Вы тут

Чаму вучаць у розных кутках свету?


Міністэрства адукацыі, культуры, спорту, навукі і тэхналогій Японіі збіраецца налета пачаць эксперымент па ўкараненні сістэм штучнага інтэлекту ў школьную адукацыю. У ходзе эксперымента ў школьнікаў на працягу чатырох гадоў будуць збіраць даныя, у тым ліку — аб іх паспяховасці, адказах на тэставыя заданні. Адпаведную інфармацыю прааналізуюць потым пры дапамозе штучнага інтэлекту, паведаміла ТАСС са спасылкай на японскую газету Thе Yоmіurі Shіmbun. У найбліжэйшы час вызначыцца колькасць школ па ўсёй краіне, якія прымуць удзел у праекце. Для яго рэалізацыі ўлады Японіі выдзеляць дадатковы бюджэт. А як арганізаваны адукацыйны працэс на розных кантынентах?


Шкаляры Старога Свету

У большасці выпадкаў еўрапейскім першаклашкам звычайна па шэсць гадоў. У Італіі бацькі могуць самі вырашаць, калі адправіць дзіця ў школу — настаўнікі па законе абавязаныя прымаць нават пяцігадовых. Часцей за ўсё больш складаныя прадметы — напрыклад, матэматыка або родная мова — ставяцца ў раскладзе на першую палову дня, асабліва ў малодшых класах. Стандартны набор — матэматыка, мовы, дакладныя навукі, гісторыя і грамадазнаўства — прысутнічае ўсюды, аднак акцэнты расстаўляюцца па-рознаму. Напрыклад, у Італіі лічыцца, што літаратура — занадта складаны прадмет для 13—14-гадовых вучняў, таму ў праграме ёй адведзена зусім няшмат гадзін.

У большасці краін Еўропы навучальны год стартуе ў пачатку восені, а дакладная дата можа змяняцца ў залежнасці ад асаблівасцяў рэгіёна. У гарачай мясцовасці, напрыклад, вучням могуць даць лішні тыдзень адпачынку восенню, каб яны нагналі яго зімой. Па ўсім Старым Свеце шкала ацэнак адрозніваецца, але ўсюды яна налічвае больш за пяць балаў. У Францыі працу вучняў ацэньваюць па 20-бальнай сістэме. У Італіі — па 10-бальнай, калі гаворка ідзе аб кожным асобным прадмеце. А ў Германіі шкала адзнак вызначана ў межах ад 1 да 6 балаў. У большасці еўрапейскіх краін школьнікі вучацца 13 гадоў.

Лэдзі і джэнтльмены

З-за прэстыжнасці сваёй адукацыі Англія стаіць асобна ў шэрагу еўрапейскіх краін, хоць асноўныя прынцыпы тут вельмі падобныя на агульнаеўрапейскія. Брытанскія дзеці пачынаюць займацца ў пяць гадоў, аднак гэта падрыхтоўчая школа, дзе асноўная ўвага аддаецца гульням і сацыялізацыі. У самой пачатковай школе (рrіmаrу sсhооl) у праграме з'яўляюцца асноўныя прадметы. Упор у гэты час робіцца на праектную працу, каб дапамагчы дзецям пасябраваць.

Звычайна вучні ідуць у школу ў пачатку восені, але дата можа вар'іравацца ў залежнасці ад навучальнай установы: часам, напрыклад, урокі пачынаюцца яшчэ да 1 верасня. Школьны год падзяляецца на тры семестры: летам школьнікі адпачываюць шэсць тыдняў, зімой і ўвесну — па 2-3 тыдні.

Асноўныя прадметы — матэматыка, прыродазнаўства, спорт, мова — з'яўляюцца ў праграме яшчэ ў пачатковай школе. У якасці другой мовы ў Вялікабрытаніі часцей за ўсё выбіраюць французскую. Бліжэй да старшых класаў вучні атрымліваюць магчымасць выбраць частку прадметаў у залежнасці ад сваіх планаў на будучыню і такім чынам скласці сабе індывідуальны расклад — у выніку склад класа часта змяняецца ад заняткаў да заняткаў.

Адзнакі ў Вялікабрытаніі ставяцца па 100-бальнай шкале. Пры гэтым існуе спецыяльная класіфікацыя, якая дазваляе суаднесці атрыманую колькасць балаў з узроўнем вучня. Выхаванне англійскага джэнтльмена або юнай лэдзі — прэрагатыва самых элітных школ, але за ўменнем паводзіць сябе ў грамадстве сочаць і ў больш простых школах. Цікава, як усе гэтыя прынцыпы карэлююць з рэальнасцю: не сакрэт, што брытанскія падлеткі лічацца ледзь не самымі задзірлівымі і хуліганістымі ў Еўропе. У той жа час усе яны навучаны добрым манерам і ў патрэбны момант вельмі хутка «актывуюць» свае веды.

