Вы тут

Будзем з бульбай і з яблыкамі


А яшчэ сёлета ў нас урадзілі чарніцы — у сем разоў больш, чым летась.

Эксперты разлічваюць, што сёлета ва ўсіх катэгорыях гаспадарак збяруць каля 6,2 мільёна тон бульбы, 1,8 мільёна тон агародніны і 534 тысячы тон пладоў і ягад, паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна КАРБАНОВІЧ. Гэты ўраджай дазволіць забяспечыць як патрэбы ўнутранага рынку, так і пастаўкі на экспарт. Арганізацыі ўжо пачалі збор агародніны і садавіны.


Пладоў і ягад ужо ў разы больш

Па даных на 5 верасня, у краіне ўжо ўбрана 3,5 тысячы гектараў бульбяных палеткаў (12 %), накапана 113 тысяч тон клубняў пры сярэдняй ураджайнасці 332 ц/га. Сабрана 121 тысяча тон агародніны (113 % у адносінах да даных на аналагічную дату мінулага года), 10,4 тысячы тон пладоў і ягад (у тры разы больш, чым летась). Ураджайнасць па многіх культурах вышэйшая за мінулагодні ўзровень. У прыватнасці, чакаецца багаты ўраджай яблыкаў. Найбольшыя аб'ёмы пладоў збяруць аграрыі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.

Запас бяды не чыніць

Сёлета плануецца нарыхтаваць на насенне 190 тысяч тон бульбы, на прамысловую перапрацоўку — 180 тысяч тон, у гандлёвыя арганізацыі, на закладку стабілізацыйных фондаў — 165 тысяч тон. Каля 645 тысяч тон караняплодаў плануецца рэалізаваць на рынках і кірмашах, а таксама накіраваць на экспарт. Што датычыцца агародніны, то 180 тысяч тон паступіць у гандлёвую сетку, яшчэ 40 тысяч тон — на перапрацоўку, 349 тысяч тон — у продаж на кірмашах і рынках. Для захоўвання прадукцыі ў сельгасарганізацыях створаны неабходныя ўмовы. Так, магутнасць бульбасховішчаў складае 775 тысяч тон, агароднінасховішчаў — 158 тысяч тон, пладасховішчаў — 103 тысячы тон.

Таццяна Карбановіч кажа, што асноўныя віды прадукцыі ў спецыялізаваных сховішчах сельскагаспадарчых арганізацый захоўваюцца да новага ўраджаю. У мінулым годзе на экспарт рэалізавана 391 тысяча тон бульбы, 366 тысяч тон агародніны і 33 тысячы тон садавіны. Падобна на тое, што ў гэтым сезоне за мяжу мы прададзім яшчэ больш.

Буякі, журавіны, вінаград...

Паводле слоў спецыяліста Мінсельгасхарча, пакуль айчынныя вытворцы не ў поўнай меры забяспечваюць патрэбнасці рынку ў яблыках і іншай садавіне, а таксама ягадах. У краіне прынята праграма, якая прадугледжвае развіццё пладаводства і аграрнага бізнесу. У тым ліку вытворцам аказваецца дзяржаўная падтрымка. Штогод у краіне плануецца закладка 500 га садоў. Сёлета вясной саджанцы ўжо высаджаны на плошчы каля 100 га. Асноўныя пасадкі запланаваны на восень.

Дзяржаўная падтрымка аказваецца на конкурснай аснове, у гэтым годзе пераможцамі конкурсаў сталі 35 арганізацый. За кошт плоданашэння маладых садоў, як чакаецца, да 2020 года вытворчасць пладова-ягаднай прадукцыі павялічыцца да 160 тысяч тон. У апошнія гады ў краіне пашыраюцца плантацыі такіх культур, як буякі, аронія, журавіны і вінаград.

...і кавуны

Бахчавыя культуры мы на прамысловай аснове сталі вырошчваць досыць нядаўна. Сёлета кавуны былі высаджаны на плошчы каля 26 гектараў, асноўныя ўчасткі размешчаны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Аграрыі разлічваюць атрымаць ураджай не меншы за мінулагодні — каля 500 тон. Ужо сабрана каля сямі тон.

Валюта і самім патрэбна

Сёлета сталі менш закупляць за мяжой агародніны і садавіны, паведаміла намеснік начальніка аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Таццяна КРАСНЮК. А ў выніку ў І паўгоддзі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года імпарт бульбы скараціўся на 54 %, цыбулі і часнаку — на 79 %, таматаў — на 41 %, капусты — на 34 %, агуркоў — на 29 %, яблыкаў — на 64 %.

Удзельная вага продажу беларускай агародніны і грыбоў у студзені — чэрвені склала 70,4 %. Па некаторых пазіцыях гэтая доля значна вышэйшая. Так, каля 91 % рэалізуецца ў гандлёвай сетцы цыбулі айчыннай вытворчасці, тады як летась — толькі 61 %, яблыкаў — 20 % (плюс 4 %). Міністэрства трымае на кантролі пытанні пастаўкі ў крамы айчыннай прадукцыі. Праводзіцца маніторынг гандлёвых аб'ектаў.

Таццяна Краснюк нагадала, што ўвосень ва ўсіх рэгіёнах краіны пройдуць сельскагаспадарчыя кірмашы. Сезон стартуе з 15 верасня, а ўжо з 22 верасня абавязкова арганізуюцца кірмашы выхаднога дня. Акрамя таго, вытворцам у гарадах выдзяляюцца пляцоўкі для рэалізацыі агародніны і садавіны. Так, у Мінску на 16 рынках арганізавана каля трох тысяч месцаў, дзе гаспадаркі, фермеры, фізічныя асобы, прадпрыемствы спажыўкааперацыі могуць рэалізоўваць сваю прадукцыю. Пенсіянерам і інвалідам такая паслуга аказваецца бясплатна.

Эксперт агучыла лічбы, якія характарызуюць густы беларусаў у ежы. Па спажыванні бульбы на душу насельніцтва мы займаем першае месца сярод краін постсавецкай прасторы — 171 кг штогод. Напрыклад, ва Украіне і Расіі гэтыя лічбы складаюць 140 кг і 113 кг адпаведна. Што датычыцца бахчавых культур і агародніны, прадуктаў іх перапрацоўкі, то краіна тут займае пятую пазіцыю. Кожны беларус спажывае ў год 146 кг такой прадукцыі. А вось па садавіне мы недацягваем — 90 кг пры норме 98,6 кг.

Ягады збіралі цэлымі вёскамі

Белкаапсаюз сёлета закупіў у насельніцтва ў сем разоў больш чарніц, чым летась, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення нарыхтовак рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Юрый САКАЛОЎСКІ.

Толькі чарніц было нарыхтавана 1,8 тысячы тон. Зараз арганізавана закупка журавін, дурніц і грыбоў, а таксама яблыкаў. У сярэднім, па словах Юрыя Сакалоўскага, Белкаапсаюз у год закупляе сельскагаспадарчай прадукцыі і дзікарослай сыравіны на 250—300 млн, у тым ліку ў насельніцтва — на 120—150 млн рублёў. Перад пачаткам сезона праводзяцца сустрэчы з фермерамі ў абласцях, вызначаюцца аб'ёмы і віды прадукцыі, абмяркоўваюцца пытанні цэнаўтварэння.

— За восем месяцаў ужо закупілі прадукцыі на 200 мільёнаў рублёў, у тым ліку ў насельніцтва — на 110 мільёнаў. Закупляем па цэнах, сфарміраваных рынкам, зыходзячы з попыту і прапановы, — адзначыў Юрый Сакалоўскі.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?