Вы тут

Пэрэс, Будны, Чарняўскі — самыя цікавыя людзі і месцы Вішнева


Пра тое, як распачалася наша роварная вандроўка па маршруце «Валожынскія гасцінцы», я пісала 21 жніўня. Пра тое, дзе знайсці патрэбную інфармацыю і як дабрацца да пачатку маршруту. Пра наведванне колішняй сядзібы вялікага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца. Пра ўнікальныя і вельмі прыгожыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў вёсцы Дзесятнікі. Пра ацалелы дом паляўнічага і маляўнічы парк у сядзібе Храптовічаў «Адравонж». Аднак далей нам сустрэліся не менш прыгожыя краявіды і добрыя людзі.


Месца сілы Вішнева

Вішнева — месца, безумоўна, унікальнае. Сюды варта зазірнуць (нават калі вы без ровара). Нам жа пашчасціла там апынуцца спякотным летнім днём, пасля доўгага пераезду. І адразу папіць надзвычай смачнай вады і аднавіць сілы каля крыніцы, якая цячэ адразу за касцёлам Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі: лічыцца, што вада тут гаючая.

Мы затрымаліся каля крыніцы надоўга, зноў і зноў зачэрпваючы чыстую і прахалодную ваду. Зрэшты, і абмеркаваць было што. Згадвалі Сымона Буднага, які жыў усяго за сем кіламетраў ад Вішнева ў Лоску і быў у свой час выдатным дзеячам Рэфармацыі, выдаў першую кнігу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. А жыццё сваё скончыў даволі сумна, быў адлучаны ад царквы, пазбаўлены сану і свой зямны шлях, поўны нягод і матэрыяльных цяжкасцяў, завяршыў таксама ў Вішневе.

Але варта пачаць усё-такі з галоўных сённяшніх славутасцяў Вішнева. Сярод іх касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі. На фасадзе можна пабачыць дату 1424 — гэта год яго заснавання вялікім князем Вітаўтам (па іншых звестках, кашталянам віленскім Сямёнам Гедыгольдавічам).

«За час свайго існавання касцёлу ўсё ж давялося зведаць некаторыя змены, прычым неаднойчы. Спачатку ён быў перабудаваны ў стылі барока, але пасля моцнага пажару 1771 года аднаўляўся на сродкі сям'і Храптовічаў: акрамя замены інтэр'ера (з'явіліся нехарактэрныя для барока, амаль гатычныя ўзорыстыя скляпенні, шмат фрэскавага жывапісу, алтары XVІІІ стагоддзя з драўлянымі скульптурамі), былі прыбудаваны дзве квадратныя капліцы каля алтарнай часткі. Але найбольш прыкметныя знешнія змены адбыліся тут ужо ў пачатку ХХ стагоддзя, калі быў зменены фасад будынка: у 1906 годзе над уваходам выраслі дзве звыклыя для традыцыйнага барока вежы».

Побач з касцёлам знаходзіцца прыгожая званіца, якая ў той жа час з'яўляецца варотамі. Яна была пабудавана ў другой палове
XІX стагоддзя. Па лесвіцы можна падняцца, дакрануцца да звонаў, паглядзець з вышыні на наваколле.

Менавіта ў гэтым касцёле ў свой час служыў легендарны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. У савецкі час Вішнева было адзіным месцам ва ўсёй краіне, дзе службы працягвалі весціся па-беларуску! Ці ж не сапраўдны гэта подзвіг мужнасці і стойкасці? Пахаваны ксёндз тут жа, у касцельным дворыку.

На старых могілках у Вішневе знайшла апошні спачын вядомая паэтка Канстанцыя Буйло. А побач з ёй Пятро Бітэль — яго пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» на беларускую мову, зроблены падчас зняволення ў ГУЛАГу на мяхах з-пад цэменту, прызнаны самым блізкім да арыгінала.

Праехаўшы касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, непадалёк можна ўбачыць царкву Святых Казьмы і Дзям'яна.

«Царква была пабудавана ў 1865 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі, які атрымаў асабліва значнае распаўсюджанне ў Беларусі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года. У разгроме паўстання сумна праславіўся віленскі генерал-губернатар Мураўёў, апантаны русіфікатар, які атрымаў у народзе мянушку «вешальнік». Цэрквы, якія следам за тым сталі паўсюдна будавацца па тыпавых праектах, дасланых са сталіцы Расійскай Імперыі, у народзе ахрысцілі «мураўёўкамі».

