Вы тут

Як гродзенскі гіравік стаў трохразовым чэмпіёнам свету


Магчыма, нашчадкі скажуць, што Яўген Назарэвіч каня на плячах насіў і вагоны на гродзенскай чыгунцы рукамі пераварочваў. Як-ніяк ён зорка гіравога спорту. Падняць амаль 35 тон за гадзіну — гэта не жарты. За спінай — 20 сусветных рэкордаў Гінеса, пяць з якіх — у асабістай катэгорыі. Трохразовы чэмпіён свету. Чалавек з характарам магутным, як яго мускулы, Яўген валодае яшчэ і сакрэтам невычарпальнай энергіі. Удзень — на арматурным участку завода, з вечара і да ночы — у спартыўнай зале. І заўсёды — пераможца. Жалезны ён ці не? Сказаць цяжка, але тое, што Яўген Назарэвіч сабраў усе магчымыя тытулы і званні ў гіравым спорце, — гэта факт.

Спецыяльна для «Звязды» гродзенец адкрыў сваю спартыўную праўду, расказаў, чаму гіра — сябар ад калыскі да глыбокай старасці і ці спрыяльны прагноз у гэтага спорту на Беларусі.


Зорны шлях

«Любоў да жалеза была са мной заўжды», — прызнаецца Яўген Назарэвіч, азіраючыся на вучобу ў родным Шчучыне ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, на службу ў арміі і працоўнае жыццё пасля яе. Хоць тады не верылася, што лёс наканаваў яму рэдкую дарогу.

«Знешне ты вельмі моцны», — ацанілі яго і запрасілі на абласную спартакіяду будаўнікоў. Першы раз — першае месца. І вось ужо 11 гадоў гродзенец здабывае залатыя медалі ў гіравым спорце. Тут і жым, і штуршок. Нават трохгадзінныя марафоны з гірамі ад двух да шасцідзесяці (!) кілаграмаў.

«На саракавой хвіліне змагання за рэкорд Гінеса, калі рукі ўжо сцёртыя да крыві, я адключаю сябе ад рэчаіснасці. Гэта псіхалагічны наркоз, каб дапрацаваць марафон да канца. Мякка кажучы, не самыя прыемныя адчуванні ў маім жыцці, — усміхаецца герой і дадае: — Вось чаму найвялікшае значэнне ў маіх вачах мае кожны рэкорд».

Прыёмам рывок за гадзіну беларус падняў амаль 35 тон. Больш за тысячу разоў узнімалася рука з гірай. Як ні намагаліся ірландзец і амерыканец пабіць паказчык гродзенца — усё марна. Яўген кажа, калі яго рэкорд паб'е беларус, будзе толькі рады. А ліпеньскія выступленні на чэмпіянаце свету ў Італіі прынеслі тры залатыя медалі.

«Кожны з нас змагаецца за каманду. Іншаземцы бачаць гэта і, я бы сказаў, паважаюць, цэняць. Паверце, сапернікі мы толькі на памосце. А так спаборніцтвы — цёплыя сустрэчы старых-новых сяброў. І нават слабае веданне замежных моў не псуе агульнай карціны. Я вось вязу сувеніры, буклеты з радзімы, каб кожны ведаў, якая ў нас прыгожая краіна», — кажа спартсмен.

Жалезныя легенды

«Мой тата — воін-інтэрнацыяналіст. На жаль, яго ўжо няма, загінуў. Ён быў фізічна вельмі развітым чалавекам, салдат навучаў. І канешне, інтарэс да спорту бацька мне перадаў разам з добрай генетыкай, — успамінае гіравік. — Гэта ён прывіў мне працавітасць. Я зараз гавару не пра спорт, а пра стаўленне да любой справы. Тата казаў, каб выконваў работу на 200 %. Усе таленавітыя, а працавітыя — адзінкі».

