Вы тут

Ці трэба баяцца прышчэпак?


Трагедыя ў Ганцавіцкім раёне, калі пасля прышчэпкі загінуў ад анафілактычнага шоку двухмесячны хлопчык, выклікала ў грамадстве вялікі рэзананс. Медыкі апасаюцца, што такая сітуацыя можа прывесці да масавых неспрыяльных наступстваў. У прыватнасці, адмова ад прышчэпак прывядзе да зніжэння калектыўнага імунітэту і распаўсюджання інфекцыйных хвароб. Бацькі ж, у сваю чаргу, таксама разгубленыя: ці варта ўвогуле рабіць прышчэпкі, калі гэта так небяспечна?


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Рэакцыя ці ўскладненне

Найперш трэба адрозніваць, што ёсць рэакцыя на прышчэпку, а ёсць ускладненні. Рэакцыя на прышчэпку бывае ў 10—20 % дзяцей. З чым гэта звязана? Мы ўводзім чужародныя рэчывы — «забітыя» ці аслабленыя бактэрыі і вірусы ці «кавалачкі забітых» мікраарганізмаў. Імунная сістэма адказвае тым, што выпрацоўвае спецыяльныя бялкі (іх называюць антыцелы) і ўтварае клеткі-«забойцы», якія далей пры сустрэчы з узбуджальнікамі абароняць ад іх арганізм. Падчас гэтых складаных працэсаў выпрацоўваюцца патрэбныя імуннай сістэме рэчывы, якія могуць выклікаць павышэнне тэмпературы і невялікую інтаксікацыю.

Але важна ведаць, што рэакцыі на прышчэпку заўсёды ўзнікаюць у пэўны час. Калі мы ўводзім вакцыну, дзе няма жывога віруса, рэакцыя ўзнікае ў першыя ж суткі і на трэці дзень дзіця адчувае сябе нармальна. Калі ж недамаганне, тэмпература з'явяцца пазней ці будуць трымацца даўжэй за тры дні — гэта ўжо не рэакцыя на прышчэпку. Такі стан азначае, што дзіця адначасова з прышчэпкай захварэла, і трэба высветліць на што.

Калі мы ўводзім жывыя вакцыны, недамаганне ўзнікае з 5-га па 14-ы дзень. Ні ў якім разе не ў 1—4-ы дзень!

Рэакцыя на прышчэпку праходзіць сама і не патрабуе лячэння, не пакідае ніякіх наступстваў. Але калі тэмпература высокая (вышэйшая за 38—38,5), трэба даць дзіцяці гарачкапаніжальнае, паколькі пры высокай тэмпературы могуць узнікаць сутаргавыя станы, і выклікаць урача, каб ён выключыў далучэнне якога-небудзь захворвання. Высокая тэмпература пасля прышчэпак узнікае ў 1—4 % дзяцей. Магчымае з'яўленне ацёку і пачырванення ў месцы прышчэпкі, такія рэакцыі праходзяць самі на працягу некалькіх дзён.

А ўскладненні пасля прышчэпак — гэта сур'ёзная сітуацыя, напрыклад цяжкая алергічная рэакцыя на кампаненты вакцыны. Але яны здараюцца рэдка. Напрыклад, крапіўніца здараецца адзін раз на 30—50 тысяч доз.

Міфы пра прышчэпкі

Міф 1. Вакцынацыя вядзе да інваліднасці

У часопісе Lаnсеt («Лансет») у 1998 годзе была надрукавана праца вучонага Эндру Уэйкфілда, які даказваў, што вакцынацыя выклікае дзіцячы аўтызм. Але потым аказалася, што ўсё не так — гэта была не толькі падмена паняццяў, але і фальсіфікацыя навуковай працы. Нягледзячы на тое, што было надрукавана абвяржэнне, антыпрышчэпкавая хваля пайшла. І дагэтуль «даследаванне» з'яўляецца крыніцай ведаў для антыпрышчэпачнікаў.

Трэба разумець, што інвалідызацыя ад прышчэпак сапраўды можа быць, але толькі ў адным выпадку. Гэта не звязана з самой вакцынай ці агентам, які ўводзіцца. Праблемы могуць узнікнуць, калі парушаюцца правілы выкарыстання прэпарата, напрыклад перавышаецца дазіроўка. Уявім сітуацыю, непадрыхтаваная медсястра бярэцца за вакцынацыю і блытае колькасць прэпарата, які ўводзіць. Сама ж прышчэпка, пры ўмове што вакцына ўведзена правільна і ў чалавека няма алергіі, на арганізм ніякага негатыўнага ўплыву не акажа і спадарожных хвароб не выкліча.

Міф 2. Прышчэпкі змяшчаюць усю табліцу Мендзялеева

Многія ўпэўнены, што ў якасці дадатковых кампанентаў у вакцыны дадаюць самыя разнастайныя рэчывы, у тым ліку такія смяротна небяспечныя, як ртуць, фармальдэгід і інш. Але пры гэтым праціўнікі прышчэпак забываюць, што размова ідзе пра мяжу дапушчальных нормаў. Так, кожная вакцына можа змяшчаць розныя рэчывы. Але ў дозах, дапушчальных для прымянення ў жывым арганізме. Ртуць ёсць нават у звычайнай вадзе, але яе ніхто не баіцца і не задумваецца пра яе.

Міф 3. Лепш перахварэць і выпрацаваць натуральны імунітэт

Гэта не самае лепшае выйсце. Бо дастаткова адзін раз сур'ёзна захварэць, каб атрымаць вельмі цяжкія ўскладненні. Многія з тых паталогій, што лічацца дзіцячымі і прафілактуюцца прышчэпкамі, на самай справе цяжкія і смяротна небяспечныя. Акрамя таго, варта разумець, што вакцынацыя робіцца не для таго, каб на 100 % абараніць ад хваробы, а для таго, каб не атрымаць сур'ёзных ускладненняў ад яе.

Міф 4. У нас няма смяротна небяспечных хвароб

У нашай краіне сапраўды сёння няма такіх смяротных інфекцый, як дыфтэрыя ці поліяміеліт. Але гэта звязана выключна з тым, што раней практычна ўсе прышчапляліся. І зараз мы назіраем, як з-за адмовы ад прышчэпак смяротна небяспечныя паталогіі, напрыклад адзёр, пачынаюць вяртацца.

Міф 5. Вакцынацыя — змова фармкампаній з мэтай атрымання выгады

Усе вакцыны, якія ёсць у Нацыянальным календары прышчэпак, апынуліся там па выніках вялікай колькасці даследаванняў, падчас якіх праводзілі вакцынацыю і рэвакцынацыю, а таксама на працягу некалькіх гадоў і нават дзесяцігоддзяў вывучалі цітр антыцел у крыві. Менавіта па колькасці гэтага цітру і вызначаецца неабходнасць паўторнай вакцынацыі і працягласць абароны арганізма ад інфекцыі. Самі ж фармкампаніі павінны даказаць бяспечнасць і эфектыўнасць сваіх прэпаратаў — і на гэта яны выдаткоўваюць вялізныя сродкі.

Памятайце, што і прышчэпка — не панацэя. І нават прышчэпленаму дзіцяці неабходны фізкультура і загартоўванне

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».