Праехаўшы царкву, праз колькі дамоў можна пабачыць дом дзявятага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. У свой час Шымон эміграваў адсюль у Палесціну. Яго родныя, якія засталіся ў Вішневе, у 1941 годзе загінулі ў агні халакосту.

Дом Шы­мо­на Пе­рэ­са.

Мосцік праз багну

У папярэднім артыкуле пра «Валожынскія гасцінцы» я згадвала нашага анёла Сяргея. Адзначу, што ён працягваў з'яўляцца побач
вельмі дарэчы: калі трэба было зразумець, куды павярнуць, калі мы рамантавалі педаль аднаго ровара. І вось менавіта Сяргей расказаў нам пра драўляныя мосцікі ў балоце. Я не асабліва загарэлася, але пагадзілася са сваімі кампаньёнамі, якія вельмі захацелі іх убачыць. Ад Вішнева мы праехалі 15 кіламетраў у бок Сакаўшчыны па прамой асфальтаванай дарозе. А далей пільна ўглядаліся ў правы бок, пакуль не заўважылі добрую грунтавую дарогу, якая вяла ў лес.

Праехаўшы крыху, мы пабачылі паварот на пясчаны кар'ер. Не ва ўсіх вандроўнікаў ужо былі сілы збочыць, каб дабрацца да яго. Аднак такія месцы па-свойму вельмі адметныя: тыя, у каго хапіла сіл да яго дабрацца, пабачылі гіганцкія глыбы пяску. Такая невялікая мясцовая пустыня, цалкам акрэсленая, але ўсё-такі напоеная настроем Поўдня.

З задавальненнем пафатаграфаваліся там, пасярод пяскоў, пад сонцам, якое пякло ўжо даволі моцна. Я зрабіла яшчэ колькі здымкаў і на фоне яркага бірузова-ізумруднага будаўнічага вагончыка (побач здабываюць пясок і нарыхтоўваюць лес). Такія моманты, вырваныя са звыклай праграмы, з іншай надзвычайнай вастрынёй адчуванняў, вельмі западаюць у памяць — ці хутчэй у падсвядомасць, якая адказвае за эмацыянальныя перажыванні.

Вярнуўшыся на лясную дарогу, мы зноў ехалі скрозь балоты ў чаканні тых самых мосцікаў. Наваколле паціху мянялася. Калі спыніліся, каб адпачыць, пабачылі, што ўся дарога спрэс у мурашніках з вялікімі чырвонымі мурашамі, таму паспяшаліся паехаць далей. Месцамі навісалі нахіленыя танклявыя бярозы. Нарэшце прыехалі ў пятлю: дарога рабіла паўкола, злучалася сама з сабой і на гэтым заканчвалася. Насякомых было яшчэ болей, з усіх бакоў нас атачалі авадні. Я пакінула ровар і паспрабавала прайсці ўглыб — можа, пабачу мосцікі?.. Аднак робячы крок за крокам, разумела, што папросту ўсё болей паглыбляюся ў багну. Было відавочна, што далей лепей не ісці, — ёсць рызыка праваліцца. Яшчэ двое з нас прайшлі наперад, туды, дзе канчалася пятля, аднак таксама нічога падобнага на тое, што мы чакалі пабачыць, не знайшлі.

Балазе наш анёл Сяргей у адну са шматлікіх сустрэч ужо паспеў пакінуць свой нумар тэлефона. Мы пазванілі яму, каб высветліць, куды трапілі. Аднак тое, што пачулі ў адказ, было вельмі нечаканым:

— Што вы робіце там? Гэта ж гіблае месца! Хутчэй едзьце прэч!

— А мосцік? — ціха папрасіла спытаць я. Хутчэй не з цікаўнасці, а з жадання атрымаць нейкую яснасць.

У адказ на гэта пытанне мы пачулі:

— Лепш не суйцеся ні на якія мосцікі. Я калі быў там, дык па пояс праваліўся, а ровар выносіў на сабе на руках.

Што ж, калі з цікавінкамі не склалася, трэба было рушыць далей і сапраўды выбірацца адтуль.

Са­каў­шчын­скае ва­да­схо­ві­шча.

Вячэра ў сонцы

Вярнуўшыся нарэшце на асноўную дарогу (па дарозе падсілкаваўшыся чарніцамі), мы павярнулі направа — на асфальтаваную трасу, па якой ехалі ад пачатку. Да Сакаўшчыны, дзе знаходзілася наша меркаванае месца начлегу, трэба было пераадолець яшчэ кіламетраў восем. Дарэчы, вёска аказалася даволі доўгай — давялося праехаць яе наскрозь, кіруючыся да Сакаўшчынскага вадасховішча. Па яго ўзбярэжжы мы паехалі ўлева, пакуль не трапілі нарэшце ў домік для раварыстаў, які збудавалі гаспадары сядзібы «За масточкам» Дзмітрый і Ірына Наканечныя.