Цяжка сказаць, чаму Яўген Назарэвіч такі, які ён ёсць. Але хоць спартсмен і цытуе біблейскі наказ «не зрабі сабе куміра», захапленне ў вачах падчас размовы пра свайго легендарнага трэнера ён, канешне, схаваць не можа: «Такіх людзей, як Анатоль Яжоў, у жыцці я больш не сустракаў. Сваім прыкладам ён паказаў, што ўсе бар'еры сціраюцца ў галаве. «Ты можаш!» — гэта галоўнае. Анатоль Мікалаевіч — мой духоўны настаўнік і ў спорце, і па-за ім... Можа, гэта так, таму што я рана страціў бацьку».

«Вядома, я паважаю такіх вялікіх спартсменаў, як Паддубны, Гакендшміт. Мажліва, праз стагоддзе і пра Назарэвіча скажуць, што каня на плячах насіў ці чыгуначныя вагоны пераварочваў. Легенды, яны ж ствараюцца так. Безумоўна, гэтыя людзі былі моцныя. Але некаторыя дэталі нашчадкі дамалявалі самі. З сучаснікаў не можа не захапляць Іван Ціхан. Нядаўна памерлы Аляксандр Курловіч быў жалезны чалавек», — заўважае гіравік.

Яўген Назарэвіч працуе электразваршчыкам на арматурным участку прадпрыемства Гроднапрамстрой». Быў перыяд, калі трэніраваўся цэлую ноч — да пяці ранку, бо ў сем пачыналася праца. Кіраўніцтва пайшло насустрач, і цяпер спартсмен падымае гіры ўвечары. Ён вырас на гэтым прадпрыемстве ад звычайнага аматара схадзіць у трэнажорку да чэмпіёна свету. Сабраў усе тытулы і званні, якія толькі магчымы на сённяшні дзень. Але з рабочай прафесіяй развітвацца не збіраецца.

«Думаю, грэбаваць рабочымі спецыяльнасцямі неразумна, — кажа герой. — У любой сферы чалавек можа стаць паважаным. Я многае раблю рукамі. І канешне, мая вышэйшая адукацыя са мною. І хоць менеджментам не займаюся, але агульны ўзровень універсітэт даў. Вось мой сын хоча быць кухарам. А іх падрыхтоўваюць толькі ў вучылішчах. Няхай будзе кухарам! Я не супраць».

Гіра для ўсіх і кожнага

«Ці іграе ролю ў гіравым спорце генетыка? Кажуць, Паддубны нарадзіўся асілкам», — пытаюся.

«Ну канешне! Шырыня косці, сіла мышцаў. Калі гэта было б няважным, то чэмпіёнаў стала б што дрэў у лесе. Нават антрапаморфныя асаблівасці: у каго рычаг рукі меншы, таму лягчэй падымаць. Хапае невысокіх спартсменаў. У іх гіра практычна над галавой вісіць. Рукі кароткія, амплітуда выштурхвання нашмат меншая, чым у высокага з рукамі па калені. А ў часавым рэгламенце з падлікам тэмпу — гэта проста падарунак прыроды», — усміхаецца Яўген.

Плывец не стане лыжнікам, а лыжнік — плыўцом. Але! Што датычыцца гіравога спорту, гіравік — салдат універсальны. У так званых зарубах паміж кросфіторамі і гіравікамі апошнія перамагаюць. Хоць і ў першых таксама развіта функцыянальная вынослівасць. Але тым не менш цяжкаатлет гіравіком не стане, а гіравік цяжкаатлетам — калі ласка. На думку Яўгена Назарэвіча, гіравы спорт дазваляе разумна развіць сваё цела на карысць здароўю.

Можна смела заявіць, што спорту гэтаму ўсе ўзросты пакорныя. Малодшы сын беларускага чэмпіёна таксама падымае гіру на спаборніцтвах, а яму — увага! — 14 гадоў, а займаецца ён ужо далёка не першы год. Самы стары гіравік, якога бачыў Гродна, — 91-гадовы (!) латыш Паўлюс Гіліс. Таму не дзіва, што Яўген і ў 60 бачыць сябе з гірай. Кажа, што і ў 100, калі дажыве, падыме.

