Вы тут

Пра медыцынскую даведку для вучня паклапаціцеся загадзя


Канец лета — гарачая пара не толькі ў аддзелах школьнага адзення і канцтавараў. Пасля летняга зацішша ажылі ў гэтыя дні і дзіцячыя паліклінікі — такое паняцце, як дыспансерызацыя, актуальнае і для школьнікаў. Больш за тое, калі некаторыя дарослыя могуць яго ігнараваць, пазбягаючы візіту да ўрачоў, то ў дзяцей зрабіць гэта ніяк не атрымаецца: і ў дзіцячых садках, і ў школах патрабуюць даведкі аб стане здароўя, атрымаць якія можна толькі прайшоўшы пільны медагляд. Як праходзіць дыспансерызацыя ў канцы жніўня, карэспандэнт «Звязды» паназірала, завітаўшы з дачкой у 3-ю дзіцячую клінічную паліклініку Мінска.


Яшчэ ў пачатку ліпеня на хатні тэлефон нам патэлефанавала ўчастковая медсястра і нагадала, што паколькі дзень нараджэння ў дачкі ў жніўні, то пажадана на працягу найбліжэйшага месяца наведаць урачоў і здаць аналізы. І запрасіла на прыём да педыятра, які і накіруе да патрэбных спецыялістаў. Крыху здзівіўшыся такому сэрвісу, да педыятра мы завіталі. Урач, уважліва вывучыўшы анамнез 13-гадовай дзяўчынкі, выдала так званы індывідуальны план дыспансерызацыі. У ім — звыклыя працэдуры, якія трэба праходзіць, каб атрымаць даведку для школы: скрынінгавы кабінет, стаматолаг, электракардыяграма сэрца, здача агульных аналізаў крыві (у тым ліку на цукар) і мачы. Паколькі акуліста сёлетняй вясной мы ўжо наведвалі, ніякіх дадатковых спецыялістаў нам праходзіць не трэба. Дарэчы, для тых, хто праходзіць медагляд, урачы спецыялізаваных службаў, а менавіта: неўролаг, афтальмолаг, хірург і оталарынголаг (калі іх наведванне ўрач-педыятр палічыць неабходным) — працуюць у асобна выдзеленыя гадзіны, каб здаровыя дзеці не кантактавалі з хворымі.

З гэтым планам параілі звярнуцца ў рэгістратуру, дзе мусяць выдаць талоны да патрэбных нам спецыялістаў. Рабіць гэта неадкладна мы, трэба прызнацца, не сталі — паехалі ў адпачынак, пра што потым ледзь не пашкадавалі. У канцы жніўня, калі вырашылі завяршыць пачатае, у паліклініцы па колькасці дзяцей і іх бацькоў адчувалася, што пра даведкі да школы раптам успомнілі ўсё адразу. Да 3-й паліклінікі «прыпісаны» дзеці і падлеткі аж трох раёнаў Мінска: Кастрычніцкага, часткі Ленінскага і часткі Маскоўскага — яна абслугоўвае больш за 17 тысяч юных мінчан. І амаль усе з іх, акрамя зусім малых, з 1 верасня мусяць адправіцца на заняткі ў школы ці дашкольныя ўстановы.

Атрымаўшы ў рэгістратуры талончык на прафілактычны агляд да стаматолага, вырашылі паспрабаваць прайсці ў той жа дзень і ўсіх астатніх. Праўда, упэўненасці ў поспеху задумкі ўсё ж не было. У паліклініку прыйшлі ў 9 гадзін раніцы. У 10 — запіс да стаматолага, за гадзіну можна паспрабаваць здаць кроў. Праўда, чарга перад кабінетам аптымізму не дадае: дзеці, бацькі, цэлыя сем'і — спрагназаваць, хто з іх на працэдуру, а хто — у «групе падтрымкі», няпроста. Праўда, і сачыць за чаргой з нядаўняга часу няма сэнсу: электронны талончык вызначае твой нумар у чарзе. Рухаецца яна хутка, нягледзячы нават на тое, што сама працэдура для дзяцей даволі нервовая і патрабуе ад медработнікаў шэрагу дыпламатычных навыкаў у кантактаванні з маленькімі пацыентамі. Нам гэту працэдуру аблягчае ланцэт, які робіць працэс небалючым (яго загадзя набылі ў аптэчным кіёску).

