Вы тут

Збіраем дзяцей у школу. Ці маеце вы права на дапамогу ад дзяржавы?


Літаральна праз пару дзён пачнецца новы навучальны год, і школы зноў напоўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі. А пакуль у кожнай сям'і, дзе ёсць вучні, ідзе падрыхтоўка да гэтай хвалюючай падзеі. Дзяржава таксама не застаецца ў баку і імкнецца дапамагчы тым сем'ям, якія адчуваюць фінансавыя цяжкасці. Штогод напярэдадні новага навучальнага года асобным катэгорыям сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, аказваецца матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі да школы. Хто менавіта і на што можа разлічваць у такім выпадку?


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Шматдзетныя сем'і

Як нам растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, сем'ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, выдзяляецца аднаразовая матэрыяльная дапамога да навучальнага года.

Выплата матэрыяльнай дапамогі прадугледжана на кожнага школьніка, які навучаецца ў 1—11 класах агульнаадукацыйных устаноў адукацыі, у памеры да 30 % бюджэту пражытковага мінімуму, што дзейнічае на 1 жніўня 2018 года (г. зн. да 64,10 руб.). Канкрэтны памер дапамогі ўстанаўліваецца рашэннем мясцовага Савета дэпутатаў у залежнасці ад фінансавых магчымасцяў рэгіёна.

У 2018 годзе такую дапамогу плануецца аказаць каля 178 тысячам дзяцей.

Малазабяспечаныя сем'і

Малазабяспечаным сем'ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, могуць дапамагчы падрыхтавацца да школы ў рамках дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе аднаразовай або штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Такая дапамога даецца на набыццё адзення, абутку, канцылярскіх прылад. Памер выплат вызначаецца раённай камісіяй у кожным выпадку індывідуальна, зыходзячы з даходу сям'і і канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.

Майце на ўвазе, што згаданая дапамога аказваецца па заяўным прынцыпе. Па пытаннях яе выдзялення ў рамках аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі неабходна звяртацца ў свой выканкам па месцы жыхарства.

* * *

Таксама тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання (ТЦСАН) аказваюць гуманітарную і дабрачынную дапамогу малазабяспечаным і іншым катэгорыям сем'яў з дзецьмі, якія маюць у гэтым патрэбу, ва ўсіх рэгіёнах краіны праводзяцца дабрачынныя акцыі і марафоны па зборы школьных прылад, адзення, абутку і грашовых сродкаў.

Акрамя таго, як адзначаюць у Мінпрацы і сацабароны, матэрыяльную дапамогу сем'ям для падрыхтоўкі дзяцей у школу могуць выдзяляць таксама прадпрыемствы і арганізацыі па месцы працы бацькоў паводле калектыўнага дагавора ці іншых лакальных актаў.


Льготы на харчаванне

Такія льготы ўстаноўлены артыкулам 45 Кодэкса аб адукацыі і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.02.2005 № 177 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб арганізацыі харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі».

Бясплатным харчаваннем забяспечваюцца:

навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі:

— з малазабяспечаных сем'яў і з сем'яў, якія маюць трое і больш дзяцей, дзяцей-інвалідаў, якія навучаюцца ў пачатковых школах, базавых школах, сярэдніх школах, гімназіях, ліцэях, вучэбна-педагагічных комплексах (двух- або трохразовым харчаваннем у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі);

— якія пражываюць у інтэрнатах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (чатырохразовым харчаваннем);

— навучэнцы спецыяльных агульнаадукацыйных школ (спецыяльных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў), дапаможных школ (дапаможных школ-інтэрнатаў), цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (двух-, трох- ці чатырохразовым харчаваннем у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі).

Бясплатнае аднаразовае харчаванне выдзяляецца:

— вучням 1—4 класаў пачатковых школ, базавых школ, сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, вучэбна-педагагічных комплексаў (акрамя вучняў першых класаў, якія навучаюцца на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі), а таксама навучэнцам 5—11 класаў названых устаноў адукацыі, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах;

— школьнікам з сем'яў, у якіх адзін з бацькоў з'яўляецца інвалідам І або ІІ групы;

— навучэнцам з сем'яў вайскоўцаў, якія сталі інвалідамі
з прычыны ранення, кантузіі, калецтва або захворвання, атрыманых пры абароне Айчыны або выкананні абавязкаў воінскай службы ў дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні;

— навучэнцам з сем'яў асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі, калецтва або захворвання, атрыманых пры выкананні службовых абавязкаў у раёнах баявых дзеянняў;

