Вы тут

Жанчына з ДЦП адкрывае краму, дзе будзе прадавацца хэнд-мэйд з усяго свету


Працягваем знаёміць з цікавымі людзьмі, якія ствараюць карысныя для грамадства праекты і дапамагаюць іншым знайсці сябе ў жыцці. Першапачаткова стаўка рабілася менавіта на прадстаўнікоў глыбінкі, тых, хто выбірае вёску і натхняе насельніцтва сваім прыкладам. Сённяшняя гераіня — гараджанка, але яе праект нельга назваць лакальным. Ён дазваляе знайсці сабе занятак жыхару любой мясцовасці. І, што асабліва важна, дае шанц менавіта людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Мы шмат гаворым пра інклюзію, пра тое, што няма розніцы паміж людзьмі здаровымі і асаблівымі, пра тое, што інваліды — паўнавартасныя грамадзяне нашай краіны. Яны, вядома, удзячныя нам за гэта, але ці шмат вы ведаеце прыкладаў, калі побач са здаровымі шчасліва працуюць тыя, чые магчымасці абмежаваныя? Цяпер такая тэрыторыя ёсць. Месца дзеяння — горад Магілёў, вуліца Першамайская, 20.


Так рэалізоўвалася наша ідэя.

Пра магіляўчанку Алесю Цумараву і яе праект «Тэрыторыя людзей» «Звязда» ўжо пісала. На конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй на ўзроўні рэспублікі праект быў прызнаны найлепшым сярод сацыяльных. Яго мэта — даць людзям з абмежаванымі магчымасцямі шанц зарабіць сабе на жыццё і адначасова прынесці карысць грамадству. Ад моманту перамогі на конкурсе да адкрыцця крамы ў Магілёве прайшло ўсяго паўтара года. За гэты час Алеся скончыла безліч курсаў па інтэрнэт-маркетынгу, SMM-прасоўванні і шмат чым іншым. А яшчэ навучылася тынкаваць і разбірацца ў будаўнічых матэрыялах. Бо тое памяшканне па вуліцы Першамайскай, якое выдзелілі пад яе сацыяльны праект, трэба было з паўпадвальнага пераўтварыць у прыдатнае для так званага клуба па інтарэсах. Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, але месца, дзе можна рэалізаваць сувенірную прадукцыю, правесці майстар-клас або арганізаваць навучанне, створана. Урачыстае адкрыццё адбылося на мінулым тыдні.

Чалавек з іншай планеты

Каб навучыцца хадзіць, Алеся перанесла ў дзяцінстве 14 аперацый. Жыццё яе наогул не шкадавала. Яна рана страціла маці, перажыла развод з любімым чалавекам. Але не зламалася. У 35 гадоў пачала жыццё з новага ліста — выйшла замуж і заявіла на конкурс свой праект.

Спачатку думала зрабіць нешта выключна для сябе, але потым рызыкнула стаць карыснай і для іншых. У магілёўскай бізнес-школе ІПМ, куды яна звярнулася, праектам зацікавіліся і дапамаглі ўдасканаліць яго. У выніку ён быў прызнаны найлепшым спачатку на абласным, а потым і на рэспубліканскім узроўні.

На жаль, рэалізаваць яго аказалася больш складана, чым распрацаваць. Грошай катастрафічна не хапала. Было вельмі цяжка і беспрасветна. Ад адчаю яна нават напісала ліст Ніку Вуйчычу. Калісьці была на яго выступленні і нават паспрачалася з ім. Але настаў момант, калі ёй вельмі спатрэбілася яго парада: ці будзе мець поспех яе праект? І ён адказаў: Алеся, ты малайчына. Выйдзеш на міжнародны ўзровень, нагадай пра сябе. Запросім на сустрэчу.

Наогул Алесі вельмі пашчасціла з людзьмі. І першы, хто яе падтрымаў, быў, вядома, муж — Сяргей. Яна кажа, што яго ёй паслаў Бог. Бо яны і пазнаёміліся якраз у той момант, калі ў яе зарадзіліся думкі пра «Тэрыторыю людзей». Ён звярнуў увагу на яе незвычайнае рэзюмэ ў інтэрнэце. Жанчына пісала, што яна інвалід — у яе ДЦП, а з фота глядзела прыгожая незнаёмка. Дамовіліся аб сустрэчы і з тых часоў болей не расставаліся.