«Гэта класна! Я ўсім рэкамендую. Вось зараз адпачкаваўся гіравы трыятлон. Выступаюць нават у экстрэмальных умовах. На Эльбрус падымаюцца, дзе кіслароднае галаданне, у пустыню. Навошта? Даказаць, што магчымасці чалавечага цела не маюць межаў, — расказвае Яўген. — З'яўляюцца сілавыя спартыўныя шоу-праграмы, сілавое жангліраванне. Выходзіць дзяўчына кілаграм 50 разам з кедамі і жангліруе пудовай гірай, выкідваючы яе ўгору на метраў пяць і ловячы з піруэтамі».

Сёння гэта патэнцыйна самы алімпійскі від спорту. Штогод Беларусь высаджвае на спартыўныя арэны дэсант супергіравікоў, а таму за намі — суперперамогі. Так, землякі ў масавым гіравым спорце трымаюць планетарнае першынство. Гэта беларусам належаць дасягненні ва ўсіх намінацыях, прызнаных штаб-кватэрай Кнігі рэкордаў Гінеса ў Лондане. Гэта беларусы разам з расіянамі вязуць дахаты найбольш медалёў з чэмпіянатаў.

А пакуль наша міжнародная федэрацыя гіравога спорту традыцыйна праводзіць спаборніцтвы «Гіра без межаў», дзе выступаюць як спартсмены высокіх дасягненняў, так і навічкі. Гэта адзіная федэрацыя, якая папулярызуе масавы спорт, калі выступаюць і параалімпійцы, і цэлыя сем'і ад унука да дзеда з гірамі рознай вагі адпаведна. Дарэчы, багаты на такія мерапрыемствы Віцебск. Там праходзілі многія чэмпіянаты. А Яўген Назарэвіч на наступны год плануе чэмпіянат свету ўжо ў Гродне.

Цела гіравіка не будзе перакачаным, як у бодзібілдара. Не, яно хутчэй нагадае грэчаскага «Дыскабола». Ды і дзяўчатам ёсць пра што задумацца: гіра — мегапапулярны снарад у фітнесе, які дае раўнамерную нагрузку на ўсе мышцы, развівае вынослівасць, а галоўнае — хутка пазбаўляе ад лішніх кілаграмаў. І сёння многія жанчыны, што выступаюць на спаборніцтвах з 24-кілаграмовай гірай, паказваюць вынікі, да якіх моцнай палавіне чалавецтва расці і расці.

На плацдарме душы

«Ці глядзіць жонка вашы выступленні?» — цікаўлюся.

«Не! Яна не можа сачыць за імі. Кажа: «Я не магу глядзець, як табе цяжка». Я ж тлумачу, што цяжка мне ў апошні момант, а ў пачатку, канешне, лёгка. (Усміхаецца.) А калі сур'ёзна, нават нягледзячы на рэўнасць да спорту з-за маёй частай адсутнасці дома, яна мяне вельмі падтрымлівае», — адказвае гіравік.

Апошнія тры гады спартсмен жыве ў шчыльным ланцужку спаборніцтваў. Цяпер Яўген Назарэвіч ужо адной нагой на адкрытым чэмпіянаце ЗША, што адбудзецца ў Лас-Вегасе ў межах сусветна вядомага фестывалю «Містар Алімпія». Адпачываць не атрымліваецца. Статус чэмпіёна важыць нямала, і яго гродзенец хоча ўтрымаць на плячах. Тут славалюбства няма ні на грам. Выступленне за каманду, за родную краіну і самае простае жаданне, каб ганарыліся свае дзеці, каб у Шчучыне ганарылася мама, якая збірае кожную газетную выразку пра свайго сына.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.