Аналізы здадзены, а да наведвання стаматолага застаецца яшчэ паўгадзіны, таму вырашаем зрабіць кардыяграму. Тут прыём ідзе па жывой чарзе, але перад кабінетам усяго пару чалавек — ёсць надзея, што паспеем. Пятнаццаць хвілін — і мы ідзём да стаматолага. Пільны агляд, парада не забываць пра назначэнні ўрача-артадонта, якога мы перыядычна наведваем, — і мы на фінішнай прамой. Застаўся скрынінгавы кабінет.

Вялікай чаргі тут таксама не назіраецца, праўда, пачакаць усё ж даводзіцца: кожнаму юнаму пацыенту вымяраюць рост і вагу, а таксама артэрыяльны ціск, правяраюць зрок, слых, магчымыя парушэнні паставы. Яшчэ паўгадзіны — і Валерыя, цалкам задаволеная, пакідае кабінет. Яе радасць тлумачыцца проста: важыць 42,5 кілаграма пры росце 163 сантыметры — нядрэнны вынік, чаму спрыяюць заняткі мастацкай гімнастыкай. Наш медагляд, па сутнасці, скончаны, і заняў ён 1 гадзіну 40 хвілін. Праўда, па даведку ўсё ж давядзецца прыйсці да педыятра ў іншы дзень: вынікі аналізаў будуць гатовы толькі заўтра, як і расшыфраваная ўрачом электракардыяграма.

Алена КРАВЕЦ


Афіцыйна

Галіна Ціж, загадчык 1-га педыятрычнага аддзялення УАЗ «З-я дзіцячая клінічная паліклініка г. Мінска»:

— Дыспансерызацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай № 96 Міністэрства аховы здароўя ад 12.08.2016. Дакумент прадпісвае, якія лабараторныя абследаванні і агляд якіх спецыялістаў павінна прайсці дзіця ў тым ці іншым узросце. Калі малому год — яно прыходзіць на прыём да ўрачоў пэўных спецыялізацый, у два — ужо да іншых. Бацькі атрымліваюць штогадовы індывідуальны план з пералікам усіх абследаванняў, якія мусіць прайсці дзіця. Работу ўрача, дарэчы, спрашчае сістэма інфарматызацыі, якая дзейнічае ў паліклініцы. Індывідуальны план выдае камп'ютарная праграма, куды ўчастковаму педыятру даводзіцца ўнесці толькі свае карэктывы.

Дыспансерызацыя дапамагае кантраляваць стан здароўя, выяўляць адхіленні, а таксама станы, якія папярэднічаюць пэўным захворванням, і своечасова назначаць прафілактычныя мерапрыемствы, каб прадухіліць іх узнікненне. Найчасцей у сённяшніх школьнікаў выяўляюцца хваробы апорна-рухальнага апарату, у прыватнасці скаліёз, а таксама афтальмалагічныя і стаматалагічныя захворванні. Таму кантроль паставы і зроку, а таксама прафілактычны агляд у стаматолага ўсе дзеці праходзяць штогод. Дзіцяці з хранічнымі захворваннямі ў індывідуальным плане назначаюцца дадатковыя абследаванні.

Каб наладзіць рытмічную работу і пазбегнуць вялікіх чэргаў перад кабінетамі перад пачаткам навучальнага года, мы інфармуем бацькоў, што дыспансерызацыю варта праходзіць у месяц нараджэння дзіцяці. Па выніках медагляду выдаецца даведка аб стане здароўя, тэрмін яе дзеяння — адзін год. У выпадку, калі бацькі прыйшлі пазней, даведку яны ўсё роўна атрымаюць тэрмінам дзеяння толькі да даты нараджэння.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.