На пяць літар

Амерыканцы пачынаюць вучыцца з шасці гадоў, але ў пачатковых класах набор прадметаў невялікі. Часцей за ўсё дзяцей у класах размяркоўваюць па ўзроўні ведаў — грунтуючыся на выніках тэстаў, якія яны здаюць у самым пачатку. Увесь навучальны год разлічаны на 180 дзён і падзяляецца не на чвэрці, а на семестры. Астатнія 185 дзён прыпадаюць на выхадныя і вакацыі — адзінай сістэмы тут не існуе, яны вызначаюцца асобна ў кожным штаце і кожнай школе.

Навучальны год у ЗША стартуе ў канцы жніўня — пачатку верасня, а дакладная дата можа змяняцца ад штата да штата. Як і ў Вялікабрытаніі, амерыканскія школьнікі могуць самі складаць сабе праграму, выбіраючы прадметы, якія адпавядаюць іх далейшым мэтам, здольнасцям або інтарэсам. У малодшай і сярэдняй школе звычайна гэта не больш за пяць прадметаў, у старэйшых класах можна выбраць сабе ўжо большую частку прадметаў для вывучэння самастойна. У лік абавязковых для ўсіх уваходзяць матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, англійская мова і аналаг грамадазнаўства. За кожны прадмет вызначана пэўная колькасць «крэдытаў» (націск на першы склад) — нешта накшталт балаў. Вучань павінен сам скласці праграму такім чынам, каб у канцы семестра ў суме ў яго набралася неабходная колькасць гэтых балаў.

Адзнакі выстаўляюцца ў літарах, усяго іх пяць: А, B, С, D, Е. Аднак разлічваюцца яны ўсё роўна па 100-бальнай сістэме. Так, А выстаўляецца за 93 балы і больш, а менш за 63 балы — гэта ўжо Е, самая нізкая з магчымых адзнак.

Без Картасара — ніяк

У апошнія дзесяцігоддзі ўзровень адукацыі ў Лацінскай Амерыцы рэзка вырас. На агульным фоне асабліва вылучаецца Куба. Зараз Востраў Свабоды траціць на дзяржадукацыю, па некаторых даных, 10 працэнтаў бюджэту, апярэджваючы па гэтым паказчыку і ЗША, і Вялікабрытанію.

Паколькі зіма ў Лацінскай Амерыцы пачынаецца ў той час, калі ў нас — лета, то і старт навучальнага года прыпадае ў іх на іншыя месяцы. Напрыклад, бразільцы, аргенцінцы і костарыканцы выходзяць на вучобу ў першы тыдзень лютага. А ў Чылі і Уругваі вучні адпраўляюцца ў школу ў сакавіку. Выключэнне — Мексіка. Там навучальны год пачынаецца ў верасні і доўжыцца да 30 чэрвеня з канікуламі ў снежні і красавіку.

Вартая ўвагі літаратурная праграма лацінаамерыканскіх краін. Напрыклад, у Калумбіі нельга паступіць ва ўніверсітэт, не прачытаўшы «Сто гадоў адзіноты» Габрыэля Гарсіі Маркеса, «Гульню ў класікі» Хуліа Картасара, паэзію Пабла Неруды, «Сціплага героя» Марыа Варгаса Льёсы і іншыя творы майстроў «магічнага рэалізму».

Зважай на сакуру

Пошук паспяховых мадэляў навучання не спыняецца. Як адзначае шэраг аналітыкаў, свет уступае ў фазу, калі амерыканскія і скандынаўскія ліберальна-дэмакратычныя сістэмы перадачы ведаў адыходзяць у мінулае. У трэндзе — мадэлі, створаныя ў азіяцкіх краінах.

Вучыцца японцы і кітайцы пачынаюць у шэсць гадоў, не лічачы дзіцячага садка і падрыхтоўчых груп, праграмы якіх нашмат больш насычаныя, чым у Еўропе. У Кітаі вучоба ў школе пачынаецца ў 8-9 гадзін раніцы, аднак мяркуецца, што да гэтага часу школьнік ужо прысвяціў мінімум гадзіну самастойным заняткам. Завяршаюцца ўрокі а 16-й, пасля чаго яшчэ некалькі гадзін дзіця праводзіць на дадатковых занятках і, калі хопіць сіл, вечарам прысвячае нейкі час самастойнай вучобе. Расклад выхадных не моцна адрозніваецца ад будняў.

