Вы тут

Падпісаны ўказ, накіраваны на змяншэнне безгаспадарных і аварыйных будынкаў


У беларускіх вёсках больш за 30 тысяч дамоў прызнаныя старымі і звыш 10 тысяч — пустуючымі. Ці з'явяцца на гэтых участках гаспадары? Вырашэнню гэтага пытання будзе спрыяць новы ўказ «Аб пустуючых і старых дамах», які падпісаў учора Прэзідэнт. Больш падрабязна пра новаўвядзенні карэспандэнту БелТА расказала намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела прававога забеспячэння зямельных адносін, геадэзіі і картаграфіі юрыдычнага ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Антаніна ТОРБІНА.


Прамы продаж

Новы ўказ распаўсюджвае сваё дзеянне на ўсю тэрыторыю Беларусі, а не толькі на сельскую мясцовасць, як гэта прадугледжваў Указ № 100, які страціў сілу. Пры гэтым прапануюцца розныя варыянты ўключэння ў абарот пустых і старых дамоў, прызнаных камунальнай уласнасцю. З'явілася магчымасць іх прамога продажу. Адпаведныя прапановы па асобных аб'ектах будуць публікавацца на сайтах мясцовых выканкамаў. Калі на працягу 30 дзён заяву на куплю падасць толькі адзін чалавек, з ім будзе заключаны дагавор куплі-продажу. Правядзенне аўкцыёну прадугледжана пры паступленні некалькіх заяў. Пры гэтым магчымасць прамога продажу ёсць на ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем абласных цэнтраў і Мінска. Аблвыканкамы будуць мець права вызначаць з улікам інтарэсаў дзяржавы і мясцовых умоў іншыя населеныя пункты, на тэрыторыі якіх жылыя дамы будуць адчужацца толькі па выніках аўкцыёнаў.

«Магчымасць арганізацыі прамога продажу даецца з улікам попыту на нерухомасць і з мэтай зніжэння выдаткаў, бо на арганізацыю аўкцыёну патрабуюцца пэўныя грашовыя сродкі, якія пакрывае пераможца аўкцыёну», — адзначыла Антаніна Торбіна.

Зямельны ўчастак у абмен на знос

Упершыню ў грамадзян з'явілася магчымасць атрымаць зямельны ўчастак, не выкупляючы пустуючы або стары дом, на якім ён размешчаны. Але гэта пры ўмове самастойнага зносу такога дома альбо фінансавання падобных работ. Участак можна атрымаць без правядзення аўкцыёну на ўсёй тэрыторыі краіны, за выключэннем абласных цэнтраў. У такіх гарадах участкі могуць быць атрыманыя без аўкцыёну толькі грамадзянамі, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, і ў Мінску — толькі шматдзетнымі сем'ямі, якія стаяць на такім уліку.

У якім выпадку дом прызнаецца пустуючым або старым

Для выяўлення такіх дамоў спецыяльныя камісіі пры мясцовых выканкамах будуць двойчы ў год аглядаць нерухомасць на адпаведных тэрыторыях. Указам пашыраны склад гэтых камісій і дэталёва рэгламентаваны парадак іх работы.

Раней былі ўстаноўлены больш жорсткія ўмовы для прызнання жылых дамоў пустуючымі: неабходнасць пражывання ў іх уладальнікаў не менш за месяц на працягу кожнага года на працягу трох гадоў.

«Цяпер не будуць прызнавацца пустуючымі дамы, у якіх асобы, якія маюць права валодання і карыстання імі, пражывалі на працягу апошніх трох гадоў хоць бы адзін дзень. Пустыя дамы будуць вызначаць камісіі пры візуальным аглядзе. Калі ўстановяць відавочную адсутнасць жыхароў на працягу доўгага часу, будзе правярацца наяўнасць аплаты камунальных плацяжоў, расходу электраэнергіі, — растлумачыла Антаніна Торбіна. — У складзе камісій будуць і прадстаўнікі органаў унутраных спраў, якія апытаюць суседзяў, ці прыязджалі ў дом уласнікі або іншыя асобы, якія маюць права валодання і карыстання ім. Матэрыялы апытання, фатаграфіі будуць прыкладацца да заключэння камісіі. На падставе праверкі ўсіх абставін мясцовыя выканкамы будуць прымаць рашэнне аб уключэнні дома ў рэестр пустуючых дамоў».

Паведамленне пра намер выкарыстоўваць жылы дом для пражывання зараз можна падаваць у мясцовы выканкам не толькі асабіста, але і звычайным лістом, па электроннай пошце, факсе — любым даступным спосабам. Пры гэтым такое паведамленне можа падаць не толькі ўласнік, але і іншыя асобы, якія маюць права валодання і карыстання жылым домам, пры прадстаўленні пацвярджальных дакументаў. Падаўшы паведамленне, уладальнік дома абавязваецца ўтрымліваць зямельны ўчастак у належным стане.

Да старых папярэдні ўказ адносіў усе дамы, прызнаныя непрыдатнымі для пражывання, у якіх грамадзяне, што маюць права карыстання імі, не пражывалі на працягу года і не прымалі мер да іх аднаўлення. Згодна з дзейным заканадаўствам, камісіі будуць працаваць толькі з аварыйнымі і блізкімі да абвалу дамамі, даведзенымі да такога стану безгаспадарчымі дзеяннямі ўласніка.

«Стан дома будзе ацэньвацца на падставе візуальнага агляду. У склад камісіі ўвойдуць прадстаўнікі арганізацый, здольныя вызначыць адпаведнасць дома крытэрыям, якія дазваляюць аднесці яго да аварыйных або, да такіх, што знаходзяцца пад пагрозай абвалу. Мясцовы выканкам будзе падаваць заяву ў суд аб выкупе такога дома або продажы з публічных таргоў, калі пасля накіравання паведамленняў уласнік не прыступіў да яго аднаўлення, не звярнуўся па атрыманне дазволу на рэканструкцыю і не згодны знесці яго», — расказала Антаніна Торбіна.

Мінімальныя тэрміны аднаўлення або зносу дамоў падаўжаюцца да года. Пры гэтым калі ва ўласніка былі ўважлівыя прычыны, якія перашкаджалі аднаўленню дома, то пра іх можна паведаміць выканкаму, і гэты тэрмін можа быць прадоўжаны.

Максімальная абарона інтарэсаў уласнікаў

У новым указе прапісаны механізм магчымага вяртання ўласніку пустуючага або старога жылога дома, ужо перададзенага ў камунальную ўласнасць. Калі ўласнік не падаў паведамленне ў выканкам і ў яго былі на гэта ўважлівыя прычыны, якія невядомыя мясцоваму выканкаму, то гэты дом павінен быць яму вернуты (рашэнне прымае суд). Ва ўказе таксама прадугледжана магчымасць выплаты за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў кампенсацыі, калі дом знеслі, альбо выплаты грошай, выручаных ад продажу дома, калі дом быў адчужаны.

Новы дакумент захаваў базавыя падыходы ранейшага ўказа, якія паказалі сваю эфектыўнасць. Разам з тым ён пашырае магчымасці для ўключэння старых і пустуючых дамоў у абарот, пакідаючы ўласнікам вялікія магчымасці для захавання маёмасці.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?