«Я раней думаў, што інваліды — гэта людзі з іншай планеты, але пасля сустрэчы з Алесяй зразумеў: розніцы паміж намі няма», — усміхаецца Сяргей.

Алеся з мужам прымаюць падарункі.

Шчаслівыя разам

На палічках — сімпатычныя лялькі, карціны, сурвэткі. Іх аўтары — выключна людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Да нядаўняга часу ўсё гэта захоўвалася ў Алесінай кватэры.

Каб цалкам прысвяціць сябе справе, яна звольнілася з бібліятэкі і вяла гурток рукадзелля для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Ленінскага раёна. А каб рэалізаваць хэнд-мэйд свой і знаёмых, пачала вывучаць попыт праз інтэрнэт. Хутка да Алесі далучыліся ўмельцы з Мінскай, Брэсцкай абласцей.

— Калі гэты праект закруціўся, прыпыняцца было ўжо позна, — расказвае Сяргей. — І нас панесла далей, у нас пачалі верыць людзі з інваліднасцю, чакаць адкрыцця гэтай крамы. Алеся нават жартавала, што калі адмовіцца ад задумкі, трэба будзе мяняць пол, знешнасць, прозвішча і з'язджаць. Для яе гэта стала справай гонару.

— Не крыўдна, што Алеся цалкам прысвяціла сябе сваёй ідэі замест таго, каб аддаць вам свой вольны час? — спрабую справакаваць Сяргея.

— Тое, што ў Алесі ёсць мэта, гэта цудоўна. Я не думаю, што ўвесь свой час яна павінна прысвячаць мне. Я хачу зрабіць яе шчаслівай, а яна — мяне. У нас ужо нават саперніцтва: хто каго больш ашчаслівіць. Калі нам толькі выдзелілі гэта памяшканне, мы... засумавалі. Толькі на адну электрыку трэба было знайсці дзесьці паўтары тысячы долараў. У выніку не ўклалі ні капейкі. Дзякуй спонсарам — гарадской уладзе, дэпутатам, бізнесменам. Гэта яны дапамаглі давесці памяшканне да патрэбнага стану. Шмат дапамагаюць і інваліды, якія хочуць, каб цэнтр працаваў. Яны прыходзілі і працавалі толькі для таго, каб мы хутчэй адкрыліся.

У краме шмат сувеніраў з беларускай сімволікай.

Усім мірам

Тое, што праект унікальны, падкрэсліваюць усе — і прадстаўнікі ўлады, і дэпутаты, і прадпрымальнікі, і тыя, для каго гэта ўсё стваралася. У адрозненне ад камерцыйных крам, якія існуюць для таго, каб зарабляць грошы, сацыяльныя пераследуюць мэту даць рэалізавацца іншым. І без падтрымкі звонку такое доўга не праіснуе. Асаблівасць Алесінага праекта ў тым, што яго чакалі. І таму дружна падставілі плячо. На адкрыццё прыйшло шмат каго з ліку гэтых людзей. Напрыклад, часткова мэбля ў краме — гэта дапамога Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Старшыня арганізацыі Андрэй Мартыноўскі асабіста завітаў павіншаваць шчаслівую «прадпрымальніцу».

— Аказанне дапамогі ўразлівым катэгорыям насельніцтва, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетным сем'ям — адна з першачарговых задач нашай грамадскай арганізацыі, — адзначыў ён. — Вельмі радасна, што ў дадзеным выпадку чалавек з'яўляецца не проста пасіўным атрымальнікам дапамогі, але яшчэ і сам імкнецца быць карысным іншым. Гэта наватарскі праект, і вельмі важна, каб ён развіваўся і прагрэсіраваў. Мы і надалей будзем супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць.

Адной з першых Алесін праект падтрымала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Петрашова.

— Алеся прыйшла да мяне на прыём год таму. Прынесла шмат сваіх вырабаў і — бізнес-план — вельмі дэталёвы, сур'ёзны і прафесійны. Расказала, які важны гэты праект, і папрасіла дапамагчы яго рэалізаваць, — успамінае дэпутат. — Першапачаткова Алесі далі пляцоўку па Пушкінскім праспекце, але арэнда там была занадта высокая. І я патэлефанавала мэру, папрасіла садзейнічання. Алеся пабывала ў яго на прыёме, і на працягу тыдня новая пляцоўка была прапанавана. Потым да справы далучыўся старшыня аблсавета дэпутатаў, дэпутаты гарсавета, прадпрымальнікі. Справа важная. За плячыма Алесі інваліды не толькі вобласці — усёй рэспублікі. Яе праект запатрабаваны, у яго вялікая будучыня. Будзем дапамагаць ёй і далей. Нам яшчэ шмат прыйдзецца працаваць і па стварэнні тут безбар'ернага асяроддзя.

