Вы тут

Як абмяркоўваюць папраўкі ў закон аб дарожным руху


На днях у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адбылася рабочая нарада Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў і іншых ведамстваў па законапраекце «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху», які выклікаў мноства спрэчак у грамадстве. У сустрэчы прыняў удзел і карэспандэнт «МС».


У пачатку — тэорыя

Каб зразумець, пра што ішла гаворка на нарадзе, коратка нагадаем сутнасць прапанаваных паправак. За парушэнні Правілаў дарожнага руху кіроўца атрымлівае пэўную рэгламентаваную колькасць балаў. Адзін бал — гэта парушэнні, штраф за якія не перавышае трох базавых велічынь, а таксама тыя, што былі выяўлены з дапамогай фотафіксацыі. Два балы — парушэнні са штрафам да пяці базавых, тры — да 10 базавых, чатыры — якія прадугледжваюць больш за 10 базавых або пазбаўленне правоў. Атрымліваеш 15 і больш балаў за год — пазбаўляешся права кіравання транспартным сродкам на паўгода.

Ёсць парушэнні, за якія штрафныя балы не налічваюцца. Сярод іх: парушэнне правілаў эксплуатацыі транспартнага сродку — у частцы нумарных знакаў, эксплуатацыя або допуск да ўдзелу ў дарожным руху транспартнага сродку без дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Акрамя таго, гэта парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых правілаў дарожнага руху.

Сярод іншых новаўвядзенняў — права здаваць экзамен у ДАІ на машыне з аўтаматычнай каробкай перадач пасля праходжання адпаведнай падрыхтоўкі. У гэтым выпадку правы будуць выдаваць з адпаведнай адзнакай.

Ініцыявана пытанне аб выдачы міжнародных пасведчанняў кіроўцы, таксама працуюць над аспектам допуску да кіравання мотаўсюдыходамі.

Адкрытасць і дысцыпліна

Перад пачаткам мерапрыемства з прэсай пагутарыў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй РЫБАК. Ён адзначыў, што работа над законапраектам будзе весціся максімальна адкрыта для таго, каб улічыць усе меркаванні — і грамадзян, і дзяржаўных органаў. Паводле яго слоў, сітуацыя на дарогах ускладняецца з кожным днём. Пры гэтым значная частка правапарушэнняў, пра што паведамляюць грамадзяне, — гэта вымушаныя парушэнні з-за недастатковай арганізацыі дарожнага руху. «Наша камісія лічыць, што мы менавіта на гэтым аспекце павінны зрабіць асноўны ўпор», — падкрэсліў дэпутат.

Ён дадаў, што важна прапрацаваць дакумент у комплексе, не акцэнтуючы ўвагу на асобных нормах. Дарэчы, у самой камісіі пакуль няма ўстойлівага адзінага меркавання з нагоды ўвядзення бальнай сістэмы.

Яшчэ ў Андрэя Рыбака пацікавіліся аб тэарэтычным падзеле выплаты тэхагляду і дарожнага падатку. Старшыня камісіі адзначыў, што прапановы па гэтым пытанні, якія распрацоўваліся разам з Саветам Міністраў, накіраваныя кіраўніку дзяржавы. Парадак зменіцца, калі будзе прынята нейкае рашэнне, дадаў ён.

Пасля да журналістаў падышоў намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр ЦАГЕЛЬНІК, які стаў галоўным спікерам мерапрыемства і адказваў на большасць пытанняў.

Аляксандр Цагельнік падкрэсліў: бальная сістэма акажа станоўчы прафілактычны эфект на бяспеку дарожнага руху. Паводле яго слоў, гэта прымусіць задумацца кіроўцаў, якія сістэматычна дапускаюць парушэнні ПДР, што не прыводзяць да пазбаўлення правоў. Такім чынам, яны стануць больш дысцыплінаваныя.

Рукі ўверх!

Выступоўца прывёў нямала цікавых лічбаў. З 2005 да 2017 года колькасць загінулых у ДТЗ знізілася ў 2,8 раза. У 2017 годзе на адзін мільён жыхароў Беларусі прыйшлося 62 смяротныя траўмы ў ДТЗ. Такіх вынікаў удалося дасягнуць на фоне значнага павелічэння колькасці транспартных сродкаў — за 10 гадоў іх парк павялічыўся на траціну, з 3,3 да 4,3 мільёна. Тым не менш у апошнія гады зніжэнне паказчыкаў замарудзілася, больш за тое — у 2017-м зніжэння дасягнуць не ўдалося. Прычына? Цяперашнія падыходы дазваляюць толькі захаваць бягучы вынік, а трэба працягваць памяншэнне.

У 2017 годзе па віне кіроўцаў усіх відаў транспарту адбылося 79 % ад агульнай колькасці ДТЗ, па віне пешаходаў — 15 %, па віне веласіпедыстаў — 4 %. Асноўныя прычыны ДТЗ па віне вадзіцеляў: парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў, перавышэнне хуткасці, незахаванне чарговасці праезду скрыжаванняў.

Казаў ён і пра меры, якія былі прынятыя не так даўно. Напрыклад, узмацненне ў 2013 годзе жорсткасці адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення. Да чаго гэта прывяло? За пяць гадоў колькасць затрыманых нецвярозых кіроўцаў зменшылася ў два разы, колькасць ДТЗ па іх віне скарацілася на 36 %, колькасць загінулых і параненых у іх зменшылася больш чым у два разы. Разам з канфіскацыяй аўто меры далі сапраўды добры вынік, што пацвярджае статыстыка.