На вялікім роўным газоне каля доміка мы літаральна ўпалі без сіл. І хвілін дваццаць проста сядзелі ці ляжалі на траве нерухома. Аднак далей пачаў адбывацца чарговы цуд нашай вандроўкі. Па дамоўленасці гаспадары прыгатавалі для нас абед, аднак ужо была палова на сёмую вечара, таму ён ператварыўся ў вячэру...

Яркае летняе сонца зрабілася лагодным і паціху хілілася да небакраю, пасылаючы шчодрыя промні. Мы вячэралі на адкрытай тэрасе, яна была вельмі прыгожа асветлена. Ежу падалі ў зграбным парцалянавым посудзе — з зялёнымі ўзорамі, пад колер травы. Калі гарохавы суп можна лічыць фірмовай стравай, то гэта быў акурат той выпадак. Слоў не хопіць, каб перадаць, наколькі ён аказаўся смачны. Бутэрброды з кабачкамі і жоўтымі памідорамі, салата са свежай гародніны — не буду пералічваць усяго — а раптам вы яшчэ не елі?..

Далей было купанне пад зорамі і месяцам у Сакаўшчынскім вадасховішчы. Начныя размовы каля вогнішча. Раніцай — заплыў сярод гарлачыкаў па Іслачы.

Маршрут «Валожынскія гасцінцы» разлічаны на тры дні. Мы ж вырашылі ўкласціся ў два выхадныя, таму істотна скарацілі яго і на другі дзень да мясцовых славутасцяў не заязджалі.

Склалася так, што размораныя сонейкам, прыемнай вадой, смачнай ежай, мы выехалі ў зваротны шлях да электрычкі на гадзіну пазней, чым планавалі. Таму давялося імчацца з велізарнай хуткасцю. Быў выбар: асфальтаваная дарога, але на восем кіламетраў даўжэйшая, ці вясковая, але карацейшая. Выбралі другі варыянт. На электроннай карце праставілі пункты, праз якія трэба праехаць, і такім чынам рушылі наперад.

Напачатку ў кукурузным полі трапілі ў тупік, давялося вяртацца. У астатнім усё было гладка. У пэўны момант мы з двума знаёмымі прыадсталі. Патэлефанавала наша сяброўка, якая была наперадзе, і сказала: «У лесе каля канапы паварочвайце направа ў кукурузу». Найперш падалося, што гэта проста набор слоў. Аднак пазней высветлілася: усё так і ёсць. На ўскрайку лесу стаіць канапа (арыгінальны арыенцір). А насупраць яе праз кукурузу сапраўды ідзе дарога. Далей мы зноў ехалі лесам, полем, яшчэ раз лесам. Праязджалі доўгую лясную вёсачку Куцяняты. Ад геастанцыі трапілі на мост, праехалі яго, звярнулі налева і па асфальтаванай дарозе яшчэ колькі часу ехалі проста, нікуды не зварочваючы.

Нарэшце дабраліся ў патрэбную нам вёску Гародзькі. Аказалася, што чыгуначная станцыя, якая называецца Валожын, зноў жа знаходзіцца на яе супрацьлеглым краі.

Усяго мы ехалі гадзіну сорак пяць хвілін на вялізнай хуткасці, амаль не спыняючыся. Але. Дызель памахаў нам хвастом і знік у кірунку Мінска. Давялося высвятляць на станцыі, ці можам мы правезці ровары ў пасажырскім цягніку? Нарэшце атрымалі станоўчы адказ. Набылі па два білеты — на сябе і на «жалезнага каня». Дарэчы, каб правесці ровар бясплатна, трэба адкруціць адно кола (калі ён габарытны), каб даўжынёй быў не болей за 1,2 метра, і закруціць цэлафанавай плёнкай — можна папросту надзець чахол для ровара, калі ён маецца. У нас жа не было ні таго, ні другога.

Дзве гадзіны ў Гародзьках прайшлі даволі прыемна: мы нарэшце расслабіліся і нікуды не спяшаліся.

У патрэбны час, калі прыйшоў прамы цягнік да Мінска, загрузілі ровары ў вагон і самі зайшлі следам. А ў тым самым вагоне сядзеў... Хто б вы думалі? Наш анёл Сяргей. З вялізным рулонам цэлафанавай плёнкі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Валожынскі раён

Загаловак у газеце: Шлях да гарлачыкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».