— вучням з сем'яў работнікаў, якія абслугоўвалі дзеючыя воінскія кантынгенты ў Афганістане або ў іншых дзяржавах і сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі, калецтва або захворвання, атрыманых у перыяд вядзення баявых дзеянняў;

— школьнікам з сем'яў ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, якія памерлі ў выніку ранення, кантузіі, калецтва або захворвання, атрыманых у перыяд баявых дзеянняў;

— дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія вучацца ў спецыяльных класах, класах інтэграванага (сумеснага) навучання і выхавання;

— вучням спецыялізаваных па спорце класаў;

— дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

* * *

Навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія навучаюцца больш за 1 год, забяспечваюцца аднаразовым гарачым харчаваннем, а навучэнцы з малазабяспечаных сем'яў, а таксама іншагароднія навучэнцы ўстаноў, размешчаных у сельскіх населеных пунктах і рабочых пасёлках, — трохразовым гарачым харчаваннем у навучальныя дні.


Льготы пры аплаце падручнікаў

Гэтыя льготы рэгулююцца артыкулам 39 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і артыкулам 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян».

Маюць права на бясплатнае карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі:

— навучэнцы санаторных школ-інтэрнатаў, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых устаноў і спецыяльных лячэбна-выхаваўчых устаноў;

— дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;

— дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў;

— дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды з дзяцінства;

— дзеці, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі і хворыя на анкалогію ці на туберкулёз;

— дзеці з сем'яў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам атрымліваюць дзяржаўныя дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады;

— дзеці з сем'яў, у якіх адзін або абое бацькоў з'яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы.

* * *

Плата за карыстанне падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі зніжаецца на 50 % для дзяцей са шматдзетных сем'яў.

Асобы, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі, падчас атрымання адукацыі забяспечваюцца падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі ўстановамі адукацыі бясплатна.


Льготы пры карыстанні транспартам

Навучэнцы, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, маюць права на бясплатны праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх зносін, гарадскім электрычным транспарце і ў метрапалітэне ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад у перыяд з 1 верасня да 30 чэрвеня.

Таксама іншагароднім навучэнцам і студэнтам з малазабяспечаных сем'яў аказваецца матэрыяльная дапамога на праезд у памеры, які не перавышае 50 % кошту праезду (праязнога дакумента) да месца пражывання сям'і (бацькоў):

— не больш чым за дзве паездкі (туды і назад) у месяц аўтамабільным пасажырскім транспартам агульнага карыстання рэгулярных міжгародніх зносін, чыгуначным транспартам агульнага карыстання міжрэгіянальных ліній эканом-класа;

— не больш чым за чатыры паездкі (туды і назад) у месяц аўтамабільным пасажырскім транспартам агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін (акрамя таксі), чыгуначным транспартам агульнага карыстання рэгіянальных ліній эканом-класа.


Калі ў сям'і дашкольнік...

На сённяшні дзень бацькі аплачваюць толькі харчаванне ў дзіцячым садку. Усё астатняе — праца выхавальнікаў, абслуговага персаналу, вада, святло, цяпло — аплачваецца з бюджэту краіны. Але ёсць бацькі, якія маюць права плаціць менш або наогул не аплачваць харчаванне свайго дзіцяці.

Сям'я цалкам вызваляецца ад аплаты...

Вызвалены ад аплаты за харчаванне ў дзіцячым садку бацькі (або законныя прадстаўнікі) дзяцей-інвалідаў, дзяцей, хворых на анкалагічныя захворванні, хворых на туберкулёз, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Аплата зніжаецца на 50 %...

— калі ў сям'і ёсць трое дзяцей або больш
(і ім няма 18 гадоў);

— калі сям'я пражывае на землях, забруджаных радыяцыяй;

— калі сям'я з'яўляецца апякунскай або прыёмнай, а таксама калі гэта дзеці — з сямейных дзіцячых дамоў.

Аплата зніжаецца на 30 %...

— калі двое дзяцей у сям'і ходзяць у дзіцячы сад. І не мае значэння, у адзін і той жа ці розныя;

— калі адно з дзяцей наведвае дзіцячы сад, а другое навучаецца ў школе, але клас месціцца ў дашкольнай установе.

Як аформіць ільготу?

Льгота на аплату харчавання не будзе налічвацца вам аўтаматычна. Неабходна напісаць заяву на імя кіраўніка дзіцячага садка і прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць гэтую льготу.

Рашэнне аб вызваленні ад платы за харчаванне дзяцей альбо яе зніжэнні прымаецца на працягу пяці дзён з дня падачы заявы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Шлях да сэрца вандроўніка ляжыць праз страўнік

Як развіваецца гастратурызм у Беларусі?

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.