Калі пасля выступлення ў прысутных спыталі, ці ёсць у іх пытанні, узняўся сапраўдны лес рук. Прыводзім найбольш цікавыя пытанні і адказы на іх.

Чаму самае бяспечнае месца на дарозе — пешаходны пераход — зыходзячы са статыстыкі становіцца самым небяспечным? Рашэнне праблемы, па словах Аляксандра Цагельніка, відавочнае — будаўніцтва пешаходных пераходаў розных узроўняў, але ёсць складанасці з фінансамі.

У рамках нарады заяўлялася аб дэфіцыце парковачных месцаў — аднак адзін з дэпутатаў справядліва заўважыў, што паркінгі ў сталіцы стаяць пустыя, а вуліцы застаўленыя аўтамабілямі. Як людзей перавесці на гэтыя месцы, пацікавіўся ён. Адказ МУС быў красамоўны: колькасць транспартных месцаў, зарэгістраваных у Мінску, — амаль 700 тысяч, а парковачных месцаў — больш за 400 тысяч. Гэта значыць, нават калі б усе, хто жадае, захацелі паставіць аўто не на праезнай частцы і не ў дварах, то дэфіцыт быў бы значны. Таму рэзкае павелічэнне мер адказнасці, накладанне штрафаў і пастаянныя эвакуацыі толькі ўзмоцняць сацыяльнае напружанне, а не вырашаць праблемы, упэўнены спецыяліст.

Пытанне па налічэнні балаў: калі парушэнне фіксуецца тэхнічнымі сродкамі, то згодна з прапанаванымі папраўкамі за гэта кіроўца атрымлівае толькі адзін бал. Калі ж супрацоўнік ДАІ спыняе кіроўцу за тое ж парушэнне, колькасць балаў можа быць вышэйшая. Што за няроўнасць? У адказ Аляксандр Цагельнік адзначыў, што ёсць вялікая розніца: інспектар выяўляе кіроўцу, які кіраваў асабіста, а вось тэхнічныя сродкі фіксуюць толькі аўтамабіль і ўласніка, які мог і не кіраваць транспартным сродкам у момант фатаграфавання.

Наперадзе чакае яшчэ нямала круглых сталоў і сустрэч па гэтай тэме, пра што мы абавязкова раскажам у будучых нумарах.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Каментарыі ў тэму

Намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнага міжнароднага права галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Арцём ПРАСКАЛОВІЧ:

— Прынцыповых пярэчанняў у нас на цяперашні момант няма. Адзінае, хацелася б прапанаваць падумаць дадаткова над некаторымі працэдурамі рэалізацыі гэтай сістэмы.

З улікам таго, што яна ахопіць вельмі шырокае кола людзей і гэта нейкі новы механізм, то мы б прапанавалі хоць бы на першым этапе адысці ад поўнай аўтаматызацыі гэтага працэсу. Чаму? Напрыклад, чалавек паехаў па брэсцкай трасе за мяжу, нахапаў штрафаў па фотафіксацыі на 15 балаў, з'ехаў. А калі вярнуўся, то даведаўся, што, аказваецца, ужо некаторы час ён не мае права на кіраванне аўтамабілем. Да гэтага яшчэ дадасца парушэнне за кіраванне без права кіравання.

Гэта значыць, трэба максімальна хутка інфармаваць аб правапарушэннях і адпаведных балах. Чалавек павінен адразу разумець, якія наступствы могуць паўстаць.

Хацеў бы звярнуць увагу: мы гаворым пра тое, якія наступствы гэтага закона для бяспекі дарожнага руху. Сітуацыя такая: адна з асноўных прычын ДТЗ з цяжкімі наступствамі і гібеллю людзей — гэта перавышэнне хуткаснага рэжыму. У першую чаргу мы кажам пра тое, што выратуем пяць чалавечых жыццяў за год, увёўшы бальную сістэму, і прымусім восем чалавек задумацца пра тое, што яны могуць быць пазбаўлены права кіравання. Ніхто не кажа пра тое, што ўсе павальна перастануць парушаць. Але гэтыя навіны законапраекта — гэта разумны крок, паколькі ён дазволіць захаваць жыцці пяці чалавек.


Член назіральнага савета сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Бяспечныя дарогі Беларусі» Дзмітрый КУРНОСЕНКА:

— Комплексны падыход, сістэмнасць — гэта, напэўна, залог поспеху. Гэты закон павінен ствараць умовы, каб падобны падыход быў рэалізаваны. На жаль, аднымі тэхнічнымі сродкамі і кантролем дамагчыся стапрацэнтнага выніку немагчыма.

Калі мы звернем увагу на статыстыку, то ўбачым, што сітуацыя стабілізавалася, значнага зніжэння паказчыкаў ужо няма. Гэта сведчыць аб тым, што ад фіксацыі неабходна пераходзіць да іншых прынцыпаў — напрыклад, ствараць так званыя бяспечныя калідоры. Гэта значыць, фіксацыя будзе адбывацца яшчэ і ў тых месцах, якія ўяўляюць патэнцыйную небяспеку.

Загаловак у газеце: Колькі балаў у кіроўцы?

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.