— Алесін праект быў асуджаны на поспех, — кажа дырэктар магілёўскага прадстаўніцтва бізнес-школы ІПМ Ганна Перунова. — Тут было адчуванне не проста праекта, а лідара. Праектаў падаецца шмат, у тым ліку і перспектыўных, але, калі імі не займацца і не развіваць, гэта ні да чога не прыводзіць. Першае выступленне на публіцы давалася Алесі нялёгка, але яна змагалася і ішла наперад. Упэўнена, што праект жыве толькі дзякуючы ёй і Сяргею. Алеся магла павесіць на сцяну дыплом, які атрымала, і нічога не рабіць. Але яна ў сваіх марах бачыла менавіта «тэрыторыю людзей», пляцоўку, дзе можна знаходзіцца і развівацца.

У Алесінай краме будзе прадавацца хэнд-мэйд з усяго свету.

Тры ў адным

Творчы цэнтр складаецца з трох модуляў: крама для рэалізацыі сувеніраў інвалідаў (як удакладняе Алеся, з усяго свету), клуб для тых, хто шукае працу, і студыя прыгажосці.

— Мы будзем даваць магчымасць рабятам прайсці адукацыю па запатрабаваных прафесіях, — кажа Алеся. — Мы навучым, як прадаваць свае сувеніры, працаваць у інтэрнэце, арганізаваць свой бізнес і весці яго на адлегласці. Праз нас ужо рэалізуюць свае вырабы жыхары Магілёўскай, Брэсцкай абласцей, Мінска. Нядаўна пажадалі далучыцца малдаване. Студыя прыгажосці для інвалідаў таксама ўнікальная з'ява. Хачу падняць імідж магілёўскіх дзяўчат-інвалідаў. Незалежна ад інваліднасці, кожны хоча быць прыгожым і запатрабаваным.

Шэфства над школай прыгажосці бярэ кампанія «Фаберлік».

— Асноўная наша задача — паказаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, што яны таксама прыгожыя і могуць стаць яшчэ прыгажэйшымі, — кажа прадстаўнік гэтай фірмы бабруйчанка Вольга Кавалеўская. — Будзем навучаць на прафесійным узроўні візажу, стварэнню вобраза, прычоскі. Збіраемся ўнесці ў жыццё інвалідаў шмат яркіх фарбаў.

Дарэчы, у снежні Алеся і яе аднадумцы збіраюцца правесці ў Магілёве пры спонсарскай падтрымцы кампаніі першы конкурс прыгажосці сярод жанчын з інваліднасцю.

Амбіцыйная магіляўчанка між тым ужо марыць выходзіць на міжнародны ўзровень. І падставы для гэтага ёсць.

— З намі ўжо выказалі жаданне супрацоўнічаць Польшча, Расія. Зараз вядзём перагаворы з Масквой. На мяне выйшаў дэпутат і паведаміў, што яму падабаецца мой праект і ён бы хацеў бачыць нешта падобнае ў Маскве. Не выключана, што ўслед за нашай «Тэрыторыя людзей» паявіцца і ў Казахстане, — кажа Алеся. — Я шчаслівая, што менавіта Магілёў стаў пунктам адліку. У Магілёве 18 тысяч інвалідаў, у вобласці — 54 тысячы, у краіне — 860 тысяч. І шмат хто з іх можа прыносіць радзіме карысць. У мяне адказнасць перад гэтымі людзьмі, я не магу ім проста сказаць: прабачце, нічога не атрымалася. Калі Нік Вуйчыч змог, мы таксама зможам. Гэта той выпадак, калі людзі хочуць працаваць. Нельга пазбаўляць іх надзеі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

P. S. Вы таксама можаце далучыцца да добрай справы і падтрымаць Алесін праект. Вось яе рэквізіты:

ІBAN BY20ALFA30132231730040270000

СВИФТ-ALFABY2X

Загаловак у газеце: Час магчымасцяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.