна прыстаўная драўляная лесвіца, другая... Жартуем, што званар абавязаны мець не толькі добрае здароўе, але і зграбную фігуру — інакш не пралезеш.

На вуліцы больш за 20 градусаў цяпла, але на званіцы пранізвае вецер. «Калі халадае, абавязкова накідваю капюшон ці абвязваюся цёплай хусткай, — дзеліцца жанчына. — Неяк, калі стаяў моцны мароз, апранула дублёнку — а яна ж цяжкая, складана было падымаць рукі. Таму цяпер зімой апранаю маміну куртачку: яна, можа, не вельмі модная, але зручная».

Дарэчы, пры тэмпературы ніжэй за 15—18 градусаў званіць увогуле нельга: званы могуць раскалоцца.

З вышыні адкрываецца цудоўны від на горад.

— Вось на гэтай бярозе, — паказвае Вольга, — два гады запар птушкі вілі гняздо. Я са смартфонам толькі «пасябравала», усё з кнопачным тэлефонам хадзіла, а так бы сфатаграфавала іх.

Званоў тут дзевяць. Самы вялікі — Дабравест — Вользін любімы. Ці не пакутуе слых на такой рабоце? Жанчына задумваецца: не заўважала. У званіцы вісяць навушнікі, але Вольга абыходзіцца без іх.

З тым, што прафесія не зусім жаночая, суразмоўніца часткова згаджаецца:

— Калі я дырыжыравала хорам, адчувала сябе ўпэўнена. А тут... Мне здаецца, Бог дае тую сілу, якой не хапае жанчыне. Дый у мяне рукі лапатай натрэніраваныя. (Усміхаецца.) А ў гэтым годзе яшчэ з суседкай па лецішчы плаваць вырашылі — у нас там азярцо ёсць. Я 31 мая зайшла ў ваду першы раз і дагэтуль плаваю, калі прыязджаю, — ранкам і ўвечары. Нават у дождж. Але ў званара працуюць не толькі рукі — перш за ўсё мелодыя ідзе ад сэрца.

Да пачатку службы — пяць хвілін. Вольга нацягвае пальчаткі, каб рукі не слізгалі, і чытае малітву. Націскае на педаль — раздаецца працяглы ўдар Дабравеста. Цягне за тросікі — і падключаюцца іншыя званы. З твару жанчыны не сыходзіць усмешка, а ў нас з фатографам — мурашкі па целе.

— Кажуць, што да звону прывыкаеш, але для мяне ён кожны раз гучыць як па-новаму. Я адчуваю палёт, у мяне такая радасць на душы, — дзеліцца Вольга перажываннямі. — Вельмі люблю званіць на Крыжовых ходах. Адсюль такое відовішча адкрываецца: святары нясуць харугвы, людзі за імі ідуць, спяваюць...

Каноны ў звоне ёсць: напрыклад, у пост ён мусіць быць больш стрыманым. Але і свабода творчасці дазваляецца. Вольга ездзіла на фестывалі звону ў Салігорск, Хоцімск.

— Я вось сядзела і думала: чаму мяне так цягне да гэтага? Напэўна, справа ў тым, што я вельмі люблю пець, але ўзрост ужо не дазваляе выступаць у творчых калектывах. А тут разам са званамі душа запела.

Кажуць, звон лечыць. Суразмоўніца прызнаецца: за іншых казаць не будзе, але ёй дапамагае. За тыя гады, што працуе ў саборы, амаль забылася на ангіны і прастуды.

— Трымаюся. Не лічачы зморшчын, я ўнутрана адчуваю сябе маладой — быццам скінула 20 гадоў. Калі з іншымі званарамі сустракаемся (а сярод іх шмат маладых), увогуле на свой узрост не зважаю.

У Расіі ў некаторых храмах званароў мяняюць на робатаў (людзей, якія валодаюць азамі прафесіі, не хапае). Выбіраеш патрэбную мелодыю, націскаеш на кнопку на пульце кіравання — і аўтамат прыводзіць званы ў рух.

— Гэта вельмі бяздушна. Ну як званар можа да гэтага ставіцца? — уздыхае Вольга. — Вось я ездзіла на «Славянскі базар», паглядзела, як Ваенга выступае. І бачыла яе ўчора па тэлевізары. Той жа дуэт, але ёсць розніца!

Праўда, у Мінску званар таксама прафесія рэдкая. Летам, калі ўсе раз'язджаюцца, вельмі цяжка знайсці чалавека на замену.

У некаторых храмах званары атрымліваюць заробак, хай і невялікі. У Свята-Петра-Паўлаўскім саборы працуюць на добраахвотных пачатках.

— Напэўна, так і правільна. Гэта ж малітва, — разважае жанчына. — Я сама б даплачвала, каб званіць. Хочацца тут затрымацца даўжэй.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Быццам на 20 гадоў памаладзела»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.