У Японіі графік у дзяцей прыкладна такі ж: заняткі доўжацца з 8 раніцы да 6 вечара, пры гэтым, як і ў Еўропе, у сярэдзіне дня іх чакае гадзінны перапынак. Вечарам дзеці адпраўляюцца да рэпетытараў або займаюцца дома самастойна. А канікулы выкарыстоўваюць як шанц падцягнуць веды па асобных прадметах.

У Японіі навучальны год пачынаецца ў красавіку, калі расцвітае сакура. У Кітаі ён прывязаны да агульнасусветнай сістэмы — вучні ідуць у школу 1 верасня. Дзеліцца вучоба на паўгоддзі: другое пачынаецца 1 сакавіка, а летнія вакацыі часта доўжацца не больш за 10 дзён. Большая частка часу ў школе траціцца на родную мову і матэматыку, затым ідуць агульнапрынятыя прадметы — гісторыя, прыродазнаўчыя навукі, грамадазнаўства. У абавязковым парадку вывучаецца замежная мова, часцей за ўсё — англійская.

Будынак пачатковай школы ў Буркіна-Фасо.

У Японіі школьнікі вывучаюць не толькі сучасную, але таксама старажытную і сярэднявечную японскую мову. У якасці бонусу ў большасці школ ёсць добрыя спартыўныя пляцоўкі і кабінеты музыкі, абсталяваныя самымі рознымі сучаснымі інструментамі. У Японіі, як і ў ЗША, адзнакі выстаўляюцца літарамі. У Кітаі таксама дзейнічае алфавітная сістэма адзнак. Аднак найвышэйшым пунктам напружання і самай галоўнай адзнакай для кітайскіх і японскіх школьнікаў становяцца вынікі на выпускных іспытах і ўступных выпрабаваннях у ВНУ. Усекітайскія ўступныя экзамены гаакаа, напрыклад, доўжацца на працягу трох дзён і з'яўляюцца сапраўдным выпрабаваннем на трываласць. З не меншым напружаннем фінальныя іспыты звязаны і для японцаў — іх вынікі публікуюцца на спецыяльных табло, перад якімі збіраюцца абітурыенты.

69 вучняў на настаўніка

Нягледзячы на тое, што навучанне ў пачатковай школе ў Афрыцы абавязковае, у шэрагу краін яе наведваюць нямногія з дзяцей адпаведнага ўзросту. Па даных Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), у Ліберыі гэты паказчык у сярэдзіне 2010-х складаў усяго 38 працэнтаў, у Паўднёвым Судане і Эрытрэі — 41, у Джыбуці — 57, у Экватарыяльнай Гвінеі — 58 працэнтаў. У многіх краінах сярэдняя адукацыя застаецца платнай.

Навучальны год доўжыцца 10 месяцаў — са студзеня па лістапад, з канікуламі ў красавіку, жніўні і снежні. У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР) на аднаго настаўніка пачатковых класаў зараз прыходзіцца ў сярэднім 32 вучні. Самая складаная абстаноўка — у Малаві, дзе на аднаго педагога прыпадае 69 школьнікаў, у Чадзе — 62, а ў Руандзе — 60 вучняў.

Каб вызначыць аблічча сучаснай афрыканскай школы, міністэрства адукацыі ПАР сабрала даныя па 24,7 тысячы дзяржаўных устаноў адукацыі. Высветлілася, што ў 3,5 тысячы школ няма электрычнасці, 2,4 тысячы — не маюць водазабеспячэння, а ў 11,4 тысячы школ замест туалетаў — памыйныя ямы. 79 працэнтаў устаноў не маюць бібліятэк, 77 працэнтаў — камп'ютарных класаў, і толькі ў 10 працэнтах адпаведны клас цалкам укамплектаваны неабходнай тэхнікай.

Тым часам

Каля 264 мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце пазбаўлены магчымасці атрымліваць школьную адукацыю — такія даныя агучыў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). Найбольшую занепакоенасць арганізацыі выклікаюць напады на школы, якія пачасціліся ў канфліктных рэгіёнах. Такія напады, па словах дырэктара надзвычайных праграм ЮНІСЕФ Мануэля Фантэна, «ператвараюцца ў правіла». Толькі на паўночным усходзе Нігерыі за некалькі гадоў тэрарыстычная групоўка «Бока Харам» разбурыла 1400 школ і забіла 2300 настаўнікаў. Па даных ЮНІСЕФ, у 24 краінах свету, закранутых узброенымі канфліктамі, не маюць магчымасці наведваць школу каля 27 мільёнаў дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У пошуках ведаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.